Хто побач са Шрубам?

Сяляне-ўласнікі палескага рэгіёна, валодаючы 1 працэнтам сельгасугоддзяў, даюць штогод у сярэднім 1,4 працэнта валавай прадукцыі палёў і фермаў вобласці. Важна яшчэ і тое, што фермеры з поспехам асвойваюць новыя ці раней занядбаныя галіны вытворчасці: вырошчваюць шыншыл, норак, трусоў, коз, страусаў, трымаюць пчол, узмоцнена пашыраюць сады і агароды. У апошні час яны пачалі смялей ісці на вядзенне жывёлагадоўлі і пашырэнне кармавых угоддзяў. На Гомельшчыне даўно не было такой прадстаўнічай нарады фермераў, як апошняя. У госці да кіраўнікоў самастойных сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак завіталі намеснік міністра сельскай гаспадаркі Васіль Паўлоўскі, старшыня аблсельгасхарчу Валянцін Бабок, іншыя афіцыйныя асобы, якія маюць непасрэднае дачыненне да сельскай гаспадаркі.

Паездка Прэзідэнта Беларусі ў Жыткавіцкі раён падштурхнула вырашэнне фермерскіх праблем

Сяляне-ўласнікі палескага рэгіёна, валодаючы 1 працэнтам сельгасугоддзяў, даюць штогод у сярэднім 1,4 працэнта валавай прадукцыі палёў і фермаў вобласці. Важна яшчэ і тое, што фермеры з поспехам асвойваюць новыя ці раней занядбаныя галіны вытворчасці: вырошчваюць шыншыл, норак, трусоў, коз, страусаў, трымаюць пчол, узмоцнена пашыраюць сады і агароды. У апошні час яны пачалі смялей ісці на вядзенне жывёлагадоўлі і пашырэнне кармавых угоддзяў. На Гомельшчыне даўно не было такой прадстаўнічай нарады фермераў, як апошняя. У госці да кіраўнікоў самастойных сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак завіталі намеснік міністра сельскай гаспадаркі Васіль Паўлоўскі, старшыня аблсельгасхарчу Валянцін Бабок, іншыя афіцыйныя асобы, якія маюць непасрэднае дачыненне да сельскай гаспадаркі.

СТРЫЖАНЬ размовы ва ўступным слове акрэсліў старшыня асацыяцыі фермераў вобласці Міхаіл Байда — які лёс фермерскага руху заўтра?

Галіновыя ведамствы, працяглы час знаходзячыся паміж дзвюма процілегласцямі — развіваць ці згортваць фермерскі рух  — нарэшце прыйшлі да высновы: у вёску трэба вяртаць колішняга селяніна, але на аснове сучасных тэхнічных магчымасцяў і навукова абгрунтаваных тэхналогій.

Гэты накірунак, здаецца, падштурхнула і паскорыла паездка Прэзідэнта   краіны   Аляксандра  Лукашэнкі ў Жыткавіцкі раён, дзе ён дэталёва азнаёміўся з фермерскай гаспадаркай Міхаіла Шруба. Таго Міхаіла Рыгоравіча, які, між іншым, пры агульным жаданні і па волі аднавяскоўцаў з вялікай цяжкасцю дамогся далучэння да сваіх уладанняў мясцовага калгаса “Шлях да камунізму”, як кажуць, з усімі яго трыбухамі, пачынаючы ад колькаснага складу калгаснікаў і канчаючы запазычанасцю перад дзяржавай. Сёння ўзбуйненая гаспадарка з’яўляецца прыкладам для аграрнай галіны краіны.

Доказ таму навідавоку. Гаспадарка Шруба адзіная ў Рэспубліцы Беларусь атрымала дазвол галандскай кампаніі HZPC на вырошчванне элітнага насення і вядзенне селекцыі сартоў яе бульбы. На новым свінагадоўчым комплексе, дзе забяспечана атрыманне больш чым 700-грамовага сутачнага прыбаўлення ў вазе маладняку, выкарыстоўваюцца перадавыя еўрапейскія тэхналогіі.

Сутнасным этапам у змене поглядаў на фермерства стала сёлетняя сустрэча старшыні аблвыканкама Аляксандра Якабсона з кіраўнікамі фермерскіх гаспадарак, па выніках якой быў падпісаны пратакол даручэнняў. Гэтым пратаколам прадугледжваецца набыццё фермерамі сельгастэхнікі ў лізінг на ільготных умовах, прэпаратаў для інтэнсіўнага садаводства, атрыманне ільготных крэдытаў, уключэнне інвестыцыйных праектаў “індывідуалаў” у дзяржаўныя праграмы, выдзяленне дадатковых зямельных участкаў. На чарзе — прыняцце агульнадзяржаўнай пяцігадовай праграмы па наданні трываласці фермерскаму руху ў краіне.

Якім чынам узнімаць на новую вышыню перспектыўны рух на вёсцы? Ніхто з фермераў не падае нават прыкмет таго, што ён ідзе ў наступ на дзяржаўныя і кааператыўныя гаспадаркі, замену іх. Для сябе ўсе яны адводзяць даволі сціплую ролю: як мага паўней вярнуць страты ў вытворчасці сельгаспрадукцыі ў сувязі са старэннем і скарачэннем жыхароў сельскіх населеных пунктаў. На нарадзе фермераў прапаноўвалася, у прыватнасці, каб асцірацелыя прысядзібныя ўчасткі па першай заяве перадаваліся тым, хто мае сілы і магчымасці вырошчваць, скажам, часнок, цыбулю, бульбу на рэалізацыю, травы ці іншыя кармавыя культуры для жывёлы на ўласным падворку. Па-ранейшаму выказвалася заклапочанасць тым, што калектыўныя гаспадаркі іншым разам даводзяць тэхніку да стану металалому, але не пагаджаюцца прадаваць яе фермерам па астаткавым кошце.

Прысутныя на нарадзе фермеры з сельскіх раёнаў Гомельшчыны з задавальненнем сустрэлі такі паварот у іх лёсе. Калі быць больш дакладным, дык дзяржава нарэшце па высокім рахунку пачынае рэабілітацыю сапраўднага селяніна, якому на працягу ўсёй гісторыі калгасна-саўгаснай сістэмы не дазвалялася па-сялянску думаць і працаваць, мець уласныя тэхнічныя сродкі і нават каня.

МАЯ памяць захавала такі выпадак. У адной з вёсак Рагачоўскага раёна настаўнік напаткаў нічыйнае жарабя, завёў яго ў двор і праз аб’яву ў раённай газеце спрабаваў адшукаць гаспадара бяздомнай жывёліны. Гаспадар не адгукнуўся, і педагогу нічога не заставалася, як даць прытулак таму коніку ў сваім хляве і ў будучым займець асабістую цяглавую сілу. Аднак… Праз пэўны час, калі жарабя стала рабочым канём, педагогу было загадана тэрмінова здаць яго на канюшню мясцовай гаспадаркі: “Не маеш права станавіцца эксплуататарам...”

Вестка аб “нічыйным жарабяці” дакацілася да маскоўскай “Литературной газеты”. З Белакаменнай прыехаў фотажурналіст, зрабіў здымак настаўніка разам з канём, якому была адведзена добрая палова першай паласы газеты з кароткім подпісам і пытаннем: “Калі дзяржава ўсё-такі дазволіць галоўнаму кармільцу краіны трымаць каня?”

Здымак-пытанне стаў своеасаблівым пробліскам у тумане калгасна-саўгаснай сістэмы. Светлай раніцай новага дня для хлебаробаў сталася права на атрыманне зямлі і завядзенне ўласнай хлебаробскай справы. Здаецца, той пробліск і тая раніца новага дня набіраюць моц і пераходзяць у цёплы сонечны дзень. Каня сёння можа трымаць кожны, хто не лянуецца. Дзякуючы гэтаму канчаткова не даведзены да заняпаду агароды састарэлых сялян, а дзяржава і гараджане атрымліваюць дадатковую танную прадукцыю. Цяжка ўявіць, якія цэны на нашу беларускую бульбу былі б сёння на рынках вялікіх і малых гарадоў, калі б у Беларусі не з’явіліся таварыствы садаводаў (так званыя дачнікі), а да іх не далучыліся фермерскія гаспадаркі.

НЕ  ДАДЗІМ жа таму пробліску і той раніцы новага дня затуманіцца зноўку. Рэабілітацыя селяніна-прыватніка павінна працягвацца і мець незваротны характар пры ўсіх астатніх прымальных формах вытворчасці на вёсцы.

Мікола ЕРМАКОЎ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter