В Докшицком районе доля местных видов топлива в ЖКХ - 91,7%, а Бегомль целиком перешел на дрова

Хто па газ, а ў Докшыцах па дровы

В Докшицком районе доля местных видов топлива в ЖКХ - 91,7%, а Бегомль целиком перешел на дрова
У ДОКШЫЦКIМ раёне доля мясцовых відаў паліва ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы скаладае 91,7 працэнта, а гарадскі пасёлак Бягомль цалкам перайшоў на дровы.

Галоўны інжынер РУП ЖКГ “Докшыцы-Камунальнік” Дзмітрый ЛЯЖНЕВIЧ
правярае якасць трэсак.

З ГАЛОЎНЫМ інжынерам РУП ЖКГ “Докшыцы-Камунальнік” Дзмітрыем Ляжневічам зазірнулі ў цэнтральную кацельню. Пад павеццю і на самой асфальтаванай тэрыторыі гара трэсак, якія транспарцёр падае ў два катлы. Цішыня. Нават не чутно, як згарае паліва. Тэмпература вады на выхадзе — 76 градусаў. 

— Гэтага дастаткова, — тлумачыць работнік кацельні Аляксандр Лазар, — бо на двары адліга. 

— А калі маразы?

— У вельмі моцныя часткова выкарыстоўваем газавы кацёл, але гэта  рэдкасць, бо зімы цяпер даволі лёгкія.

— Людзі не скардзяцца?

— Не. Дарэчы, да гэтай кацельні падключаны і мой уласны дом. 

Фізічнай работы няшмат: выграбці попел з катлоў, падтрымліваць чысціню. Асноўная ж — сачыць за прыборамі. 

Два гады таму кацельню рэканструявалі — устаноўлены два магутныя катлы па 2 МВт кожны. Адзіны газавы кацёл, які яшчэ час ад часу зімой падключаюць, праз год-два таксама хутчэй за ўсё будзе закансерваваны, бо ў кацельні плануецца ўстанавіць яшчэ адзін кацёл, які працуе на трэсках на 4 МВт. I тады Докшыцы, як і Бягомль, цалкам стануць ацяпляцца мясцовым палівам.

Вядома, гэта ў сваю чаргу дастаўляе нямала турбот і праблем. Адно — адкрыць клапан прыроднага газу і не мець больш ніякіх клопатаў, а другое — нарыхтаваць у лесе дровы, вывезці іх, назапасіць у неабходнай колькасці трэсак. 

Да гонару докшыцкіх камунальнікаў, гэтыя пытанні паспяхова вырашаюцца.

Канечне, вялікую дапамогу аказвае Бягомльскі лясгас, дзе наладжана вытворчасць гэтых самых трэсак. У справу ідуць абрэзкі дошак, брусоў і нават галінкі дрэў. За змену нарыхтоўваецца да 100 кубічных метраў паліва. Аднак і самі камунальнікі не “спяць у шапку”. Задзейнічаны дзве брыгады па нарыхтоўцы дроў. Адна ў Бягомлі, другая — у Докшыцах. За 9 месяцаў яны назапасілі іх 12,5 тысячы кубічных метраў.

Што ж дае Докшыцам і раёну ў цэлым выкарыстанне ў такіх вялікіх аб’ёмах мясцовых відаў паліва? Галоўны эканаміст “Докшыцы-Камунальнік” Эліна Падляшчук называе наступныя лічбы: каб атрымаць адну гігакалорыю цяпла, трэба спаліць прыроднага газу на 75,45 рубля, трэсак — на 44,61, дроў — на 28,41, фрэзернага торфу — на 20,35 рубля. Да таго ж газ, як вядома, трэба купляць за валюту. Каментарыі тут лішнія.

Ёсць яшчэ адзін важны момант. Раней у Докшыцах было 10 дробных кацельняў, пасля мадэрнізацыі іх колькасць скарацілася да чатырох. 

На наступны год докшыцкія камунальнікі ставяць задачу давесці выкарыстанне мясцовых відаў паліва да 93 працэнтаў. У раёне засталася, па сутнасці, толькі адна чыста газавая кацельня ў пасёлку Крулеўшчызна. Аднак, улічваючы, што там амаль побач знаходзіцца торфазавод, рэальна ў будучым перавесці яе на больш таннае мясцовае паліва. 

Згодна інфармацыі начальніка ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага аблвыканкама Юрыя Дзядзёлы, за 9 месяцаў у балансе вобласці мясцовыя віды паліва занялі 66,8 працэнта. Да канца года лічба вырасце да 70 працэнтаў, а ў наступным — да 75.

Завяршаецца дадаткова да задання рэканструкцыя кацельні ў пасёлку Андрэеўшчына Аршанскага раёна, дзе будуць устаноўлены два катлы магутнасцю 5 МВт. Вядзецца мадэрнізацыя кацельных для работы на пелетах у Дубровенскім, Лепельскім, Лёзненскім, Аршанcкім, Сенненскім, Шаркаўшчынскім і Шумілінскім раёнах.

saulich@bk.ru

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter