Хто не рызыкуе, той не развіваецца

ВОСЬ і падышлі мы да заключнага, пятага пісьма з Міёрскага раёна. Пачаць яго хочацца з галоўнай хвалюючай падзеі, якая чакае Міёры ў наступным годзе: 500-годдзе з першага ўпамінання ў гістарычных дакументах.

ВОСЬ і падышлі мы да заключнага, пятага пісьма з Міёрскага раёна

ВОСЬ і падышлі мы да заключнага, пятага пісьма з Міёрскага раёна. Пачаць яго хочацца з галоўнай хвалюючай падзеі, якая чакае Міёры ў наступным годзе: 500-годдзе з першага ўпамінання ў гістарычных дакументах.

V. Металургічны завод пацягне за сабой цэлы сацыяльны шлейф

ПАДРЫХТОЎКА да гэтай даты пачалася яшчэ летась, і шмат чаго ўдалося зрабіць як у самім горадзе, так і на прадпрыемствах, у арганізацыях і ўвогуле ў раёне.

Змянілі сваё аблічча многія вуліцы, будынкі, зоны адпачынку. Адліта па-новаму з чыгуну скульптура салдата на плошчы Загінулых барацьбітоў.

Адрамантаваны кінатэатр, раённы Дом культуры, фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам. З’явілася міні-футбольнае поле са штучным пакрыццём. Дзякуючы трансгранічнаму супрацоўніцтву па праекце «Бела-Дзвіна», адкрыта спартыўная пляцоўка. Прывяло ў парадак свае гандлёвыя кропкі раённае спажывецкае таварыства. У тым ліку — цэнтральны ўнівермаг. Абнавілася фірменная крама «Гурман» мясакамбіната. Вырас цэлы мікрараён шматкватэрных дамоў для маладых сем’яў. Побач — дзіцячая пляцоўка. Між іншым, падобных пляцовак у Міёрах ажно сем, і на гэту тэму быў праведзены тут у свой час нават абласны семінар.

Канечне, шмат яшчэ патрэбна паспець, і работы разгорнуты шырокім фронтам у першай і трэцяй гарадскіх школах, дзіцячых садках, на гарадскім стадыёне, паўвостраве, дзе праходзяць цяпер усе святочныя мерапрыемствы, і іншых месцах.

ВЯДОМА ж, самым лепшым падарункам да свята для міёрцаў стала б здача цэнтральнай раённай бальніцы, даўгабуда з 1992 года. Міёры — ці не адзіны раён у рэспубліцы, які не мае нармальнай медыцынскай установы. Галоўны ўрач ЦРБ Алена Сівая абмалявала сітуацыю наступным чынам:

— Бальніца маральна і фізічна ўстарэла. Яе аддзяленні знаходзяцца ў 11 асобных будынках. Прычым інфекцыйнае — ажно за 6 кіламетраў. Перагружана паліклініка.  У кабінеты ператварылі нават калідоры... Не ў лепшым становішчы стаматалогія. І нават у такіх выключных умовах урачы імкнуцца аказаць належную медыцынскую дапамогу насельніцтву.

Меркавалася, што з уводам новай бальніцы паліклініка пераедзе ў яе стары лепшы корпус. Аднак з-за фінансавых цяжкасцей будоўля вядзецца далёка не такімі тэмпамі, як хацелася б, і пуск аб’екта пераносіцца з году ў год. Сёлета, напрыклад, асвоена ўсяго 13 мільярдаў рублёў, а патрэбна яшчэ 108 мільярдаў. Радуе тое, што галоўны корпус урэшце пад дахам, зашклёны, пададзена цяпло, і там інтэнсіўна ідуць унутраныя работы. Завяршэнне будоўлі намечана на чацвёрты квартал 2014 года.

ЯШЧЭ адна сур’ёзная праблема горада ўзнікла з... прыемнага факта.

У Міёры ў 2007 годзе падалі прыродны газ. Гэта вялікая выгада для людзей. Бяда толькі вось у тым, што каб падвесці блакітнае паліва да жылых дамоў, даводзіцца ўзрываць на вуліцах асфальт, а пакласці новы няма магчымасці. Надта вялікія сродкі патрэбны, што не пад сілу раённаму бюджэту. Поўнасцю заасфальтаваць удалося толькі адну вуліцу, імя Кірава. У астатніх выпадках або траншэі засыпаюцца гравіем, або праводзіцца ямачны рамонт.

У гэтым выпадку, напэўна, было б не лішнім, каб Міёрам была аказана падтрымка з абласнога ці рэспубліканскага бюджэту.

Тым не менш, як бы ні складваліся абставіны, міёрцы да паўтысячагадовага юбілею свайго горада рыхтуюцца заўзята, з настроем. Вялікая нагрузка лягла на жыллёва-камунальную гаспадарку. Але большасць пытанняў вырашаецца «талакой». Арыенцірам, як упамянула намеснік старшыні райвыканкама Марыя Баніфатава, служыць суседняе Глыбокае, якое непазнавальна змянілася, рыхтуючыся да Дня пісьменства. Як і ў Глыбокім, пры правя- дзенні сёлета там «Вішнёвага фестывалю», мерапрыемствы па святкаванні 500-годдзя Міёр распісаны на цэлы тыдзень.

Праведзены і своеасаблівыя рэпетыцыі будучага свята. У Міёрах  у гэтым годзе прайшлі традыцыйны абласны фестываль нацыянальных культур «Нас з’яднала Беларусь» і рэспубліканскі экалагічны фестываль «Жураўлі і журавіны», якія праведзены на высокім арганізацыйным і культурным узроўні і нікога не пакінулі раўнадушнымі.

 Ігар КУЗНЯЦОЎ, старшыня Міёрскага  райвыканкама:

 Маналог пяты — заключны

— Вернемся да таго, з чаго пачынаў: будаўніцтва ў Міёрах металургічнага завода коштам у 250 мільёнаў еўра за сродкі замежнага інвестара. Гэты факт цяжка пера- ацаніць. Так, будзе створана 500 новых рабочых месцаў з зарплатай кожнага рабочага да 1000 долараў ЗША. Насельніцтва Міёр  узрасце да 10 тысяч чалавек.

І гэта яшчэ не ўсё і, магчыма, не самае галоўнае. Пуск металургічнага камбіната карэнным чынам пераменіць жыццё жыхароў райцэнтра, пацягне за сабой цэлы сацыяльны шлейф.

Пачну з цэнтральнай раённай бальніцы. Адкрыць яе да юбілею — мая мара. І гэта мы пастараемся зрабіць. Нам на наступны год будзе выдзелена звыш за 100 мільярдаў рублёў. Крыніцы фінансавання розныя: частка раённага бюджэту, частка абласнога і рэспубліканскага. Міністэрства аховы здароўя паставіць абсталяванне. За гэта мы ўдзячны дзяржаве.

Але ж бальніца — гэта не адзіны медыцынскі аб’ект. Ёсць яшчэ паліклініка, якая патрабуе значных укладанняў як у рамонт, так і аснашчэнне. Адчуваецца і дэфіцыт медыцынскіх работнікаў. Вядома, тут сказваюцца і ўмовы работы, і пэўныя праблемы з жыллём. І дырэкцыя металургічнага завода не застанецца ўбаку ад гэтых праблем, бо работнікі прадпрыемства будуць абслугоўвацца на ўзроўні з усімі пацыентамі новай бальніцы.

Насельніцтва катастрафічна старэе. І ў сувязі з гэтым таксама ўзнікае нямала праблем. Асабліва для нашага Міёрскага раёна, якому ў спадчыну дасталася хутарная сістэма: сёння маем ажно 454 населеных пункты. У некаторых вёсачках пражывае па аднаму-два пенсіянеры. І да кожнага такога хутара зімой трэба расчысціць дарогу, тры разы на тыдзень падвезці на аўталаўцы прадукты. Райспажыўсаюз спраўляецца з гэтым. Але якія выдаткі! Таму мы вядзём палітыку, каб пажылых людзей з хутароў забіраць на зіму ў так званыя Дамы кругласутачнага знаходжання. Рэканструкцыя аднаго такога пансіяната зараз заканчваецца ў Дзісне,  абы- дзецца яна амаль у мільярд рублёў.

Пуск металургічнага камбіната паўплывае на сферы гандлю, культуры. Яны будуць развівацца зусім іншымі тэмпамі. Будзе ў людзей больш грошай — захочацца іх патраціць. Куды пайсці? У кафэ, рэстаран. Між іншым, толькі ў Міёрах (з усіх райцэнтраў) ёсць кафэ на возеры – «Блакітная лагуна». Ёсць паўвостраў, дзе любяць бавіць час людзі любога ўзросту. У вялікіх гарадах стала модным зноў наведваць кінатэатры. Нават чэргі на прагляд кінафільмаў. Думаю, адновіцца гэта традыцыя і ў нас.

Узвядзенне завода скажацца не толькі на горадзе, але і на аграрным сектары, які заўсёды быў нялёгкім, хаця ў апошнія гады ў ім зроблена нямала. Асабліва па рэканструкцыі жывёлагадоўчых памяшканняў. Нядаўна ўведзены ў эксплуатацыю буйны жывёлагадоўчы комплекс «Мілашова» ў сельгаспрадпрыемстве «Міёрскі», новая малочна-таварная ферма ў ААТ «Пад’ельцы». Практычна ў кожнай гаспадарцы ёсць перамены ў гэтым напрамку. Але, шчыра кажучы, хацелася б большага. Фінансавых сродкаў не заўсёды хапае, каб укласціся ў вызначаныя тэрміны, адведзеныя на ўвод у эксплуатацыю жывёлагадоўчых аб’ектаў. Ды і ў саміх аграгарадках яшчэ шмат чаго трэба зрабіць. Мы і рады дапамагчы з раённага бюджэту, але далёка не заўсёды атрымліваецца. Не такія вялікія пакуль што крыніцы яго папаўнення.

І зноў тут спадзяванні на металургічны завод. Я прыводзіў гэту лічбу і паўтару яшчэ раз: пуск азначанага прадпрыемства дазволіць папоўніць раённы бюджэт адразу на чвэрць. І гэта толькі па папярэдніх падліках.

А калі глядзець далей і глыбей, то будаўніцтва металургічнага завода ў Міёрах па выпуску белай бляхі, фольгі — гэта прарыў у лёгкай і харчовай прамысловасці Беларусі. Не буду хадзіць далёка за прыкладамі. Наш сусед, ААТ «Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат», закупляе бляху ў Расіі. Па-першае, за валюту. Па-другое, нясе вялізныя выдаткі на тым, што ліст гэтай бляхі тоўсты. Наш будзе ўдвая танчэйшы, а значыць, і эканомію атрымаем.

Больш таго, я размаўляў са спецыялістамі з Беларускага металургічнага завода, які пастаўляе металакорд для вырабу шын «Формулы-1». Дык вось, такі ж металакорд, і самай высокай якасці, зможам вырабляць і мы і пастаўляць на экспарт.

Людзі непакоіліся, што завод парушыць экалогію, бо на сёння Міёрскі раён самы чысты. Нездарма тут знаходзіцца дзіцячы санаторый «Расінка», 32 аграсядзібы. І ўвогуле, маўляў, як сумясціць экалагічны заказнік «Ельня» і «жалезную» вытворчасць? Паўтару яшчэ раз, што камбінат мае чацвёртую, самую высокую ступень аховы. І калі б я хоць на адзін працэнт быў упэўнены, што ён небяспечны, то ніколі б не адважыўся на яго будаўніцтва.

Сёння экалогія, бізнес, прамысловасць  узаемазвязаны. Паміж імі павінен быць здаровы кампраміс, каб яны адзін аднаму не перашкаджалі, а дапаўнялі.

Нашы стратэгічныя праекты па ўзвядзенні металургічнага завода ў Міёрах, распрацоўка тарфяных запасаў ля балот Ельні на сумесным прадпрыемстве з замежным інвестарам, пуск лініі па вырабу прадуктаў з журавін і іншыя — гэта крок у будучыню. Для росквіту Міёрскага краю, нашай сінявокай Беларусі!

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара

 

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter