Хто не рызыкуе, той не развіваецца

Асаблівасць яе яшчэ ў тым, што тут, як нідзе больш, захаваўся дух павятовага гарадка канца XIX — пачатку XX стагоддзя са шматлікімі помнікамі архітэктуры. Аб гэтым сёння наш расказ.

ПРЫЯЗДЖАЮЧЫ ў ландшафтны заказнік «Ельня», большасць як нашых, так і замежных турыстаў не могуць устрымацца, каб не наведаць у Міёрскім раёне самы малы горад Беларусі Дзісну з насельніцтвам 1760 чалавек

Асаблівасць яе яшчэ ў тым, што тут, як нідзе больш, захаваўся дух павятовага гарадка канца XIX — пачатку XX стагоддзя са шматлікімі помнікамі архітэктуры. Аб гэтым сёння наш расказ.

IV. Ці стане Дзісна спальным раёнам Полацка

ЁСЦЬ некалькі паданняў, адкуль пайшла назва горада. Вось адно з іх. У рэках у той час жылі русалкі. Яны выходзілі на бераг і сваёй прыгажосцю зачароўвалі юнакоў. У адну з іх закахаўся хлопец Дзіс і прапанаваў стаць яго жонкай. Русалка спачатку адмовіла, бо трэба было ператварацца ў звычайную зямную дзяўчыну і скарачаць свой век. Аднак, убачыўшы, як моцна перажывае юнак, не вытрымала і сказала: «Дзіс, на маю руку і сэрца!» Словы «Дзіс на» рэхам пракаціліся па наваколлі. Пасяленне пачало называцца Дзісна, а дзяўчына — Дзіснянкай.

Цікавы і ў той жа час трагічны лёс выпаў на долю гэтага гарадка. Ён раней Полацка, яшчэ ў 1569 годзе, атрымаў Магдэбургскае права — вольнага горада з самакіраваннем. Хутка развіваўся і багацеў. Разам з тым чатыры разы гарэў, перанёс не адну варожую навалу. Асабліва глыбокі незагойны след пакінула Вялікая Айчынная вайна. Яна ўнесла жыцці кожнага другога жыхара: 4584 чалавекі, у тым ліку 3800 яўрэяў.

Тым не менш у Дзісне захаваўся дух павятовага гарадка XIX — пачатку XX стагоддзя. Тут што ні крок — то гісторыя. Кажуць, што ў мясцовым маёнтку Кастравіцкіх у час паўстання Кастуся Каліноўскага хаваўся паэт Адам Міцкевіч. Ён пасвяціў гаспадыні адзін са сваіх твораў. З Дзісеншчынай звязана і ўзнікненне аповесці Аляксандра Пушкіна «Дуброўскі». Менавіта тут знаходзіўся маёнтак высокароднага разбойніка Астроўскага, прататыпа Дуброўскага.

У Дзісне паставіў свае першыя спектаклі Ігнат Буйніцкі. Тут праходзілі здымкі фільмаў «Дзяржаўная граніца», «Вадзіцель аўтобуса», «Людзі на балоце», «Чорная бяроза» і іншых.

Як нідзе, у гэтым гарадку шмат «жывых помнікаў» мінулых вякоў: Замкавы востраў, паром праз Заходнюю Дзвіну, стогадовы драўляны мост, касцёл, будынкі гімназіі, Дома равіна, пажарная каланча і нават Дом цвярозасці. Так называлі па-народнаму пры Расійскай імперыі асабняк, дзе беднаму чалавеку можна было бясплатна выпіць чаю з булачкай.

Выдзяляецца стромкімі белакаменнымі сценамі і пазалочаным купалам храм Уваскрэсення Хрыстова, у якім захоўваюцца тры святыні: ікона Маці Божай Адзігітрыі ХIV века, грамата Патрыярха Ціхана і мошчы свяшчэнніка Канстанціна Жданава, аднесенага да ліку святых. На свята іконы Маці Божай Адзігітрыі ў Дзісну кожны год 10 жніўня збіраецца да 6 тысяч паломнікаў. Ікона гэта, згодна з легендай, прыплыла ў Дзісну  на мастках з расійскага храма, які згарэў. Некалькі разоў расіяне спрабавалі яе вярнуць, але нічога не атрымлівалася: не ішлі коні, падымаліся вялікія хвалі на рацэ. Так і засталася яна ў Дзісне.

ВЯДОМА, маючы такія вялікія і ўнікальныя гістарычныя каштоўнасці, Дзісна не магла не прыцягнуць увагу турыстаў. Шмат у гэтым плане зрабіла былы кіраўнік горада Вольга Мароз. Яна сем год таму назад прымала ўдзел у спецыяльным Праекце ААН па ўстойліваму развіццю, дзе значыўся і турызм. Так як да конкурсу дапускаліся гарады з жыхарамі не менш за 10 тысяч чалавек, а ў Дзісне было толькі дзве тысячы, Вольга «схітрыла: запісала на Дзісну і жыхароў навакольных сельскіх Саветаў. Яе праект атрымаў перамогу. У выніку паступіла запрашэнне Дзісны да ўдзелу ў праграме «Дзвіна — Даўгава». Першай у Беларусі!

І ў Дзісну паехалі турысты. Спачатку са Швецыі.

— Мы вырашылі, — даводзіць Вольга, — каб пры іх прыёме нічога не было штучнага, надуманага. Каб госці самі прымалі актыўны ўдзел у мерапрыемствах. Паказалі ім кірмаш, пазнаёмілі з нашым фальклорам, рамёствамі, беларускай кухняй. Госці былі ўсім вельмі задаволены. Адно, што іх турбавала, — гэта арыентацыя. Яны не разумелі назваў вуліц. Неўзабаве мы паправілі гэта. На перакрыжаваннях у горадзе з’явіліся назвы вуліц на двух мовах — рускай і англійскай. А таксама прадубліравалі, як называлася вуліца раней. Так, пад словам «Юбілейная» з’явіўся надпіс «Замкавая». Цяпер гісторыю горада можна чытаць па назве вуліц.

У многім на турыстаў разлічана і прадукцыя Дзісенскага дома рамёстваў, самага маладога ў вобласці. Яму ўсяго 6 год. Але зроблена столькі, колькі іншым і не снілася. Тут займаюцца ў «прамысловых» аб’ёмах вышыўкай, вязаннем, шыццём з абрэзкаў, ручным ткацтвам, выцінанкай, стварэннем габеленаў, паясоў, дзіцячай мяккай цацкі.

Дзяўчаты Дома рамёстваў на чале з яе таленавітым дырэктарам Аленай Балаш нават прапаноўваюць турыстам... «дзісенскае паветра»! Яно «запакавана» ў прыгожа аформленыя льняной тканінай бутэлькі.

— І не сорамна вам так ашукваць іншаземных гасцей? — пытаюся ў Алены.

Яна адкаркоўвае адну бутэльку. Адчуваецца свежы пах хвоі.

— Ага, вось бачыце, — радуецца Алена. — Нікога мы не ашукваем. Сасоннік з такім пахам ёсць толькі ў нас, у Дзісне!

Ну і, канешне, галоўны брэнд Дома рамёстваў — лялька Дзіснянка. Яна ідзе нарасхват.

Свае вырабы Дом рамёстваў рэалізуе на розных выставах, кірмашах, а таксама ў краме «Святліца» ў Міёрах. Ён поўнасцю акупляе сябе. Адзіная праблема — гэта тое, што месцяцца майстры цяпер у часовым будынку, былым інтэрнаце. Іх пастаянны двухпавярховы будынак, той самы Дом цвярозасці, знаходзіцца на рамонце. Ён зацягнуўся. Пачалі рамантаваць яшчэ два гады таму назад на сродкі абласнога бюджэту. Іх не хапіла. Праўда, ёсць некаторыя спадзяванні, што спонсарскую дапамогу ў гэтым акажа наваполацкі «Нафтан».

Ахвотна едуць турысты ў дзісенскія аграсядзібы. Іх пакуль што чатыры. Гэта «Сядзіба Бабы Мароз», згаданай ужо вышэй Вольгі Мароз. «Алёнушка» Алены Епіфанавай, «Сядзіба Кастравіцкіх» Генадзя Каранеўскага і «Дастатак» Ліліі Арцімёнак.

Апошнюю мы наведалі разам з новым кіраўніком Дзісны Аляксандрам Качанам. Гаспадыню засталі на беразе Дзвіны за зборам... смецця. Патлумачыла, што гэта яе тэрыторыя, і яна павінна быць заўсёды чыстай.

Сам дом стаіць у якіх паўсотні метраў ад ракі. У ім — тры асобныя пакоі для прыезджых, гасціная. Ёсць цудоўная лазня з парыльняй, лячэбнымі травамі, самаварам.

Аграэкатурызмам Лілія занялася чатыры гады таму назад пасля выхаду на пенсію з райспажыўсаюза, дзе працававала ў сістэме грамадскага харчавання.

— Не заробкі мяне падштурхнулі да гэтага, — шчыра прызналася жанчына. — Проста люблю гаманіць з людзьмі, рабіць для іх прыемнае. Люблю гатаваць. Гэта  самы прыемны для мяне занятак.

Фірменная яе страва — «Гарэзы», бульбяныя клёцкі, начыненыя мясам, сушанымі белымі грыбамі. А таксама бульба запечаная, халадзец, рулеты са свініны і птушкі, каўбаса дамашняя. Усё — беларускае, з выкарыстаннем арыгінальных рэцэптаў продкаў. І, што адметна, са сваіх прадуктаў: гадавала каля сямі дзясяткаў бройлераў і індавутак. На дачы вырошчвала бульбу і зеляніну. Таму зусім нездарма Лілія Іванаўна прадстаўляе сёлета Віцебскую вобласць на міжнародным праекце-конкурсе «Бела Дзвіна-2», менавіта па кухарскай справе, гатаванню нацыянальных страў.

А два дыпломы гаспадыня «Дастатку» паспела ўжо атрымаць: за гасціннасць і захаванне беларускіх традыцый. Апошняму паспрыяла не толькі кухня, але і ўвесь быт аграэкасядзібы. Гасцей Арцімёнак сустракае заўсёды ў нацыянальным беларускім адзенні, якога цэлая шафа. Што сама набыла, што засталося яшчэ ад маці і цёткі, якія і пралі, і ткалі. Дарэчы, гэтыя прылады захаваліся і ўтварылі цэлы музейны куток.

А калі збіраецца шмат гасцей, як было гэта, што наехала сёлета адразу ажно 45 шведаў, яна арганізуе ім культурную праграму, цвіком якой з’яўляюцца беларускія народныя песні. На дапамогу кліча тады родную сястру Галіну Самуковіч, якая добра грае на баяне і ведае процьму гэтых песень.

Імкнецца па магчымасці вырашаць Лілія і праблемы, што ўзнікаюць у турыстаў, калі гэта нават не датычыцца сядзібы. Так, адпачываў у яе сёлета расіянін з Санкт-Пецярбурга. Той і падзяліўся бядой, што дзесьці ў гэтых мясцінах у вайну загінулі і пахаваны яго родзічы — яўрэі, але знайсці магілу яму так і не ўдалося. Арцімёнак тады звярнулася ў гарадскі Савет, і пры непасрэднай падтрымцы яго старшыні Аляксандра Качана ў адной з вёсак адшукала тую магілу, зрабіла яе здымак і адаслала свайму пастаяльцу ў Санкт-Пецярбург.

— Чаму назвалі сваю аграсядзібу «Дастатак»? — хачу даведацца ў гаспадыні на развітанне.

— Дастатак, — тлумачыць яна, — гэта не толькі матэрыяльнае. Мы не з багатых. Дастатак — у першую чаргу — стан душы. Каб людзі ў нас не толькі добра адпачылі, але і ўзбагаціліся духоўна, ад’язджалі з настроем.

ПРЫМАЕ гасцей у Дзісне і цудоўна адрэстаўрыраванае кафэ на 60 месцаў, і гасцініца «Дзвіна». Нумары ў апошняй на заглядзенне. Яе маладая загадчыца Ірына Ядрэўская паказала нумар «люкс» на аднаго чалавека. Там — ложак, канапа, два мяккія крэслы, тэлевізар, душ-кабіна, халадзільнік, набор пасуды. І ўсяго — 129 тысяч рублёў у суткі. А цана за трохпакаёвы нумар і зусім 69 тысяч. Не ведаю, дзе яшчэ сёння можна знайсці такія цэны?!

У кнізе водгукаў — адны падзякі. Вось дзве з іх.

«Вялікае дзякуй за гасціннасць. Я нават не думаў, што ў Дзісне можа быць гасцініца, — піша Андрэас Штрафф з г. Берн, Швейцарыя. — Утульна. Выдатна адпачыў пасля прагулкі. Дзісна — прыгожы горад. Мой прадзед нарадзіўся ў ім у 1860 годзе. І больш нікога з нашай сям’і ў Дзісне за паўтара  стагоддзя не было. Я — першы. Спадзяюся, што прыеду сюды яшчэ не раз, і не адзін!»

«Вялікае дзякуй за гасціннасць, за добрыя адносіны. Далейшага росквіту вам, дзісенцы, і вашаму невялікаму гораду». Гэта пажаданні Сяргея Шырокава з Екацерынбурга.

Ігар КУЗНЯЦОЎ, старшыня Міёрскага райвыканкама:

 Маналог чацвёрты

— У Дзісне, па вялікаму рахунку, няма прамысловасці, калі не мець на ўвазе лясгас, станцыю перакачкі нафтапрадуктаў, прыватнае прадпрыемства «Вікторыя —Наваполацк» па вытворчасці пластыкавых вокнаў і філіял швейнай фірмы «Віцябчанка» па пашыву адзення. І сёння, як я гэта бачу, развіваць у Дзісне прамысловасць, спадзеючыся на інвестыцыі вялікага магната, няма сэнсу. Усяго за тры дзясяткі кіламетраў ад нас Полацк і Наваполацк са сваімі гігантамі — «Нафтанам» і «Палімірам». І як бы мы ні стараліся, нічым іх не перакрыем.

Ды і навошта гэта рабіць, калі ёсць багацейшая і ўнікальная гісторыя аднаго з самых чыстых і самага маленькага горада Беларусі. Чаму б яго, акрамя турызму, не зрабіць яшчэ спальным раёнам Полацка і Наваполацка? Усяго якіх 20 хвілін той язды на машыне, і ты на рабоце. А што такое 20 хвілін для маладога чалавека? Гэта паслухаць дзве касеты на магнітоле.

І пачатак гэтаму пакладзены. Мы з Аляксандрам Аляксандравічам, старшынёй гарсавета Дзісны, праехалі па вуліцы Пушкіна.

— Слухай, — кажу, — тут і гэтага дома не было, і гэтага...

Людзі з Полацка і Наваполацка купляюць старыя будынкі, ператрэсваюць іх, укладваючы значныя сродкі, і дамы глядзяцца як новыя.

Праўда, пакуль што больш набываюць маёмасць пенсіянеры. Закавыка ў тым, што ў Дзісне няма прыроднага газу. Але ёсць ужо паведамленне з Савета Міністраў, што газ у Дзісну будзе праведзены магчыма ў лістападзе 2014 года.

Для Дзісны мы шмат рабілі і будзем рабіць. І ў школе рамонт правялі, і ў Доме культуры. З наступнага года адновім работы на Доме рамёстваў і іншых аб’ектах.

Дзісна напачатку ХХ стагоддзя была яўрэйскім горадам.  Летась мы адзначылі сумны юбілей — расстрэл тутэйшага яўрэйскага гета, калі загінулі 3800 чалавек. Мы поўнасцю адрэстаўрыравалі Мемарыял ахвярам фашызму.

Прыязджалі дзеці і ўнукі тых людзей, якім удалося выратавацца, і дзякавалі нам за спагаду, за памяць.

Я пяты год працую на пасадзе старшыні райвыканкама. І калі першы раз прыехаў у Дзісну, пабачыў яе ўнікальнасць: брукаванку, шматлікія гістарычныя помнікі, узнікла неадольнае жаданне «заштукатурыць» усё ў такім выглядзе! Для нас і нашчадкаў...

Безумоўна, каб захаваць гэту вельмі рэдкую і каштоўную асаблівасць Дзісны, патрэбна правесці яшчэ шмат аднаўленчых і рэстаўрацыйных работ, што патрабуе надта вялікіх сродкаў. Іх цяпер у нас няма, і малая верагоднасць атрымаць у належным памеры з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў. Таму мы цалкам рэальна разлічваем, што неабходныя фінансы паступяць ад будаўніцтва металургічнага завода ў Міёрах і адкрыцця сумеснага з іншаземным інвестарам торфапераапрацоўчага прадпрыемства ля балота Ельня.

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара

(Заканчэнне будзе.)

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter