Хто не рызыкуе, той не развіваецца

ААТ «МІЁРСКІ МЯСАКАМБІНАТ» — вядучае прадпрыемства райцэнтра. Яго мясныя вырабы, сыравэнджаныя каўбасы, паўфабрыкаты добра ведаюць не толькі ў нашай краіне, але і ў такіх гарадах Расіі, як Масква, Санкт-Пецярбург, Смаленск, а таксама Пскоўскай і Свярдлоўскай абласцях. Спрыяе гэтаму актыўны ўдзел камбіната ў рэспубліканскіх і міжнародных выставах. Толькі сёлета з «Белагра-2013» міёрцы прывезлі два дыпломы, якімі адзначана якасць іх вырабаў.

КАЛІ работа па ўзвядзенні металургічнага завода ў Міёрах толькі пачынаецца, то будаўніцтва новага халадзільніка на мясакамбінаце заканчваецца. Абыдзецца ён у 75 мільярдаў рублёў і выведзе на больш высакаякасны ўзровень усе прадпрыемствы. Узрасце і валютная выручка

ААТ «МІЁРСКІ МЯСАКАМБІНАТ» — вядучае прадпрыемства райцэнтра. Яго мясныя вырабы, сыравэнджаныя каўбасы, паўфабрыкаты добра ведаюць не толькі ў нашай краіне, але і ў такіх гарадах Расіі, як Масква, Санкт-Пецярбург, Смаленск, а таксама Пскоўскай і Свярдлоўскай абласцях. Спрыяе гэтаму актыўны ўдзел камбіната ў рэспубліканскіх і міжнародных выставах. Толькі сёлета з «Белагра-2013» міёрцы прывезлі два дыпломы, якімі адзначана якасць іх вырабаў.

ІІ. Пераможцаў не судзяць, альбо

Чаму пры мадэрнізацыі мясакамбіната «палезлі» ў крэдыты…

ПАКУПНІКАМ вельмі да спадобы каўбасы салямі «Дзядуліна любімая» і «Цешчын пачастунак», філей «Міёрскі» і «Бекон Міёрскі», салёная грудзінка «Апетытная», пельмені «Калабок», «Міёрскія». Асартымент прадукцыі складае 230 найменняў. Ён з году ў год пашыраецца і абнаўляецца.

Спрыяе гэтаму і ўвядзенне ў эксплуатацыю камер кліматычнага кантролю для вытворчасці сыравэнджаных і сыравяленых вырабаў, што дазволіла істотна павялічыць іх выпуск.

— Такія віды прадукцыі сёння шырока запатрабаваны, — гаворыць намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях Юрый Шаўлюга. — Гэтыя каўбасы вырабляюцца з мясной сыравіны і сала з выкарыстаннем арыгінальных спалучэнняў спецый, якія фарміруюць прыемны смак. У вытворчасці выкарыстоўваюцца натуральныя і штучныя кішкавыя абалонкі. А вэнджанне драўнінай з цвёрдых лісцевых парод дрэў надае прадуктам асаблівы водар і прыцягальны таварны выгляд.

Арыентуючы частку прадукцыі на замежны рынак, тэхнолагі прадпрыемства асвоілі выпуск прадукцыі з ялавічыны для рэгіёнаў, дзе ў адпаведнасці з нацыянальнымі традыцыямі свініну ў ежу не ўжываюць. Гэта паўвэнджаная каўбаса «Арыгінальная каўказская» і сыравэнджаныя салямі «Банкетная» і «Фуршэтная».

Толькі за 11 месяцаў камбінатам пад гандлёвай маркай «Міёры — мясныя прасторы» рэалізавана прадукцыі на 148 мільярдаў рублёў. Экспартная выручка склала 5,9 мільёна долараў ЗША.

ЗДАЕЦЦА, на першы погляд, справы ідуць не так і дрэнна. Толькі ёсць адно «але». Прадпрыемству амаль паўстагоддзя. І, вядома, яно патрабавала неадкладнага абнаўлення. А на гэтым шляху ўзнікла нямала, здавалася б, невырашальных праблем.

Вось як абмаляваў сітуацыю галоўны інжынер камбіната Пётр Акачонак:

— Самае слабае звяно — халадзільнік. Ён вычарпаў сябе як фізічна, так і маральна. Цяжка было вытрымаць адпаведную тэмпературу. І, нарэшце, гэта здарылася гады тры таму назад, прыйшло прадпісанне наогул закрыць яго з-за неадпаведнасці санітарна-гігіенічным нормам.

Праз халадзільнік праходзіць  уся сыравіна. Там яна захоўваецца. Закрыць яго — гэта наогул спыніць прадпрыемства.

Вядома, ні дырэктар камбіната, дэпутат абласнога Савета Віктар Бандарэнка, ні тым больш кіраўніцтва раёна не маглі пайсці на такі крок. Яшчэ раней быў выстаўлены інвестыцыйны праект па рэканструкцыі камбіната. За яго было «ўхапіліся» чэхі, але штосьці там не заладзілася —  у выніку нічога не атрымалася.

Тады наважыліся ўзяць крэдыт у банку і пачаць будоўлю сваімі сіламі.

Склалі праект. Аднак ізноў «закавычка»: рэгіянальныя будаўнікі, маючы на ўвазе складанасць аб’екта, адмовіліся прыняць заказ. Запрашаць здалёку — значыць несці вялікія выдаткі. І тут, як гэта не дзіўна, работу пагадзіліся выканаць... меліяратары: КУП «Міёрскае ПМС», дзе дырэктарам Уладзімір Нікалаёнак. Улічваючы, што ў раёне ажно два ПМС (ёсць яшчэ Язненскае) і аб’ёмаў работ у меліярацыі не стае, Нікалаёнак стварыў магутны будаўнічы ўчастак, які дасць фору любой будаўнічай арганізацыі, аб чым мы ўжо расказвалі чытачу. Толькі за апошнія гады ім здадзены на вёсцы пад ключ дзясяткі катэджаў, свінарнік, малочна-таварная ферма з даільнай залай.

Да гонару будаўнікоў, яны цудоўна справіліся са сваёй задачай, і, калі б не перапынак у фінансаванні, ужо сёння халадзільнік быў бы ўведзены ў строй. А так яго пуск пераносіцца на паўтара месяца.

Цяпер з грашыма праблема вырашана. На паратунак прыйшла дзяржава. Да тых уласных 45,5 мільярда рублёў, якія патраціў на будоўлю камбінат, беручы крэдыты Белаграпрамбанка, яна дадала 10 мільярдаў, і яшчэ запланавана з інавацыйнага фонду 9,3 мільярда. Усяго ж, каб завяршыць усе работы, спатрэбіцца 20 мільярдаў рублёў.

ХАЦЯ слова «халадзільнік» гучыць не зусім правільна і хутчэй умоўна, пад яго «маркай» абноўлена ці не палова прадпрыемства.

— Пабудавана новая кампрэсарная, інакш кажучы, пастаўшчык холаду, — каментуе галоўны інжынер Пётр Акачонак пераўтварэнні. — Бо старая кампрэсарная прыйшла ў  заняпад. А там жа выкарыстоўваўся аміяк, небяспечная вытворчасць. І калі раней было 8 кампрэсараў, то цяпер напалову менш, а задзейнічаны і наогул адзін ці два. «Пераносім» са старога корпуса цэх абвалкі, аўтаматызаваную еўрапейскую лінію для вакуумнай упакоўкі мяса, што дазволіць укараніць тэхналогію вытворчасці паўахалоджаных паўфабрыкатаў тэрмінам рэалізацыі як мінімум 25 сутак.

У самім халадзільніку будуць спецыяльныя камеры для захоўвання ахалоджанага мяса. Яно на расійскім рынку на 10 працэнтаў даражэй за замарожанае. Толькі з прычыны павялічвання экспартнай цаны на ахалоджанае мяса камбінат будзе мець у год дадатковай выручкі ад экспарту да 10 мільярдаў рублёў, а сам экспарт мяса ялавічыны ўзрасце з 30 працэнтаў да 45. Будзе эканоміцца да 500 кілават-гадзін электраэнергіі, што складзе суму ў 900 мільёнаў у год.

Ігар КУЗНЯЦОЎ, старшыня Міёрскага райвыканкама

 Маналог другі                           

– БЫЛО прынята рашэнне наконт мясакамбіната: любым спосабам, з дзяржпадтрымкай або без яе, але мадэрнізацыю праводзіць! Сёння гэты крок можна ацэньваць па-рознаму. Мы «палезлі» ў крэдыты. Так, яны высокія. Пётр Пятровіч Пракаповіч нават зрабіў заўвагу нам: «Як можна было браць крэдыты пад 45 працэнтаў?» — «Пётр Пятровіч, — гавару, — а выйсце якое было? Застацца на тым жа ўзроўні? Праз год наогул нічога б не было, і звыш трохсот чалавек рабочых і спецыялістаў аказаліся б на вуліцы».

Дзякуй дзяржаве, што потым, на другой стадыі будаўніцтва, падтрымала нас, выдзеліла для  набыцця абсталявання, завяршэння мадэрнізацыі аб’екта амаль 20 мільярдаў рублёў. Па вялікім рахунку, гэта будзе новае прадпрыемства з такім высокатэхналагічным абсталяваннем, якім пакуль што можа пахваліцца мала які камбінат у краіне.

Саму будоўлю правялі ў сціслыя тэрміны, за паўтара года. Гэтаму спрыяла тое, што галоўнай падраднай арганізацыяй на будоўлі было наша Міёрскае ПМС, якое выдатна справілася з пастаўленай задачай. Мяне нярэдка крытыкуюць: маўляў, раён «дротам» абклаў і скарыстоўваю толькі сваіх будаўнікоў... Нічога падобнага — я ўсіх гатовы сустракаць. Калі здавалі нядаўна саракакватэрны дом на вуліцы Ягора Томкі ў Міёрах, то прыязджалі будаўнікі і з Глыбокага, і з Шаркаўшчыны. На ўзвядзенні бальніцы сёння можна ўбачыць і фірмы з Віцебска, і будаўнікоў з Верхнядзвінска, «Полацксельбуда» і іншых. Але, калі ёсць магчымасць, я сапраўды імкнуся ў першую чаргу задзейнічаць свае раённыя арганізацыі: меліяратараў, будаўнікоў, дарожнікаў і іншых. Сёння будынак Дзяржстраху ўзводзіць у райцэнтры мінская фірма. Але там працуюць і нашы: з аграсэрвісу, з гаргазу. І робяць гэта не горш за прыезджых. Дык навошта запрашаць здалёку. Аплачваць камандзіроўкі, транспарт і тым самым транжырыць дзяржаўныя сродкі?

Вяртаючыся да будаўніцтва халадзільніка і мадэрнізацыі камбіната ў цэлым, магу пагадзіцца: так, мы, безумоўна, рызыкавалі, пачынаючы самастойна гэту складаную нялёгкую справу ўласнымі сіламі і сродкамі. Але што было б, калі мы не зрабілі бы гэтага і чакалі яшчэ два гады, пакуль да нас дайшла б чарга? Хутчэй за ўсё, зусім не дачакаліся б. Пераможцаў не судзяць!..

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара і Казіміра БЛАЖЭВІЧА

(Працяг будзе.)

 

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter