Навошта жанчын-кантралёраў у метро мяняюць на мужных ахоўнікаў?

Хто на станцыi галоўны

Мінскі метрапалітэн узмацняе сваю абароненасць: кантралёраў замяняюць супрацоўнікі службы бяспекі, якіх вучаць распазнаваць падазроных пасажыраў і правапарушальнікаў па паводзінах, поглядзе, жэстах, міміцы.

Ахоўнікі звяртаюць увагу не толькі на сумкі пасажыраў, але і на іх выгляд
Штодзённа праз 29 станцый метро праходзіць каля 900 тысяч чалавек. Зразумела, пры такім вялізным пасажырапатоку неабходна старанна клапаціцца пра бяспеку людзей. Гэта і ёсць асноўная задача супрацоўнікаў УУС па ахове метрапалітэна, зазначае Дзмітрый Млынарчык, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі УУС па ахове Мінскага метрапалітэна:

— Горад прырастае, жыхароў становіцца ўсё больш, будуецца новая лінія метро, а падземка застаецца самым зручным відам грамадскага транспарту. Пры такіх умовах спадзявацца на змяншэнне колькасці пасажыраў не прыходзiцца.

Дзе шмат людзей, там знойдуцца і тыя, хто парушае грамадскі парадак. Таму на кожнай станцыі абавязкова дзяжураць нарады патрульна-паставой службы. Хапае работы і супрацоўнікам крымінальнага вышуку.

Кантралёры засталіся толькі на Маскоўскай лініі

Найбольш распаўсюджаныя злачынствы ў падземцы — крадзяжы, а таксама прысваенне знойдзенай маёмасці, ілжывыя паведамленні аб небяспецы,  падробка дакументаў і хуліганства. Праўда, апошняе ў вестыбюлях і на платформах метро здараецца вельмі рэдка – п’яных не пускае служба бяспекі, астатніх зламыснікаў стрымлівае прысутнасць супрацоўнікаў міліцыі. А вось у падземных пераходах, а таксама ў вагонах паяздоў яны, бывае, даюць волю кепскім манерам. Але без пакарання гэта не застаецца:

— Мы знаходзімся ў крыху больш выгадным становішчы, чым іншыя міліцыянеры, — кажа Дзмітрый Рыгоравіч. – Амаль кожны куток нашага «падземнага царства» ахоплівае відэаназіранне. Гэта вельмі дапамагае не толькі раскрыць злачынствы, але і даказаць іх.


Сапраўдны біч міліцыянераў і ахоўнікаў – ілжывыя паведамленні аб небяспецы. Праўда, у апошні час іх стала крыху менш. А вось год-два таму многія з пасажыраў, якіх прасілі прад’явіць для агляду паклажу, адказвалі ў духу героя вядомай камедыі: «У ёй бомба!» Але гэта, на думку Дзмітрыя Млынарчыка, зусім не смешна:

— Поўны вестыбюль людзей. Уяўляеце, які можа быць рэзананс на гэты жарт, ды яшчэ вымаўлены з сур’ёзным тварам? Можа пачацца паніка з усімі яе страшнымі наступствамі, дрэнна адчуюць сябе людзі са слабым здароўем…  

Жарты жартамі, а ў гэтым годзе распачаты ўжо дзве крымінальныя справы: пры аглядзе пасажыраў ці іх рэчаў знаходзілі боепрыпасы. І Дзмітрый Рыгоравіч тут жа развейвае міф пра тое, што служба бяспекі метрапалітэна правярае ўсіх з вялізнымі сумкамі:

— У сезон адпачынку тут мноства загарэлых пасажыраў з вялікімі чамаданамі: зразумела, што кожны правяраць не будуць. Увагу звяртаюць на ўсё: знешні выгляд, адзенне, паводзіны, погляд, міміку, жэсты. Для службы бяспекі метрапалітэна рэгулярна праводзяць навучальныя курсы па прафайлінгу – методыцы ацэнкі і прагназавання паводзін чалавека на аснове гэтых характарыстык. Немалую ролю, зразумела, адыгрывае і інтуіцыя. Здаралася, міліцыянеры, якія нясуць службу на станцыях, знаходзілі патроны, халодную зброю ў кішэнях пасажыраў, якія ўвогуле не мелі пры сабе сумак.


Ледзь не штодзённа супрацоўнікі міліцыі выяўляюць сярод пасажыраў тых, хто знаходзіцца ў вышуку, у тым ліку і за цяжкія злачынствы.  

У арсенале супрацоўнікаў бяспекі, акрамя сістэм відэаназірання, маюцца і іншыя карысныя тэхнічныя прылады: сканеры, ручныя металадэтэктары, а на крайні выпадак – лакалізатар выбухованебяспечнага прадмета «Фантан». Гэта пераносны кантэйнер з супрацьасколачным экранам, які гасіць і паглынае энергію выбуху.

Працягваюць спробы катацца бясплатна тыя, хто карыстаецца чужымі або падробленымі дакументамі. Праўда, зараз іх стала крыху менш, і Дзмітрый Млынарчык звязвае гэта са зменамі ў працы метрапалітэна:

— Кантралёры засталіся толькі на Маскоўскай лініі, іх функцыі перадалі службе бяспекі. Не заўважалі, на станцыях Аўтазаводскай лініі свабодны праход паміж кабінай і турнікетам закрыты ланцужком? Цяпер нельга праскочыць міма кантралёра, на хаду паказаўшы нейкае пасведчанне. Трэба пастаяць у чарзе, прад’явіць дакумент, які ўважліва разгледзяць. Некаторыя пачынаюць нервавацца, чым прыцягваюць да сябе асаблівую ўвагу міліцыянераў.


А вось крадзяжоў у гэтым годзе раскрыта на парадак больш, чым летась. Зрэшты, гэта не значыць, што іх стала больш, — эфектыўнасці працы супрацоўнікам крымінальнага вышуку дадае відэаназіранне. Дзмітрый Рыгоравіч з гордасцю расказвае: быў выпадак, калі асобу чалавека, які ўкраў мабільнік,  высветлілі літаральна за гадзіну. Сумачкі ў вагонах метро ўжо не рэжуць, але выцягнуць тэлефон або партманет усё яшчэ спрабуюць.

Як ні дзіўна, але пераважная большасць злачынстваў у метро адбываецца ў першай палове дня. Можа, таму, што спрасонку пасажыры яшчэ не такія пільныя?

Непакой міліцыянераў выклікаюць і шматлікія спробы самагубства, якія, на жаль, даволі часта робяцца ў метро. Добра, што так званыя зачэперы пакінулі ў спакоі яго паязды: некалькі падлеткаў, якія спрабавалі пакатацца на счэпах паміж вагонамі, былі пакараны і, відаць, заказалі дзясятаму – паслядоўнікаў у іх няма.

nevmer@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter