Прасторна, функцыянальна і больш зручна: завяршаецца рэканструкцыя другога паверха мінскага ЦУМа

Хто на новенькае

Напярэдадні Дня работнікаў гандлю ў адной з найстарэйшых крам Мінска — ЦУМе пачалі рэканструкцыю другога паверха, дзе размяшчаюцца тавары для мужчын. Ужо на гэтым тыдні наведвальнікі ўбачаць абноўленую залу. Што зменіцца?

Усяго ў ЦУМе пяць паверхаў. Другі паверх — «для мужчын» — вось-вось будзе рэканструяваны.
Фота аўтара

Любы можа зараз паглядзець, як вядзецца рэканструкцыя паверха: яго не зачынілі, а пастараліся максімальна аператыўна і зручна зрабіць усе рамонтныя работы так, каб не перашкаджаць кліентам. Другі паверх, дарэчы, апошні ў чарзе на рэканструкцыю. З 2011 года ў ЦУМе пакрысе пачалі праводзіць работы па пераўтварэнні і паляпшэнні гандлёвых зал. Начальнік аддзела арганізацыі гандлю ААТ «ЦУМ Мінск» Павел Елькановіч расказаў карэспандэнту «Р» усе падрабязнасці:

— З 9 ліпеня мы ўзяліся за другі паверх — «мужчынскі». Ужо да 20 ліпеня павінны завяршыць рабочыя моманты. Зала ў дзве тысячы квадратных метраў зараз становіцца больш прасторнай, функцыянальнай для кліентаў і супрацоўнікаў універмага. 

Самымі складанымі, кажуць усе, хто ўдзельнічаў у рэканструкцыях, былі першы паверх, дзе цяпер знаходзяцца гаспадарча-бытавыя тавары, і трэці — там «Дзіцячы свет». Апошні асабліва запомніўся, бо раней там увогуле не было залы продажу: гэта было складское памяшканне.

— Кожны дзень да нас прыходзяць ад 15 да 20 тысяч кліентаў. У дні акцый — 35 тысяч. Універмаг карыстаецца папулярнасцю, таму і цяпер, падчас рэканструкцыі другога паверха, мы не зачынялі яго дзверы. Імкнуліся праводзіць дэмантаж, рамонт і ўстаноўку новай гандлёвай мэблі да і пасля прыходу наведвальнікаў, — Павел Елькановіч накіроўваецца да месца, дзе і гэтай раніцай працуюць слесары, электрыкі, сталяры ЦУМа, а таксама супрацоўнікі кампаніі, якая выйграла тэндар на мантаж новага гандлёвага абсталявання.

Цяпер замест абгароджаных секцый будзе адна суцэльная гандлёвая зона. Глядзім: пры нас прыбіраюць сценкі так званага «акварыума» — асобнай закрытай зоны для галантарэі. За кошт ліквідацыі перагародак месца для дэманстрацыі такіх тавараў цяпер будзе больш. Вось майстры тут жа пераносяць новыя шафы і палічкі для абутку, тавараў для спорту і турызму — яны таксама будуць знаходзіцца на гэтым паверсе. 

— Не будзе сценак, перагародак, меж, рамак для кожнай секцыі. Абутак, адзенне, бялізна, галантарэя і іншае — адзіная гандлёвая зала з новымі касавымі зонамі, — паказвае Павел Елькановіч на стойкі.

На паверсе ўжо зрабілі абшыўку мармуровых калон такімі ж светлымі панэлямі: на іх таксама размесцяць тавар, чаго раней не было. Што тычыцца столі, то змянілі толькі асвятленне: усюды ўстаноўлены святлодыёдныя энергазберагальныя лямпы з гарызантальнай асветленасцю 1000 лк — па нормах для гандлёвых цэнтраў і крам. Дарэчы, тут жа з'явіліся новыя стойкі для тавараў: яны, наадварот, цёмныя, каб не адцягваць увагі ад прадукцыі. На гэтым стварэнне новых зон тут не заканчваецца. Наперадзе школьная пара, а значыць, трэба рабіць зоны для шырокага продажу тавараў да школы.

kasel@sb.by 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter