Как горожане укрепляют на зиму свои дачи от воришек

Хто ходзіць у госці па начах

Дачны сезон завяршаецца. Зачахляюць капаніцы і рыдлёўкі нават самыя апантаныя дачнікі. Брамы ўчасткаў зачыняць да вясны. На жаль, пакінутыя без нагляду домікі нярэдка прыцягваюць увагу зладзеяў.

Эдуард і Анатоль лічаць, што праблема бяспекі маёмасці для іх садовага таварыства не вельмі актуальная

Вялікія масівы садовых та­варыстваў размешчаны пад Мінскам. Шмат тут шы­коўных катэджаў, у якіх жывуць пастаянна, але хапае і сціплых домікаў на шасці сотках. Менавіта іх гаспадары звычайна лічаць, што ў іх браць няма чаго, і абыходзяцца звычайнымі замкамі на драўляных дзвярах, ды ў лепшым выпадку аканіцамі. Але такое меркаванне памылковае. Толькі ў Мінскім раёне за перыяд апошняй «зімовай спячкі» дач зафіксавана 99 кра­дзяжоў.

— Пераважную большасць такіх злачынстваў здзяйсняюць грамадзяне без пэўнага месца жыхарства. Яны не столькі матэрыяльную шкоду наносяць, колькі псіхалагічную, — лічыць Вячаслаў Шумскі, начальнік Мінскага аддзела Дэпартамента аховы МВД. — Ну каму трэба, каб чужы чалавек спаў у яго ложку, карыстаўся яго вопраткай, няхай і рабочай, спажываў прадукты?

Валацугі не пакінуць без увагі і каштоўнасці, знойдзеныя на чужой дачы. Тэлевізар, садовы інструмент, насосы, металічныя прылады – знясуць усё, што можна прадаць за любыя грошы. Каб аднавіць страты, гаспадарам давядзецца панесці выдаткі.

Разам з супрацоўнікамі Мін­ска­га аддзела аховы вы­праў­ляюся ў аб’езд іх тэ­ры­торыі абслугоўвання — Астра­шыцка-Гарадоцкі, Кала­дзішчанскі і Бараўлянскі сельсаветы. Тут знаходзяцца 32 садовыя таварыствы, кожнае з якіх складаецца не менш як з сотні ўчасткаў. Уладзімір Гайшун, старшы інспектар аддзялення сродкаў і сістэм аховы, якраз едзе ў садовае таварыства «Оптык-Узбор’е» да дачнікаў, якія захацелі, каб іх дом ахоўвала міліцыя.

— Не, з нашай дачы пакуль ні­чога не кралі, але быў выпадак, ка­лі зладзеі ўлезлі ў гарадскую кватэ­ру. Ведаеце, так прыкра прыйсці дадому і ўбачыць раскіданай, прабачце, уласную споднюю бялізну, — да гэтай пары непрыемна ўспамінаць Таццяне Васільеўне. – Гэты домік належаў бацькам мужа, мы яго крыху пашырылі, збіраемся ўладкоўвацца. Людзей нядобранадзейных шмат. Хочацца спаць спакойна, не клапоцячыся аб пакінутым на дачы абсталяванні, інструментах. Таму і вырашылі здаць пад ахову.

У выпадку спрацоўкі сігналізацыі на месца праз лічаныя хвіліны прыязджае група затрымання

А вось Эдуард і Анатоль, суседзі па садовым таварыстве «Бярозавы гай-1», што ля вёскі Чарцяж, лічаць, што праблемы бяспекі маёмасці для іх неактуальныя:

— Мы далёка ад населеных пунктаў, на электрычках сюды не даехаць, так што да нас крымінальныя асобы не дабіраюцца. Пра крадзяжы не чулі. Як будзем маёмасць зберагаць? Ды ў нас тут нічога каштоўнага няма. Ну вось брамы замкнём, а хто з нас прыедзе, той і суседскі ўчастак агледзіць.

Дачнік Генрых таксама пабудаваўся ля вёскі Чарцяж, але мае іншае меркаванне аб магчымасцях перамяшчэння крымінальных асоб:

— Неяк прачнуўся вельмі рана, гляджу – а па вуліцы нейкі дзіўны тып ходзіць. Дачы разглядае, за платы зазірае. «Шукаеш каго?» – спытаўся. Мігам толькі пяткі заблішчалі!

Ужо год, як дача Генрыха абсталявана сігналізацыяй.   

— Усё нялёгка дастаецца, што ні купі – усё дорага, — лічыць ён. — А ў мяне тут шмат якасных электраінструментаў. Пад аховай жыць спакайней. Ці былі спробы крадзяжоў? Не было! З вуліцы бачны і вочка сігналізацыі, і равун. Каму непрыемнасці хочацца нажываць? У выпадку ж спрацоўкі сігналізыцыі з-за перападу напружання ў электрасетцы ўжо праз лічаныя хвіліны прыязджае група затрымання.

Дача пенсіянеркі Тамары Францаўны размешчана паблізу чыгункі. Гаспадыня расказвае, што ў домік зладзеі ні разу не залазілі, а вось крадзяжы гародніны з град ды мелкіх гаспадарчых прылад накшталт вядра ці грабель былі, аднойчы нават металічны мангал вывалаклі. Таму на зіму яна ўсё-ўсё схавае ў доміку і навесіць замок на брамку аж да красавіка.

Муж і жонка Генадзь і Юлія наведваюць сваю дачу рэгулярна, і летнімі, і зімовымі выхаднымі. Вельмі крыўдным для іх стаў крадзеж біятуалета, запёртага ў гаспадарчым хляве. Зараз прыдбалі маленькі перанасны варыянт і на дачы яго больш не пакідаюць – возяць з сабой, як і дастаткова дарагі каларыфер.

Ад звычайных валацуг могуць выратаваць металічныя дзверы і аканіцы – ламаць іх пабаяцца, каб не ўзнімаць шмат шуму.

Некаторыя гаспадары прадпрымаюць нетрывіяльныя спосабы абароны сваёй маёмасці: напрыклад, атручаная гарэлка ў халадзільніку або сірэна-равун на ўваходзе. Супрацоўнікі міліцыі нагадваюць, што такія радыкальныя меры могуць прывесці да крымінальнай адказнасці саміх гаспадароў.

nevmer@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter