Хто каму падсыпае солі,

альбо Чаму, пачаўшы пісаць у інстанцыі, людзі нярэдка не могуць паставіць у сваіх зваротах кропкуСваё пісьмо жыхарка Мядзела Раіса Васільеўна І. пачала з такога эпізода: “Аднойчы я брала ваду з калодзежа. Выцягваю поўнае вядро і раптам бачу, што вялікая машына з прычэпам імчыць прама на мяне. Я спалохалася, упала і ўдарылася галавой аб камень. Муж падняў мяне, непрытомную. Потым ужо расказаў, што машына ледзьве развярнулася. Дарога ля дома вузкая, на павароце наш калодзеж, а ззаду суседскі штыкетнік. На жаль, мы не запомнілі нумара. З таго часу ў мяне вельмі баліць галава”.Выпадак, як сцвярджае Раіса Васільеўна, адбыўся восенню 2007 года. З той пары яна і звяртаецца ў розныя інстанцыі: як у раёне, так і ў Мінску. Гэты эпізод — адзін з многіх, з якіх, нібыта мазаіка, складаецца праблема пад назвай “саляны склад”.

Начныя рэйсы
Сядзіба пенсіянераў І. выглядае вельмі прыстойна: абабіты сайдынгам дом, акуратныя гаспадарчыя пабудовы і “хатка” калодзежа, навокал чысціня і парадак. Тое, што будынак знаходзіцца на ўскраіне горада ў ціхім месцы, было плюсам пры яго набыцці пажылымі людзьмі. Але сітуацыя неўзабаве змянілася — за паўкіламетра ад жылых пабудоў была абсталявана пляцоўка для захоўвання пясчана-салявой сумесі і кампанентаў для яе прыгатавання.
“Прыкладна з 20 гадзін вечара едуць і едуць машыны з соллю пад вокнамі, усё ў хаце дрыжыць, гул стаіць такі, проста жыць не хочацца”, — чытаем у лісце. Сюрпрызы надвор’я, вядома,  здараюцца ў любы час сутак. На ліквідацыю снежна-ледзянога накату альбо галалёду дарожнікам адводзіцца не больш як чатыры гадзіны. Значыць, машыны загружаюцца сумессю, калі ёсць неабходнасць. На 209 кіламетраў дарог у сезон высыпаецца амаль 13 тысяч тон такой “крупкі”.
“Пасля звароту Раісы Васільеўны, — адзначае начальнік філіяла ДЭУ-66 РУП “Мінскаўтадар-Цэнтр” Сяргей Бабіч — дарогу ля яе дома расшырылі, паварот спрамілі, уздоўж агароджы ў якасці бар’ера паставілі фундаментныя блокі. На вуліцы нават з’явіўся дарожны знак, які забараняе праезд па ёй веліка-грузнага аўтатранспарту”.
“Правы Раісы Васільеўны не ўшчамляюцца. Яе прэтэнзія задаволена: МАЗы дарожнікаў з верасня ездзяць па іншай дарозе. Нягледзячы на няпростыя цяперашнія ўмовы, знойдзем грошы, каб заасфальтаваць яе. А забараніць рух іншага транспарту па вуліцы немагчыма, бо для гэтага няма ніякіх падстаў”, — зазначае намеснік старшыні Мядзельскага райвыканкама Валерый Сяргей.
“Адна толькі шкода”
Раіса Васільеўна пераканана, што пляцоўка  наносіць вялікі ўрон акружаючаму асяроддзю. Соль, маўляў, паўсюль: і на агародах, і ў калодзежах.
“Субстанцыі, якія скла-дзіруюцца, ніякай небяспекі для людей не ўяўляюць. Гэта не яды, не ядахімікаты, не моцна-дзеючыя рэчывы, — гаворыць Валерый Раманавіч. — У Салігорску здабываецца сырэц для перапрацоўкі, з якога адмываецца калій. А рэшткі сырцу (калій і хлор) атрымліваюць дарожнікі, змешваюць з пяском і гэтай сумессю пасыпаюць дарогі. Калі соль наносіць шкоду, чаму тады ў Салігорску яна захоўваецца ў тэрыконах?”
Адмоўнае ўздзеянне на акружаючае асяроддзе могуць аказаць  хларыды, якія раствараюцца ў вадзе пасля дажджу. Аднак прыгатаванне і захоўванне пясчана-салявых сумесей прадугледжана толькі ў “перыяд утварэння зімовай слізкасці” (гэта ў сярэднім 60 каляндарных дзён у годзе). У гэты час ападкі выпадаюць у асноўным у выглядзе снегу ці мокрага снегу, яны толькі часткова могуць раствараць солі і сумесі. Каб зменшыць адмоўнае ўздзеянне солей на акружаючае асяроддзе, пляцоўка мае асфальтавае пакрыццё, яна спраектавана такім чынам, што вада з растворам солей ідзе ў спецыяльны калодзеж і  выпарвальны басейн. Праведзена таксама абвалаванне аб’екта, а па перыметры абсталяваны абвадны канал.
Сяргей Бабіч дадае: “У свой час пляцоўка для захоўвання пясчана-салявых сумесей была каля дарогі, можна сказаць, у цэнтры Мядзела, і ніякіх пытанняў не ўзнікала. У Барысаве і цяпер такая ж пляцоўка знаходзіцца прама ў горадзе”.
Аўтар жа звароту сцвярджае, што пляцоўка пабудавана без належнай папярэдняй экспертызы. З гэтым спецыялісты таксама не пагаджаюцца. Сёння ніводзін аб’ект немагчыма  “пасадзіць” абы-дзе. Мядзельшчына — мясцовасць унікальная, курортная, тут надаецца асаблівая ўвага любому праекту. Стос падпісаных дакументаў сведчыць, што на ўсіх этапах (ад выбару месца для размяшчэння пляцоўкі да яе абсталявання) работа вялася з захаваннем існуючых патрабаванняў.
Аб’ект размешчаны на паўночна-ўсходняй ускраіне горада на землях раённага спажывецкага таварыства. Нягледзячы на тое, што пляцоўка знаходзіцца па-за зонай жылой забудовы, тут забаронена спальваць смецце і бытавыя адходы. Здаецца, усё прадугледжана, каб зняць пытанні жыхароў акружаючых дамоў. Ніхто ў выканкам, абласныя і рэспубліканскія інстанцыі не скардзіцца. За выключэннем аднаго чалавека.
Момант ісціны
Прачытаўшы эмацыянальнае пісьмо з Мядзела, я падумала, што размова ідзе пра сённяшнія парушэнні. Аказалася, што пытанні з дарогай і праездам машын вырашаны. Чаму тады жанчына піша? Каб высветліць гэта, мы накіроўваемся да аўтара ліста.  А спачатку Валерый Раманавіч і Сяргей Іванавіч паказваюць аб’ект, з-за якога разгрэўся канфлікт. Усё тут адпавядае пачутаму. І аб’язная дарога працуе, яна разбіта цяжкімі машынамі, не параўнаць з той, што ідзе ля дома І.
...На наш стук выходзіць жвавая жанчына і агарошвае пытаннем: “А навошта вы прыехалі?”
“Як жа, вось ваша пісьмо...” — нагадваю прычыну візіту.
“А, было такое”, — нарэшце ўспамінае Раіса Васільеўна. Яна “апазнае” маіх спадарожнікаў і пацвярджае, што дзякуючы ім была расшырана дарога.
“Пасля таго, як ударыліся ля калодзежа, ці звярталіся да ўрача? Можа, дакумент які ёсць?” — пытаюся ў яе.
“У бальніцу хадзіла, нічога не прызнаюць, а ў мяне як шумела ў галаве, так і шуміць”, — адказвае жанчына і дадае: “Ніхто не звяртаў увагі на мае лісты. А я ж столькі нацярпелася. З палкай на дарогу выходзіла, каб спыніць машыны. Вадзіцелі кпілі з мяне”.
Даўняя крыўда не адпускае... Але навошта жыць мінулым?
У канцы я папрасіла намесніка старшыні райвыканкама даць прагноз, калі ж закончацца гэтыя сігналы.
 “Не ведаю, — адказаў ён. — Апошнім часам, на жаль, намецілася такая тэндэнцыя: чым больш для чалавека робіш, тым больш ён скардзіцца”.
І рэдакцыйная пошта прыносіць нямала скаргаў, якія напісаны, калі праблема вырашана. Чаму? Для нас гэта застаецца загадкай, як, пэўна, і для аўтараў допісаў...

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter