«В отличие от современной иномарки, у старой машины есть характер»: как и зачем минчанин реконструирует ретроавто

Хто едзе на «Пабедзе»?

Тры вышэйшыя адукацыі, а працуе ў гаражы, ездзіць на васьмідзесяцігадовым веласіпедзе. І гэта Васіля Цярэшку, рэтрамеханіка з Мінска, ні кроплі не напружвае. Хутчэй наадварот. Карэспандэнт «Р» пазнаёмілася з майстрам, які адрадзіў дзясяткі старых аўтобусаў, машын, матацыклаў, веласіпедаў і збіраецца стварыць з аднадумцамі вялікі музей унікальнай транспартнай тэхнікі.

ГАЗ-М-20 «Пабеда» 1955 года– другі прадстаўнік некалі папулярнай машы-ны, які аднавіў рэтрамеханік. Першую чырвоную«Пабеду» прадаў.

 Спачатку быў веласіпед


Халодная лістападаўская раніца. Адзін да аднаго стаяць гаражы за касцёлам Святой Тройцы. Цішыня. Адзінокая постаць. Мужчына расчыняе дзверы свайго гаража, бярэцца за інструменты. Калі падыходзіш бліжэй, бачыш, што ён заняты сапраўдным заходнегерманскім аўтамабілем прадстаўніцкага класа Opel Kapitan 1939 года выпуску. Вакол прылады: балгарка, зварачны апарат, кампрэсар... Так, перажыла аўтатэхніка многае, але яна на хаду. Васілю

Цярэшку — цяперашняму ўладальніку аўто — трэба яго аднавіць. Яму тэлефануюць: «Сёння здымкі фільма!» Васіль хутка зачыняе дзверы, і мы пераходзім у іншы гараж, дзе стаіць ГАЗ-69 — у народзе «казёл». Купіў яго рэтрамеханік па аб’яве за 1500 рублёў, прывез з Гомеля на лафеце.

— Заходзьце, глядзіце. Для таго і рэстаўрырую, каб людзі ўбачылі гэтую тэхніку, — Васіль, узяўшы гаечныя ключы, спускаецца ў яму: трэба паспець паправіць усё, каб сёння машына адпрацавала на здымках — у кіно на ёй ездзяць супрацоўнікі міліцыі.

...Любоў да рэтратэхнікі з’явілася невыпадкова — так склаліся абставіны яшчэ ў 1970-х гадах. 7-гадовы Васіль прасіў у бацькоў веласіпед — «Школьнік» або «Арлёнак». Але ўручылі яму жаночы — «Рыга-20»: без рамы, з высокім сядзеннем, да якога хлапчук нават не дацягваўся. Гэта быў мамін веласіпед.

— Прыходзілася часта яго рамантаваць. Дапамагаў тата, які праз знаёмых заказваў дэталі на заводзе, — круціць-верціць ключом Васіль.

«Казёл» 1969 года па-за спінай Васіля ЦЯРЭШКІ змяняў колер дляфільмаў. Быў жоўты, зараз— сіні.
Фота з архіва героя матэрыялу

У 16 гадоў на свой веласіпед ён паставіў маторчык — падарылі бацькі. Рухавікі былі тады капрызныя, пастаянна даводзілася нешта рамантаваць, выдумляць. Каб зразумець, як усё лепш рабіць, купіў кнігу «Спадарожнік веласіпедыста». Магчыма, Васіль і пайшоў бы вучыцца на механіка, калі б бацькі не сказалі, што трэба ісці на высокааплатную працу — станавіцца энергетыкам. Паступіў у політэхнічны інстытут.

— Першая тэхніка, якую самастойна купіў, — мапед «Верховина-6-Спорт». Я яго яшчэ паляпшаў — стаў з горкі разганяцца да 70 кіламетраў! — смяецца Васіль. — Разбіраў і збіраў яго сотню разоў, мяне цягнула да такой творчасці і інжынірынгу.

 У кожнага аўто свой характар


Васіль Яўгенавіч адвучыўся на менеджара-эканаміста ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, але хобі перамагло: адчуваў, што хоча ім больш займацца, а яшчэ паказваць тэхніку іншым. І пайшоў вучыцца на курсы «Беларусьфільма» на адміністратара кіно.

— Тады купіў сабе ГАЗ-М-20 «Пабеда». Гэта была мая другая машына пасля польскага грузавічка «Жук». Непрыкметна паступова з’явілася шмат аднадумцаў, якія любілі старую тэхніку. У 1999 годзе мы стварылі Мінскае таварыства аховы помнікаў тэхнікі і транспарту «Наша Пабеда». Галоўнай мэтай прапісалі стварэнне інтэрактыўнага музея тэхнікі транспарту. І толькі цяпер да гэтай мэты мы падышлі максімальна блізка.

Цяпер на тэрыторыі касцёла, дзе стаяць гаражы, плануецца вясной усё зрабіць для таго, каб прыгожая даўніна магла красавацца на вачах у людзей. Пакуль «ікарусы», «лазікі», «пазікі» і «каўзікі» стаяць па гаражах, знаходзяцца на выставах і ў некаторых музеях. Усяго больш за 50 адзінак рознай тэхнікі! І асноўная большасць на хаду. Самы каштоўны экспанат менавіта ў Васіля — першы беларускі і вельмі рэдкі матацыкл «Нёман» 1938 года. Ён адзіны ў нас у краіне, яшчэ два ёсць у Польшчы. Пагадзіцеся, такое захапленне дорага каштуе. А жонка гэта ўхваляе?

Васіль ЦЯРЭШКА: «Мы з сябрамі падлічылі: каб прывесці ўсе нашы машыны ў добры працаздольны стан, давялося б працаваць бесперапынна больш за паўгода».
Фота Аляксея СТАЛЯРОВА

— Яна проста не ўсё ведае, — хітра выглядае з-пад аўто Васіль. — А калі сур’ёзна, то ёй падабаецца рэтратэхніка. Наша першая «Пабеда» набыта для яе. На гэтай машыне аб’ездзілі ўсю Беларусь, Польшчу, удзельнічаў я з ёй і ў святочных аўтапрабегах у Маскве і іншых гарадах. Да 2000 года «Пабеда» 1958 года выпуску была нашай асноўнай машынай.

Уявіце гэтае аўто чырвонага колеру, якое рассякае па праспектах. Быў у Васіля выпадак, калі перад яго чырвоным аўто на дарогу выскачыў чалавек: «Падвязі — грошай дам!» Васіль сказаў, што нічога не трэба, відаць, чалавек спяшаецца, трэба хутка везці. Едуць, а пасажыр яму: «Куды ты ляціш?»

— 50 кіламетраў у гадзіну нармальная хуткасць, — адказваю. А ён, як аказалася, жыхар Санкт-Пецярбурга, кажа: «Я да сваякоў прыехаў, хачу, каб убачылі мяне на гэтым аўто. На «Пабедзе», разумееш, так павольна ехаць трэба, каб усе цябе бачылі!», — успамінае гісторыю Васіль. — Ведаеце, з часам я зразумеў, што ён меў рацыю: тэхніка гэтая жыла ў іншы час. І жыла не так, як жыве ўсё цяпер. З такой машынай трэба быць акуратным. Генры Форд казаў, што ў кожнай машыны свой характар. Гэта праўда ў дачыненні да рэтрааўто. Цяперашнія нейкія... безаблічныя. Памятаю, вадзіў сваю іншамарку, а як праз год сеў у «Пабеду», дык зразумеў, што яна —  касмічны самалёт, вышэйшая матэ­матыка! Рычаг тут, святло там, нагой заводзіцца ў іншым месцы — увогуле, не для кожнага. Для мяне – дакладна!

Васіль дапамагае асвоіць тэхніку акцёрам. Вядома, і сам у кіно іграў. Для фільма «Пяць нявест» прывёз сваю «паўтаратонку» ГАЗ-АА. На ёй актрыса Лізавета Баярская пошту развозіла. Васіль там сыграў трактарыста.

— Часцей немцаў іграю. Ужо заслужаны «немец» Беларусі, — жартуе рэтрамеханік. — У мяне ж шмат машын, матацыклаў старых нямецкіх. Я  з імі то кіроўца, то кулямётчык. Быў выпадак, вёў нямецкі грузавік, за якім па сюжэце фільма «У чэрвені 41-га» Сяргей Бязрукаў бег. Далі каманду ехаць павольна, каб дагнаў. А затым пасля каманды «Стоп!» рэжысёр падыходзіць і кажа мне: «Ты што, чакаеш яго? Давай хутчэй». Адказваю, што не дагоніць Бязрукаў. Але той даводзіць: «20 кіламетраў у гадзіну». Думаю, максімум 15 зраблю... Знялі. Праз 10 хвілін, ледзь аддыхаўшыся, падыходзіць Бязрукаў: «Ну ты і гнаў!» Яму, «падстрэленаму» па сцэнарыі, прыйшлося нялёгка.

Пакуль размаўлялі, Васіль зняў цыліндр счаплення — трэба купляць новы, гэты цячэ.

— Проста ўсё тут зроблена непрафесіяналамі, якія ўлезлі ў старую тэхніку... Як накруцяць! Машына замест таго, каб лятаць, паўзе, — першы раз нахмурыўся Васіль. — Мы вось што прыдумалі з сябрамі: будзем ладзіць майстар-класы па рэстаўрацыі ў нашым музеі, каб вопыт маладым перадаваць, далучаць да рэтра.

Зараз майстар працуе над машынай, якая некалі была«хуткай дапамо-гай»,— ГАЗ-24-03 1975 года. 

Майстар выходзіць на свет з цёмнага гаража. Пытаюся: на чым паедзе за цыліндрам? Улетку, кажа, ездзіў на «Жыгулях» 1978 года, потым на веласіпедзе — аж да гэтых маразоў:

— Як цікава атрымліваецца: з чаго пачаў, тым і працягнуў — веласіпедам. У мяне ён ведаеце які? Дамскі нямецкі Wanderer 1938 года. Неверагодна зручны дагэтуль, не ламаецца, а ход ідэальны! Мой сябар неяк сеў на яго і кажа: «Лепш, чым мой «горнік». Вось і я пра што: сапраўдныя рэтрарэчы!

kasel@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter