Государство будет поддерживать только самоокупающиеся сельхозпредприятия

Хто даўгі вяртае, а хто толькі накоплівае. Несправядліва...

Разлічваць на падтрымку могуць тыя сельгаспрадпрыемствы, ад якіх будзе аддача
НЕ ВЫХОДЗІЦЬ з галавы нядаўняя размова з Фёдарам Завацкім, дырэктарам ААТ «Кушлікі» Полацкага раёна. Аказваецца, ён усё-такі здолеў дабудаваць самае сучаснае ў вобласці, а мо, і ў рэспубліцы бульбасховішча, на якое яшчэ па восені не хапала шмат грошай. Узяў у банку даляравы крэдыт. Яму даюць, бо ведаюць, што своечасова верне: і бульбу тую ж вясной прадасць па зусім іншай цане на экспарт, і за насеннае зерне возьме ўдвая, і за высокія надоі малака прыбаўка будзе,  і мядок з пасекі  прынясе рубель. Закрадваецца міжволі думка, што Завацкаму не патрэбны ніякія рэформы. Ён іх даўно паспяхова праводзіць у гаспадарцы. І дзяржава такіх, як ён, будзе падтрымліваць. Пра гэта адназначна гаворыцца ва ўказах Прэзідэнта аб рэфармаванні АПК.

Была пастаўлена ўмова, што найперш, чым штосьці атрымаць, патрэбна скласці бізнес-план: на што і як будуць выдаткоўвацца сродкі. Прычым разлічваць на істотную падтрымку могуць тыя сельгаспрадпрыемствы, ад якіх будзе аддача. І той, хто пайшоў па гэтаму шляху, мае ўжо вынікі або будзе мець у бліжэйшым будучым.

Напрыклад, у Верхнядзвінскім раёне адтэрміноўку па плацяжах за крэдыты атрымала ААТ «Прудзінкі», дырэктар якога — выдатнейшы кіраўнік, дэпутат абласнога Савета Васіль Краснік. У гаспадарцы ўведзены ў строй дзве даільныя залы, «вернуты да жыцця» старыя жывёлагадоўчыя пабудовы, з году ў год атрымліваюць выдатныя ўраджаі. Дык чаму ж такому калектыву не дапамагчы? Таксама на пяць год далі палёгку па крэдытах ААТ «Каханавічы» і КУП СГП «Боркавічы», дзе таксама зроблена нямала. Усяго ж па трох названых гаспадарках сума адтэрміноўкі выплат крэдытаў склала 29 мільярдаў рублёў. Як паведаміў начальнік Верхнядзвінскага райсельгасхарчу Уладзімір Быкаў, разглядваюцца бізнес-планы яшчэ сямі сельгаспрадпрыемстваў раёна з адтэрміноўкай 162 мільярдаў рублёў, узятых у крэдыт. Станоўча вырашаецца падобнае пытанне ў ААТ «Таргуны» Докшыцкага раёна, дзе статак КРС перавышае 10 тысяч галоў, рэканструявана адна малочна-таварная ферма і ўзводзіцца буйная новая. Старшыня ў гаспадарцы — малады энергічны кіраўнік Аляксандр Тулоўскі.

Холдынг, які ставіць мэту аб’яднаць вытворцаў сыравіны і яе перапрацоўшчыкаў, стварае ў Глыбоцкім раёне дырэктар камбікормавага завода Валянцін Шчарбакоў, нястомны працаўнік, прафесіянал сваёй справы. Падобныя прыклады можна прывесці па кожнаму раёну.

Як бачым, зрухі, можа, не так хутка, як хацелася б, але ёсць. 

Напэўна, памыліліся тыя кіраўнікі, якія чакалі, што старыя мільярдныя даўгі спішуць, як было гэта не раз, і можна ўсё пачынаць спачатку. Такога не будзе.

Ды і несправядліва ў адносінах да тых, хто гэтыя даўгі заўсёды вяртае. Аб гэтым, у прыватнасці, не раз падкрэсліваў старшыня лепшага на Браслаўшчыне СВК «Маяк-Браслаўскі» Рамуальд Шукель.

Відавочная на Віцебшчыне тэндэнцыя — атрымаць больш прадукцыі з меншымі затратамі. Так, наша газета расказвала аб тым, як тысячны статак бычкоў утрымліваецца круглы год на полі ў ААТ «Навасёлкі-Лучай», калі толькі на электраэнергіі эканоміцца сотні мільёнаў рублёў. Сабекошт ялавічыны ў акцыянерным таварыстве самы нізкі па вобласці. Па такім жа шляху сёлета пайшлі ў ААТ «Пурплева» Сенненскага раёна, гаспадарцы далёка не перадавой, і атрымалі ўжо станоўчыя вынікі. Дарэчы, старшынёй райвыканкама на Сенненшчыне стаў Васіль Чараднік, які дабіўся да гэтага нядрэнных вынікаў у жывёлагадоўлі, узначальваючы райсельгасхарч у Лепелі.

Вяртаюся да таго, з чаго пачынаў: рэфармаванне АПК ідзе. Магчыма, не так хутка, як таго чакалі. Але тут, на маю думку, справа найперш у нас. Пачынаць трэба менавіта з сябе, з таго, што даў ты, а не што далі табе. 

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter