Наступающий год Белого Быка особенно благоприятный для тех, кто работает на земле. Свои надежды на 2021-й у жителей ушачской деревни Бычки

Хто ў Бычках Цар

Адыходзіць у гісторыю высакосны 2020-ы. Астролагі прадказваюць: год Белага Металічнага Быка прынясе вялікія справы і значныя падзеі. Выказваецца шмат парад: як сустракаць свята, што дарыць родным і сябрам, якія стравы абавязкова павінны быць на стале. А як рыхтуюцца да Новага года жыхары ўшацкай вёскі Бычкі? 


Вёска атрымала шырокую вядомасць дзякуючы народнаму пісьменніку Беларусі Герою Сацыялістычнай Працы Васілю Быкаву. Тут ён нарадзіўся, скончыў сямігодку ў суседняй вёсцы Кублічы. Сялянскія падворкі Бычкоў з усіх бакоў акружаны лясамі і пералескамі. На пагорку пад разгалістым дубам прытулілася сядзіба-музей Васіля Быкава. Дрэмлюць да цёплых вясновых дзён старыя яблыні бацькоўскага саду.

Не аднойчы па журналісцкіх справах даводзілася бываць у гэтых мясцінах, сустракацца з вяскоўцамі. Помніцца, як расказвала пра жыццё землякоў аўдавелая Антаніна Быкава, жонка Міколы, брата пісьменніка. Ёй даверылі ключы ад сядзібы-музея літаратара. Клуба ў вёсцы не было, таму моладзь ладзіла гульбішчы ў сялянскіх хатах. А калі на цэнтральнай сядзібе калгаса ў суседніх Кублічах пабудавалі сельскі клуб, юнакі і дзяўчаты з навакольных вёсак збіраліся там. На навагодняе свята да раніцы не змаўкаў гармонік. 

У Бычках большасць сем’яў мела прозвішча Быкавы, таму для зручнасці ў кожнага вяскоўца была мянушку. З вясны да восені на лугах выпасваліся статкі кароў, каля якіх трымалі маладняк. 

Жывёлагадоўчую ферму меў пан. Рэшткі яго сядзібы захаваліся побач з суседняй вёскай Чарапоўшчына, дзе жывёлагадоўля і зараз у прыярытэце. Мясцовае ААТ «Агра-Селішча» спецыялізуецца на вытворчасці малака і ялавічыны.


У Бычках восем жыхароў. Некаторыя сядзібы сталі лецішчамі. Ажыўлена на падворку Тамары і Георгія Быкавых: гаспадары рыхтуюцца да навагодняга свята, чакаюць прыезду дзяцей і ўнукаў. Тамара Сцяпанаўна пасля заканчэння Магілёўскага фармацэўтычнага вучылішча атрымала размеркаванне ў кубліцкую аптэку. На танцах у сельскім клубе яе прыкмеціў трактарыст Георгій Быкаў. Малады механізатар за тры кіламетры хадзіў на спатканні з дзяўчынай. Згулялі вяселле, з цягам часу пабудавалі ўласны дом у Бычках. Дзеці выраслі, раз’ехаліся і займелі свае сем’і. Па сямейнай традыцыі на навагодняе свята наведваюць бацькоў.

Ніколі не пакідала родныя Бычкі 83-гадовая Валянціна Быкава. Замуж выйшла за аднавяскоўца Паўла. Працавала ў калгаснай паляводчай брыга­дзе, а пасля выхаду на пенсію дапамагала выхоўваць дзяцей у кубліцкім садзіку, потым разносіла пошту. Да аўдавелай Валянціны Васільеўны вярнулася з Наваполацка дачка Марыя. Узгадала Марыя Паўлаўна сваё далёкае дзяцінства. У школу хадзілі за тры кіламетры ў вёску Кублічы. У завею на санях коньмі дабіраліся на заняткі. Прасторны калідор школы ў навагодняе свята ўпрыгожвала стройная лясная госця. А якімі цікавымі былі сустрэчы ў школе са слынным земляком Васілём Быкавым! Калі ён прыязджаў да сваякоў, то не мінаў школу, дзе вучыўся да вайны. Дамоў у Бычкі пасылаў пісьмы з фронту. Ганна Аляксееўна Быкава зберагла салдацкія лісты сына. Пажаўцелыя ад часу трохкутнікі сталі экспанатамі музея-сядзібы творцы. У надыходзячым го­дзе ў цэнтры Ушачаў задумана ўсталяваць галерэю славутых землякоў пісьменніка Васіля Быкава: Рыгора Барадуліна, Пятра Глебкі, Еўдакіі Лось.

Непадалёку ад Бычкоў мемарыялам «Прарыў» велічна ўшанавана памяць тысяч ахвяр страшэннай вайны. Амаль кожны другі жыхар партызанскай Ушаччыны аддаў жыццё ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі акупантамі. 

Эксклюзіўныя дакументы сабраны ў музеі-сядзібе Васіля Быкава. Круглы год едуць сюды паклоннікі таленту геніяльнага творцы. Прымае гасцей захавальніца музея Валянціна Цар. Цікава расказвае пра стварэнне музея-сядзібы. Так, два дзесяцігоддзі таму замест струхлелай старой хаткі паўстаў складзены з круглякоў ладны дамок, у якім размешчана музейная экспазіцыя. На падворку побач з адноўленым домам (таксама з бярвенняў) клець і лазня. У Бычках захавалася традыцыя перад Новым годам парыцца. У снежныя зімы парыльшчыкі ныралі ў сумёты. Такое не забываецца. 

Кіраўнік аддзела ідэалогіі Ушацкага райвыканкама Пётр АЛЕКСЯЁНАК, старшыня Кубліцкага сельвыканкама Марыя ЯРМОШ і супрацоўніца музея-сядзібы Васіля Быкава Валянціна ЦАР.
 
Расказваючы пра традыцыі Бычкоў, Валян-ціна Яўхімаўна прыгадала абрад «Жаніцьба Цярэшкі»: 

— Моладзь збіралася ў нас у хаце і ладзіла танцы пад гармонік. Хлопцы выстройваліся на адным баку, дзяўчаты — на другім. Бойкую галасістую жанчыну выбіралі «сваццяй-маткай», якая пад спеў, прытанцоўваючы праводзіла аднаго з кавалераў каля гурта дзяўчат, выбіраючы яму адну з іх. Потым другому, трэцяму юнаку так падбірала пару, пакуль не «перажаніла» ўсіх. На працягу гульні пары танчылі. Па чарзе адзін з кавалераў раптоўна хаваўся ад дзяўчыны. Яна кідалася шукаць хлопца. Патрэбны былі спрыт і знаходлівасць. Увесь вечар гулялі, а назаўтра жанілі пары. Так і я была яшчэ школьніцай, калі на гулянні выбралі нявестай.

— А дзе свайго суджанага сустрэлі?

— У кубліцкім сельскім клубе. Ён прыходзіў на танцы з сябрамі з суседняй вёскі Лажаншчына. Сустракаліся, а потым і вяселле зладзілі. Дваіх дзяцей выхавалі. Дачка Таццяна замужам, жыве ў райцэнтры. Сын Віталік з сям’ёю атабарыўся ў Кублічах, працуе трактарыстам у гаспадарцы. У нас чацвёра ўнукаў. 

— Валянціна Яўхімаўна, як даўно ў Бычках гулялі вяселле?

— Памятаю, як аддавалі вясковую прыгажуню Ірыну замуж за армяніна Валерыя. Ён прыехаў на працу ў калгас. Прыглянулася яму наша дзяўчына. Усёй вёскай гулялі вяселле. Трох сыноў падаравала Ірына мужу. У Бычках толькі сям’я Ірыны і Валерыя Тамеянаў трымае карову. Летам звычайна ля падворка пасвіцца і цяля. Ірына Васільеўна працуе начальнікам аддзялення паштовай сувязі Кублічы, гаспадар — будаўнік. Гасцявалі ў іх армянскія сваякі. Пакарыла сэрца горцаў сваёй прыгажосцю азёрная Віцебшчына. Калі ёсць сыны, будуць і вяселлі. 

Гаспадыня Ірына ТАМЕЯН са сваёй кароўкай.

— У год Белага Быка пашанцуе тым, хто любіць і ўмее працаваць.

— Мае аднавяскоўцы заўжды славіліся працавітасцю. Спадзяюся, што бык-працаўнік будзе нам «дапамагаць» у справах. Мы з мужам трымаем коніка Орліка. З жарабяці яго выгадавалі. Вясною свой і суседскія агароды апрацоўваем. Раней была ў нас кароўка, але цяжкавата сена нарыхтоўваць, ды і зараз не праблема з малочнымі прадуктамі. Двойчы на тыдзень у Бычкі прыязджае аўтакрама. Збіраемся ля яе, віншуем адзін аднаго з надыходзячым Новым годам, купляем прысмакі да святочнага стала. У такія дні завітваюць да нас дзеці, унукі. Сустракае Новы год моладзь з навакольных вёсак ў кубліцкім клубе. 

— У навагодняе свята варта адмовіцца ад складаных страў. Бык цэніць прастату і якасць.

— Стравы ў нас традыцыйныя: салаты, мясныя прысмакі, садавіна. Што са свайго агарода, саду, а што і прыкупілі. У нас каля дома 15 сотак, невялікі садок. Дарэчы, у Бычках ён амаль на кожным падворку. Сёлета шчодра ўрадзілі антонаўка, каштэль, ранет, грушы. Нават не ўвесь ура­джай сабралі. Садавіна вылежалася і цяпер усім даспадобы. Надыходзячы год Белага Быка для жыхароў Бычкоў асаблівы. Спадзяемся, што сімвал года паспрыяе нам. 

Пасля высакоснага і непрадказальнага 2020-га вялікае жаданне перадыхнуць. Але, пэўна, не варта разлічваць на лёгкі надыходзячы год. Па сваёй сутнасці бык — працавітая жывёла і ад нас гэтага патрабуе. Таму з першых дзён новага года будзем настройвацца на працу. Галоўнае, быць здаровымі, тады і шчасце не міне.

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter