Хто быў у баі, ведае цану жыццю

«Афганцам» належыць прыняць эстафету выхавання патрыётаў

Прыняць эстафету патрыятычнага выхавання ад ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны — пачэсная місія воінаў-«афганцаў»

Такі асноўны напрамак дзейнасці быў вызначаны ў час сустрэчы кіраўніцтва Мінскага аблвыканкама з актывам абласной грамадскай арганізацыі «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане».

«Мінула амаль чвэрць стагоддзя з таго дня, калі апошнія падраздзяленні савецкага воінскага кантынгенту пакінулі зямлю Афганістана. Мы шануем воінаў-«афганцаў» як сапраўдных абаронцаў Радзімы, з якіх павінны браць прыклад тыя, хто служыць ва Узброеных Сілах зараз. І смуткуем разам з тымі, хто не дачакаўся сваіх родных з той вайны», — сказаў, вітаючы ўдзельнікаў сустрэчы, старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура.

Органы ўлады і грамадская абласная арганізацыя змаглі наладзіць цеснае супрацоўніцтва, і яно дае свае вынікі. Гэта падкрэсліў старшыня Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Валерый Гайдукевіч.

Важным напрамкам дзейнасці ён лічыць правядзенне выхаваўчай і патрыятычнай работы сярод моладзі, і тут членам арганізацыі трэба прыняць эстафету ад ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. У працяг тэмы старшыня Мінскай абласной арганізацыі Павел Крэс адзначыў: «Хто, як не людзі, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях, не па чутках ведаюць, што такое патрыятызм, і здольны перадаць свае пачуцці і адносіны іншым? Нашы актывісты пастаянна працуюць у школах, тэхнікумах, ВНУ, сумесна з ветэранамі Вялікай Айчыннай і іншымі грамадскімі арганізацыямі займаюцца патрыятычным выхаваннем, дзеляцца вопытам, назапашаным у тых нялёгкіх умовах і ў паўсядзённым жыцці. Чыста па-мужчынску і па-чалавечы хочацца сказаць дзякуй людзям, якія з гонарам выканалі свой абавязак і сёння годна вы-хоўваюць моладзь».

Другі напрамак дзейнасці — гэта ўсебаковая падтрымка воінаў і іх сем’яў. У пераважнай большасці «афганцы» — людзі самадастатковыя, якія знайшлі сваё месца ў жыцці. Але ёсць і тыя, хто па шэрагу прычын так і не змог гэта зрабіць. «Менавіта ім трэба дапамагаць у першую чаргу, не толькі маральна, але і псіхалагічна. Асобая катэгорыя — маці і жонкі загінуўшых. Трэба па прозвішчах і ў твар ведаць тых, каму неабходна першачарговая дапамога, і больш актыўна супрацоўнічаць з мясцовымі ўладамі па яе аказанні», — упэўнены Валерый Гайдукевіч.

«Вы выканалі свой абавязак перад дзяржавай, і зараз абавязак дзяржавы — не пакінуць вас сам-насам з праблемамі» — гэтыя словы Барыса Батуры пацвярджаюцца справай. У вобласці падтрымка «афганцаў» ажыццяўляецца адразу па многіх напрамках. Інтэрнацыяналісты рэгулярна праходзяць медыцынскія агляды, атрымліваюць курсы лячэння і рэабілітацыі, тэхнічныя сродкі перамяшчэння, для многіх паляпшаюцца жыллёвыя ўмовы, выдзяляюцца санаторныя пуцёўкі. У адрас найменш забяспечаных сем’яў накіроўваецца матэрыяльная дапамога. Старшыня Мінаблвыканкама лічыць воінаў-інтэрнацыяналістаў адной з самых свядомых частак грамадства. Менавіта таму быў зроблены акцэнт на тое, каб яны больш актыўна ўключаліся ў эканамічныя працэсы, наладжвалі свой бізнес. Барыс Батура прапанаваў актывізаваць дзейнасць пярвічных арганізацый у гэтым накірунку і падкрэсліў, што задача ўлады не толькі ў тым, каб аказваць пэўную дапамогу, але і ў тым, каб ствараць спрыяльныя ўмовы для развіцця дзелавой актыўнасці. А таксама запэўніў, што аблвыканкам заўсёды гатовы падтрымаць слушныя ініцыятывы.

У час сустрэчы яе ўдзельнікі ў нефармальнай абстаноўцы абмеркавалі шэраг надзённых пытанняў і выказалі прапановы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter