У Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Кацярына Булгакава працуе з 2002 года

Хто апрануў сем прыгажунь

У Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Кацярына БУЛГАКАВА (на здымку) працуе з 2002 года. За гэты час у якасці мастака па касцюмах і сцэнографа яна ўдзельнічала ў стварэнні больш як дзесяці спектакляў, сярод якіх дзве такія маштабныя работы, як оперы «Аіда» і «Набука» Дж.Вердзі, прызнаныя лепшымі музычнымі пастаноўкамі двух апошніх сезонаў па выніках конкурсу Нацыянальнай тэатральнай прэміі.



— Кацярына, калі і чаму з’явілася ў вас жаданне стаць тэатральным мастаком?

— Тэатр быў у маім жыцці з дзяцінства. Я, можна сказаць, у ім вырасла. Мая мама — мастак-мадэльер распрацоўвала касцюмы для многіх народных калектываў, а ў нашым оперным тэатры ў свой час рабіла касцюмы для спектакля «Новая зямля» паводле Якуба Коласа, які ставіў знакаміты рэжысёр Сямён Штэйн. Яна часцяком брала мяне да сябе на працу, на рэпетыцыі. Я была ў захапленні ад гэтага свету. Да таго ж доўгі час сама займалася танцамі, акрамя таго, вучылася ў мастацкай школе. 

Словам, жаданне трапіць у тэатр было натуральным. Таму і выбар будучай прафесіі зрабіла на карысць яго. У нашай акадэміі мастацтваў першую адукацыю я атрымала па спецыяльнасці «габелены і мадэліраванне касцюма», другую — «сцэнічнае і экраннае мастацтва». Так што я і мадэльер, і мастак-пастаноўшчык, і сцэнограф.

— У чым галоўнае адрозненне працы «тэатральнага мадэльера»?

— Тэатральны мастак — гэта цалкам свая спецыфіка, хаця б нават таму, што вынік яго працы выносіцца на сцэну, адлегласць якой ад гледача, напрыклад, у  нашым тэатры прыблізна 7 метраў. І гэта акалічнасць дыктуе свае законы і правілы, таму што тыя касцюмы, якія нам здаюцца прыгожымі зблізку, могуць цалкам згубіцца на сцэне. Каб гэтага не адбывалася, ёсць свае прыёмы і сакрэты. Іх я, дарэчы, спасцігала ў выдатнага майстра, якая апранала дзясяткі спектакляў нашага тэатра, Ларысы Філімонаўны Мельнік.

— Наколькі доўгі шлях тэатральнага касцюма ад задумкі, эскіза да з’яўлення на сцэне?

— Зараз у тэатры многа прэм’ер, таму даводзіцца працаваць хутка. Іншы раз, можа, і хацелася б больш часу, але не выпадае. Напрыклад, для такога «густанаселенага» спектакля, як опера «Аіда», за паўгода зрабілі з паўтысячы касцюмаў. Там жа заняты некалькі складаў артыстаў. Ад папярэдняй пастаноўкі Яўгена Чамадурава касцюмаў захавалася вельмі мала, таму прыдумвала, шукала штосьці сама.


Сцэна з балета «Сем прыгажунь».

— Каб стварыць гістарычны касцюм той ці іншай эпохі, адных прыдумак недастаткова, патрэбны і пэўныя веды.

— Канешне. Перш чым узяцца за тую ж «Аіду», я шмат чытала пра Егіпет, яго гісторыю, цікавілася сімволікай. Егіпет увесь вельмі сімвалічны з яго мноствам багоў і розных кодаў.

— А ці дапамагае сама музыка спектакля? Вы, відаць, прыхільніца оперы і балета?

— Цяпер — так, бо з імі звязаны маё жыццё і творчасць. А што да музыкі, то яна, безумоўна, дапамагае, настройвае, натхняе. Я больш люблю Вердзі. 

— Праца над якім з апошніх па часе спектакляў была асабліва цікавай?

— Напэўна, гэта балет «Сем прыгажунь» на музыку азербайджанскага кампазітара Кара Караева. Думаю, для любога мастака заўсёды цікавая ўсходняя тэма, яна адкрывае магчымасць падрыхтаваць яркія, каларытныя, прыгожыя касцюмы. У дадзеным спектаклі гэта касцюмы сямі прыгажунь —  індыйскай, харэзмскай, кітайскай, візантыйскай, славянскай, іранскай і іспанскай. Працаваць над гэтым балетам мне было адначасова і складана, і вельмі цікава.

— Па-мойму, свой першы балет — «Штраўсіяна» вы паставілі ў нашым Музычным тэатры, калі вам быў 21 год. І першы блін аказаўся не камяком.

— Сапраўды, гледачам спектакль спадабаўся, а гэта, лічу, галоўнае. Значыць, трапілі ў «дзясятачку» ўсе яго стваральнікі, у тым ліку і мастак.

— А ці бывае, што прапанаваны сцэнічны касцюм, вобраз не падабаецца выканаўцу, артысту?



— Бывала і такое, усе ж хочуць выглядаць на сцэне прыгожымі, хаця героі паводле ролі такія не заўсёды, ёсць і негатыўныя персанажы, калі і касцюм адпаведна іграе на вобраз. Але артыстам даводзіцца цярпеть. Што тут зробіш.

— Ці ёсць у вас жаданне зрабіць калекцыю адзення pret-a-porter?

— У свой час я гэтым займалася, удзельнічала і ў фестывалі моды «Белая амфара», нават займала прызавыя месцы. Але цяпер адышла ад гэтага. Каб займацца стварэннем стыльнага паўсядзённага адзення, якое будзе купляцца і насіцца, трэба мець сваю марку, брэнд, вытворчыя цэхі, а ўсё гэта вельмі складана і патрабуе значных укладанняў. Сёння мяне больш прываблівае тэатр, ён — мая стыхія.

— Але ж сабе адзенне мадэліруеце самі?

— На жаль, не. Не паспяваю. Таму іду і купляю, калі што трэба — падрабляю сама і нашу. Наогул, не люблю наварочаныя рэчы.

Дарэчы

У гэтыя дні ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры працуе персанальная выстаўка Кацярыны Булгакавай. У экспазіцыі прадстаўлены эскізы касцюмаў, фотаздымкі сцэн са спектакляў, тэатральныя касцюмы да опер «Аіда», «Набука» Дж. Вердзі, балета «Сем прыгажунь» К. Караева.

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter