Хрусткiя агурочкi ад Коласа: у музеі класіка адкрыта новая незвычайная экспазiцыя

Хрусткiя агурочкi ад Коласа

Са двара па прыступках — і ўніз. А там на паліцах — слоікі з салёнымі агурочкамі, бутэлькі з дамашнімі наліўкамі ды настойкамі, гладышы са смятанай. Свежыя яблычкі, перакладзеныя ў скрыні саломай, мочаныя кіслыя — у вядзерцы з расолам побач. Бульба, морква, капуста, буракі. А галоўнае — сапраўдная лядоўня — колішняя замена сучаснага халадзільніка. Апушчаны ў яе загорнуты ў пілавінне лёд доўга трымае нізкую тэмпературу і выдатна захоўвае прадукты — мяса, сала, каўбасы, рыбу. Менавіта такім прыстасаваннем карысталіся калісьці гаспадары гарадскіх драўляных дамоў.

Акуляры і аўтограф Коласа.



У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа ў гонар юбілею песняра — сёлета адзначаецца 135-годдзе з дня яго нараджэння — урачыста адкрылі рэканструяваную гаспадарчую пабудову — склеп.

— У новай стацыянарнай экспазіцыі прадстаўлены рэчы, а таксама разнастайныя спосабы захоўвання садавіны і гародніны, якімі звычайна карысталіся ў побыце гараджане сярэдзіны ХХ стагоддзя. Разам з тым тут можна пагартаць кулінарную кнігу   1950-х гадоў і пацікавіцца рэцэптамі страў традыцыйнай беларускай кухні. Напрыклад, павучыцца, як гатаваць агуркі ва ўласным соку, — расказвае дырэктар музея Зінаіда Камароўская.

Склеп дастаўся Коласу разам з невялікім драўляным домікам, які ён атрымаў у 1944-м, калі вярнуўся ў вызвалены Мінск з эвакуацыі з Ташкента. Жытло ўзамен колішняга згарэлага знайшоў старэйшы сын пісьменніка Даніла. У час вайны гэта хатка памерам прыкладна 5 х 9 метраў з трох пакойчыкаў і зусім маленькай кухняй была пастаўлена для начальніка нямецкага шпіталя, які размя-      шчаўся побач. А пасля вызвалення ў спаленым Мінску домік стаў адзіным магчымым вырашэннем жыллёвага пытання Коласа. Канчаткова з Масквы пісьменнік пераехаў сюды ў 1945-м, пасля смерці жонкі Марыі Дзмітрыеўны.

У 1947 годзе да доміка зрабілі двухпавярховую цагляную прыбудову. А ў 1952-м старую частку знеслі і на яе падмурку да 70-гадовага юбілею паэта ўзвялі адпаведны яго статусу вялікі прасторны асабняк, які мы бачым і сёння. У гэтым доме частымі гасцямі былі вядомыя пісьменнікі, мастакі, артысты, музыканты, вучоныя, жыла блізкая і далёкая радня Коласа. Тут ён напісаў шэраг сваіх твораў. Тут сустрэў сваю старасць, памёр таксама тут, у кабінеце за рабочым сталом       13 жніўня 1956 года.

Відавочна, маўклівым сведкам многіх падзей, звязаных з Коласавай сядзібай, жыццём народнага пісьменніка і яго сям’і, быў і невялікі скляпок, які ў пэўны час натуральна выкарыстоўваўся гаспадарамі па прамым прызначэнні. 

Адкрыццю новай часткі музейнай экспазіцыі спадарожнічае выстаўка «Якуб Колас: вядомы і невядомы». На фотаздымках 1901—1956 гадоў знакаміты пісьменнік і грамадскі дзеяч прадстае такім, якім ведалі яго блізкія, — бацькам, мужам, сябрам, дзедам, у сваёй сядзібе і за яе межамі. 

Цікавы здымак: Якуб Колас з Аляксандрай Кетлер. Пісьменнік быў старэйшы за яе на 33 гады. Яна працавала бухгалтарам у Доме друку, у газетах «Советская Белоруссия» і «Звязда». Яны пазнаёміліся, калі жонка Коласа памерла ўжо. Пісьменнік быў у вялікай скрусе. Марыю Дзмітрыеўну ён любіў, гаварыў: найлепшая з усіх на свеце — яго Маруся. А Аляксандра, Былінка, як яе назваў Колас, стала яго аддушынай. У яе былі муж і дачка, але гэта не перашкаджала сімпатыі і цёплым адносінам з пісьменнікам. Ён дапамагаў ёй матэрыяльна, часта браў з сабой у Маскву, прысвячаў ёй лірычныя вершы і пісаў пісьмы, хоць і бачыць мог што-дня. У музеі захоўваецца 256 такіх лістоў. Яны — свайго роду дзённік, у якім паміж нейкімі побытавымі справамі і заметкамі вельмі цікавыя філасофскія роздумы, ацэнкі той ці іншай сітуацыі, шмат гумару. Пісьмы, якія дасюль не надрукаваны, чакаюць свайго часу. 

Дырэктар музея Зінаіда КАМАРОЎСКАЯ: рэканструяваны склеп чакае першых наведвальнікаў

Ці было гэта каханне? Хто дасць дакладны адказ? Але ў адным з лістоў Колас піша да Кетлер, маўляў, людзі па-рознаму могуць гаварыць пра нас, але мы самі з вамі ведаем, што гэта чыстыя сяброўскія адносіны.

1956 год. Колас у застоллі. Ніколі раней гэты здымак не выстаўляўся. Побач — аўтограф «Малітва Бахусу». Дарэчы, расказваюць, любіў пісьменнік іншы раз чарку падняць, ды і хто з творчых людзей таго цураўся. Гавораць, па рукапісах бачна: як пяро пайшло выкрутасамі — спакусіў Коласа Бахус.

І зусім іншы настрой у другім рукапісным лістку — «Мой запавет». Яго знайшлі гадоў дваццаць таму: «Я — рыба, выкінутая на пясок. Калі б хто захацеў, каб рыбу пакінуць жывою, то ён ці той дагадаўся б зараз жа кінуць у вядро з чыстаю халоднаю вадою гэту рыбу. Такіх добрых душ няма. А я і не крыўджуся: я — часовы вандроўнік, чые гадзіны адлічаны…» 1946 год. Відавочна, напісаў гэтыя шчымлівыя словы пісьменнік у няпростую хвіліну душэўнай адзіноты.

Фотаздымкі з нявесткамі і на адпачынку ў Доме творчасці пісьменнікаў у Каралішчавічах; з маскоўскім перакладчыкам Сяргеем Гарадзецкім і Петрусём Броўкам; з польскім пісьменнікам Бранеўскім і яго жонкай… Дапаўняюць рэтраспектыву жыцця Якуба Коласа яго асабістыя рэчы — кашуля з гальштукам, так званыя буркі з белага лямцу, абшытыя скурай, разны драўляны кiёк, начная лямпа, тэрмас, адрыўны каляндар.

Многія з фотаздымкаў на выстаўцы прадстаўлены ўпершыню

Наведайцеся ў музей і адкрыйце для сябе другога Якуба Коласа — не толькі літаратурнага генія, класіка, выдатнейшага майстра мастацкага слова, але і звычайнага чалавека з яго думкамі, клопатамі, радасцямі і смуткам.

У тэму


Ва ўспамінах сучаснікаў і блізкіх сяброў Якуб Колас заўсёды выглядае руплівым і дбайным гаспадаром, заўзятым грыбніком і рыбаловам. Да канца жыцця народны паэт сам даглядаў малады сад, які ўласнаручна пасадзіў на сваёй сядзібе, давяраў народным прыкметам, клапаціўся пра добры ўраджай, праводзячы разнастайныя доследы.

svirko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter