Хрусталь “Нёман” — гэта прыгожа

У кожным савецкім доме посуд дзяліўся на два тыпы: паўсядзённы і святочны. Першы туліўся ў шафе на кухні, другі ганарліва выстаўлялі ў серванце або сценцы ў гасцёўні
У кожным савецкім доме посуд дзяліўся на два тыпы: паўсядзённы і святочны. Першы туліўся ў шафе на кухні, другі ганарліва выстаўлялі ў серванце або сценцы ў гасцёўні.


Галоўным экспанатам такіх хатніх музеяў быў хрусталь. Бакалы на тонкай ножцы, салатніцы мудрагелістай формы — усё гэта з асцярожнасцю і ўрачыс­тасцю даставалася з шафы некалькі разоў у год, каб пасля шумнага і сытнага застолля туды ж вярнуцца.

Хрусталь у доме быў знакам за­можнасці гаспадароў і іх сувязяў, бо такі посуд заўсёды быў у дэфіцыце. Ну а яшчэ гэта вельмі прыгожа. Ды і “Аліўе” з хрустальнай салатніцы заўсёды было больш смачнае, і “Савецкае шампанскае” з высокага бакала на тонкай ножцы падавалася больш вытанчаным…

Адным з найбуйнейшых цэнтраў вытворчасці хрусталю ў СССР быў горад Бярозаўка ў Гро­дзенскай вобласці.

Гісторыя

Рабіць шкло і хрусталь у Бярозаўцы пачалі яшчэ ў 1883 годзе. На самай справе нават раней, калі там сталі выдзімаць піўныя бутэлькі для мясцовага памешчыка. Потым майстэрню выкупілі галоўны інжынер знакамітага Дзядзькаўскага завода Краеўскі і кіраўнік мастацкай майстэрні Столе. Яны пабудавалі яшчэ некалькі цэхаў і заснавалі фірму “Нёман”.

Да 1911 года ў прэйскуранце фірмы значылася без нечага дзве тысячы відаў прадукцыі. Прычым куплялі яе не толькі ў Расіі, але і на Захадзе.

Прадпрыемства двойчы адбудоўвалі з нуля. Спачатку яго падарвала адыходзячая белая армія, а падчас Вялікай Айчыннай тут ішлі такія жорсткія баі, што ад завода каменя на камені не засталося. Першую прадукцыю ў мірны час давялося рабіць ледзь не па памяці.

Росквіт “Нёмана” пачаўся ў 1960-я. У новых цэхах былі створаны ўсе ўмовы для працы, і рабочыя прыняліся біць стаханаўскія рэкорды: толькі разнастайных бакалаў на ножцы за год рабілі па шэсць мільёнаў штук. Тады і пачалі запаўняцца серванты па ўсёй краіне беларускім хрусталём.

— Калі пайшоў сухі закон, нам забаранілі рабіць чаркі і ўсё, што звязана з алкаголем. Формы давялося пераплавіць, з графінаў рабілі вазы для садавіны, — успамінае супрацоўнік завода Антон Герасімаў.


Цяпер

1990-я пакінулі на прадпрыемстве сур’ёзны адбітак, попыт на элітны посуд рэзка ўпаў, а значыць, пайшлі ўніз і даходы шклозавода. Цяпер “Нёман” існуе шмат у чым дзякуючы дапамозе дзяржавы.

— Кан’юнктура апошніх гадоў не вельмі спрыяла прадпрыемству, якое спецыялізуецца на ручной вытворчасці. Паток недарагога посуду з Паўднёва-Усходняй Азіі заняў многія нашы традыцыйныя збытавыя нішы, — прызнаецца намеснік дырэктара завода па збыце Зоя Навіцкая.

Але “здаваць” заводы ў Беларусі не прывыклі, да таго ж для Бярозаўкі з яе дзесяццю з паловай тысячамі насельніцтва “Нёман” — практычна горадаўтваральнае прадпрыемства. На ім працуе каля дзвюх тысяч мясцовых жыхароў. Дарэчы, на вытворчасці дагэтуль у пашане ручная праца. Хрусталь выдзімаюць сілай чалавечых лёгкіх і распісваюць умелыя рукі.

Кіраўніцтву завода даводзіцца шукаць новыя рынкі збыту. Дзве трэці прадукцыі ідзе на экспарт, нёманскі хрусталь ацанілі нават у ЗША, куды пастаўкі былі наладжаны яшчэ дзесяць гадоў назад. Акрамя таго, скрынкі з каштоўным і далікатным грузам з Бярозаўкі адпраўляюць у Францыю, Германію, Галандыю, Бельгію, Балгарыю, само сабою — у краіны СНД. Цяпер у “партфоліа” завода больш за пяць тысяч відаў бакалаў, ваз, сервізаў ды іншага разнастайнага посуду.

Дзмітрый Казураў

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?