Хрэсьбіны, або Радзіны

Паралельна з абрадам хрышчэння ў храме як царкоўным асвячэннем нованароджанага ў хрысціянскую веру, у гэты ж дзень у хаце праводзілі сямейна-родавы рытуал увядзення дзіцяці ў склад сваёй сям’і і ўсяго роду, які калісьці называлі “Радзіны”.

Паралельна з абрадам хрышчэння ў храме як царкоўным асвячэннем нованароджанага ў хрысціянскую веру, у гэты ж дзень у хаце праводзілі сямейна-родавы рытуал увядзення дзіцяці ў склад сваёй сям’і і ўсяго роду, які калісьці называлі “Радзіны”.

Часцей за ўсё гэты абрад выконваўся наступным чынам: перад тым як ехаць у царкву, бабка-павітуха або маці дзіця купалі, апраналі ва ўсё белае, перавязвалі чырвоным поясам-абярэгам і тройчы па сонцы абносілі вакол стала, каб ён паважаў бацькоў і не цураўся роднай хаты. На стале на ручніку ляжалі хлеб-соль. Каля парога хаты дзіця перадавалі хросным бацькам са словамі:
“Бярыце дзіця нехрышчонае, а прывязіце пасвячонае”
або “Даём вам народжанае, а нам прынясіце хрышчонае”.
Бацькі благаслаўлялі дзіця хлебам-соллю. Кум і кума цалавалі хлеб і тройчы кланяліся бацькам.
Перад тым, як выйсці за парог, кум і кума абавязкова прысаджваліся на некалькі імгненняў — “каб дарога была добрая”.
У дарогу кум і кума бралі хлеб, соль, іншыя прадукты, каб іх хрэснік заўсёды быў, як гаворыцца, і з хлебам, і з соллю.
Калі ў дзень хрышчэння дзіцяці ішоў дождж або снег, гэта лічылася добрым знакам.
У час хрышчэння родныя бацькі дзіцяці ў храме не прысутнічалі. Хрышчэнне — гэта духоўнае нараджэнне, таму яны павінны былі на некаторы час саступіць сваё  месца духоўным бацькам — куме і куму.
Пакуль у царкве выконваўся абрад хрышчэння, у хаце рыхтаваўся святочны абед, які заўсёды завяршаўся “бабінай кашай”. Кашу варыла бабка-павітуха (яшчэ ў першай палове ХХ стагоддзя яна прымала роды, яна ж была галоўным персанажам у абрадах, звязаных з першым годам жыцця дзіцяці, у тым ліку і на хрэсьбінах. Сёння яе ролю можа выконваць адна з бабуль дзіцяці або самая старэйшая жанчына ў сям’і. Галоўнае, каб яна не была бяздзетнай або ўдавой). Перш  чым паставіць гаршчок з кашай на стол, бабка-павітуха прасіла за яе выкуп. Госці пачыналі актыўна таргавацца, але верх заўсёды быў за хроснымі бацькамі. Яны павінны былі прапанаваць самыя “вялікія” грошы. Хросны бацька  павінен быў так паставіць гліняны гаршчок на стол, каб той раскалоўся на некалькі частак. Пасля гэтага кожны з прысутных за сталом браў па лыжцы  смачнай і  салодкай кашы.
Заканчваўся абед абменам падарункамі паміж кумамі і бацькамі хрэсніка. Хросным бацькам жадалі здароўя, дабрабыту і абавязковага ўдзелу ў вяселлі хрэсніка. А затым да ўсеагульнай радасці гасцей кум і кума павінны былі тройчы пацалавацца.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter