Хоць сёння і юбілей горада, але вёска ў нас заўсёды на першым плане

Старшыня райвыканкама Алег Морхат — пра цяперашні і заўтрашні дзень раёна

— Алег Віктаравіч, за няпоўную пяцігодку на пасадзе старшыні Глыбоцкага райвыканкама ўжо прыйшлося перажыць і падрыхтоўку да рэспубліканскага Дня пісьменнасці, а цяпер вось — і 600-годдзе горада. Цяжкавата?

— Маё жыццёвае крэда, як бы гэта банальна ні гучала: прыгажосць выратуе свет. Гэтай ісціны і прытрымліваюся.

З чым адразу сутыкнуўся на гэтай пасадзе? Былі праграмы дзяржаўныя, з дакладна расстаўленымі акцэнтамі. Але не ўсё можна прадугледзець, ахапіць праграмай. Многае трэба вырашаць на месцы, самім. Вось і пачаў з навядзення парадку, прыгажосці. Не ў тым сэнсе, што падмясці вуліцу, дзесьці нешта падфарбаваць, а ў глабальным. Канечне, мы ўдзячны дзяржаве за інвестыцыі да Дня пісьменнасці 2012 года. Але яшчэ калі мы не ведалі, што выберуць менавіта нас гаспадарамі свята, шмат паспелі зрабіць, асабліва для падрастаючага пакалення. Правядзенне Дня пісьменнасці спрыяла поўнаму абнаўленню Дома культуры з танцавальнай залай, стаматалагічнай паліклінікі, спартыўнай залы, дзіцячай мастацкай школы імя Язэпа Драздовіча, добраўпарадкаванню цэнтральнай плошчы горада і наберажнай возера Кагальнае, адкрыцця сквера знакамітых землякоў і шмат чаго іншага.

— І, як кажуць, без перадыху працягнулі падрыхтоўку да 600-годдзя Глыбокага?

— Што без усялякай перадышкі, то сказана правільна. Але затое многае ўдалося. Вырас новы мікрараён горада Паўночны. За чатыры гады там узведзена 10 шасцідзесяцікватэрных дамоў. Шырокім фронтам ідзе індывідуальнае будаўніцтва, па паўтары сотні і больш наваселляў за год. Поўнасцю заклалі інфраструктуру пад будоўлю 73 дамоў. Штогод здаём да 20 тысяч квадратных метраў жылля. Дзякуючы і гэтаму ўпершыню нараджальнасць насельніцтва ў горадзе перавысіла смяротнасць. Адрамантавана нямала вуліц на ўскраінах горада.

Пералік можна працягваць, але я хацеў бы спыніцца на аспекце духоўным. Сёння шмат веруючых людзей. Таму здзейснена наступная ідэя: спачатку ўстанавілі вялікі крыж на ўездзе ў горад з боку Полацка. Такі ж крыж з’явіўся потым і на востраве возера Вялікае ў самім райцэнтры. На тым месцы, у былым манастыры, у гады Вялікай Айчыннай вайны ад рук фашысцкіх катаў загінулі 27 тысяч мірных жыхароў. Гавораць, што фашысты, каб не хаваць загінуўшых вязняў, скідвалі іх прама ў возера. Гэты крыж будзе напамінкам нам аб той трагедыі, і мы будзем маліцца, каб быў мір на зямлі.

— У раёне вельмі ўшаноўваюць памяць людзей, якія ўнеслі асаблівы ўклад у яго развіццё, праславілі як у самой краіне, так і за яе межамі. Вы ўжо гаварылі пра сквер знакамітых землякоў, дзе ўстаноўлены скульптуры авіяканструктара Паўла Сухога, заснавальніка беларускага тэатра Ігната Буйніцкага, мастака Язэпа Драздовіча і іншых. А да 600-годдзя горада адкрыта Дошка гонару Герояў Сацыялістычнай Працы.

— Так, мы зрабілі Дошку гонару Герояў Сацыялістычнай Працы, якіх у нас 8 чалавек толькі ў галіне сельскай гаспадаркі: Максім Клімянок, Міхаіл Лытасаў, Міхаіл Мацюшонак, Леанід Пугаўка, Соф’я Юргель, Лідзія Плыгаўка, Васіль Асяненка, Уладзімір Вайтэцкі. Пра іх напісана ў кнігах, ёсць інфармацыя ў Інтэрнэце, але яны павінны быць навідавоку.

— А што гэта за трактар нядаўна ехаў па вуліцах горада?

— Гэта ДТ-20 Харкаўскага трактарнага завода. Малайцы нашы хлопцы, завялі. А трактару ж больш за паўвека. Просценькі ў эксплуатацыі, надзейны... Вось і ўзнікла ідэя сабраць рарытэтную сельскагаспадарчую тэхніку на пляцоўку ў адным месцы, пачынаючы з ДТ-20, гусенічнага Т-74, на якім я разам з бацькам катаўся, а таксама Т-40, «МТЗ-5», «Беларусь», К-700, Т-150, машыны «ГАЗ-51» і іншыя. На гэтай тэхніцы людзі працавалі пасля вайны, разрухі, у неверагодна цяжкіх умовах. І нашай моладзі вельмі карысна ведаць, параўнаць, якая была тэхніка тады і якая — сёння.

— Некаторыя госці горада, пабываўшы ў Глыбокім, не хаваюць зайздрасці: напэўна, праліўся «залаты дождж»?

— З адной папраўкай: гэты «дождж», хаця далёка не залаты, мы творым самі.

Як я адзначаў ужо, да Дня пісьменнасці мы атрымалі частку інвестыцый ад дзяржавы, і за гэта ўдзячны ёй. Але шмат давялося ўкласці і сваіх сродкаў. А да юбілею горада разлічвалі амаль толькі на свае сілы. Правялі некалькі суботнікаў. На базе жыллёва-камунальнай гаспадаркі стварылі парк азелянення. Там вырошчваецца расада кветак, якую раней закуплялі па ўсёй Беларусі і плацілі неймаверныя грошы. Сёння горад патанае ў кветках. А насупраць чыгуначнага вакзала з’явілася нават кветкавая паляна з клумбамі розных арганізацый і прадпрыемстваў, якія, акрамя таго, маюць свой вызначаны ўчастак у горадзе па яго даглядзе. Яшчэ адзін прыклад. Нядаўна ўстаноўлена ў скверы па вуліцы Максіма Горкага скульптура Мюнхгаўзена. Згодна легендзе, некаторыя прыгодніцкія гісторыі з ім здарыліся менавіта на Глыбоччыне. Таму сведкай і магілка ў нашым райцэнтры з надпісам на помніку, што тут пахаваны барон Мюнхгаўзен. Дык вось, зрабілі гэты цудоўны помнік у некалькі метраў вышынёй майстры-глыбачане з фірмы «У Ажуры».

А калі гаварыць па вялікім рахунку, то на ўсіх нашых прадпрыемствах — малочнакансервавым камбінаце, мясакамбінаце, камбікормавым заводзе і іншых — праведзена і доўжыцца мадэрнізацыя. Наша прадукцыя пастаўляецца ў дзясяткі краін свету і дае сур’ёзную валютную выручку. Як бы гэта парадаксальна ні гучала, эканоміка рухаецца дзякуючы і навядзенню парадку, той жа прыгажосці. Такі прыклад: раней прадпрыемствы і арганізацыі абкошвалі замацаваныя за імі ўчасткі ўзбочын дарог, няўдобіц ручнымі косамі. Потым пачалі набываць механічныя. Але ж трэба было зарабіць грошы на іх набыццё, а потым — на гаручае. Косы гэтыя прывезлі камерсанты і заплацілі падатак. Між іншым, камерсанты даюць у бюджэт раёна 14 працэнтаў ад усяго. Карацей кажучы, мы ніколі не станем гаспадарамі, пакуль не станем самі зарабляць грошы, лічыць і цаніць кожны рубель. Грошы — як рака, асабліва, калі іх няправільна выкарыстоўваць.

— Відавочна, што самі глыбачане, простыя людзі, без усялякіх падказак імкнуцца зрабіць свой горад прыгажэйшым. Яскравым прыкладам з’яўляецца наступны факт: адна бабуля прыйшла ў райвыканкам і прапанавала свае зберажэнні для горада.

— І гэта не адзіны прыклад. Мы вымушаны былі ў банку адчыніць нават спецыяльны дабрачынны рахунак, калі стваралі скульптуру «Іісус і самаранка». Дарэчы, імёны жыхароў горада і раёна, якія ахвяравалі свае сберажэнні на грамадскія справы, будуць занесены ў асобную кнігу. Яна будзе захоўвацца ў музеі, каб нашчадкі і праз сто, і праз пяцьсот год ведалі, якія жылі тут людзі.

— Напэўна, своеасаблівай рэпетыцыяй сённяшнага свята з’явіўся леташні «Вішнёвы фестываль», праведзены ў Беларусі ўпершыню, на якім пабывала звыш дзесяці тысяч гасцей з нашай краіны, блізкага і далёкага замежжа, і які стаў брэндам Глыбокага?

— Так, Глыбокае ведалі ў нас і за мяжой па згушчонцы, па зялёнаму гарошку, прадукцыі мясакамбіната. Але не ўсе ведалі, што на Глыбоччыне 106 азёр, што чвэрць тэрыторыі раёна займае лес. Што тут ёсць дамы адпачынку, шмат аграсядзіб. Лічу, што будучае Глыбоччыны, як і ўсёй Беларусі, — за турызмам. На «Вішнёвым фестывалі» ў нас завязалася шмат цесных сувязяў з блізкімі і далёкімі рэгіёнамі. Мы сёння супрацоўнічаем з Францыяй у сферы адукацыі і медыцыны, з Расіяй, Германіяй, Польшчай, Арменіяй, Ізраілем, Галандыяй, Малдовай, краінамі Прыбалтыкі. Гэта кола будзе пашырацца.

— А ці не здарыцца так, што надаючы столькі ўвагі гораду, вы нечым абыходзіце вёску?

— Шчыра кажучы, я чакаў гэтае пытанне. Ні ў якім разе вёску не крыўдзім. Наадварот, поўная падтрымка. Па-першае, мы праводзім у гаспадарках выязныя выканкамы. Рыхтуемся загадзя, вызначаем шэраг аб’ектаў. У нас 16 гаспадарак, і практычна за год мы пабываем у кожнай. Апошні раз выязны выканкам праводзілі ў Стрынадках. Паказалі запрошаным на яго, як адрамантавана кантора, кватэры ў двухпавярховых дамах, фермы. Як прыведзена ў парадак тэрыторыя.

Другі момант — святы вёсак. Так, ёсць ФАПы, бальніцы, крамы. Але ж самае галоўнае — людзі, увага да іх. Ну і, канечне, перад святам яны прыводзяць у парадак кожны кавалачак зямлі. Апошні раз свята адбылося нядаўна ў Каміншчыне, галоўнымі героямі якога сталі ардэнаносцы вёскі. Акрамя гэтага, усе буйныя прадпрыемствы раёна маюць свае сельгасфіліялы, за кожнай фермай таксама замацавана арганізацыя ці прадпрыемства.

— Як вы паспяваеце ўсюды?

— Адзін, вядома, шмат не змог бы. Але ёсць моцная каманда аднадумцаў, саратнікаў. Гэта старшыня райсавета Галіна Уладзіміраўна Унуковіч, якая была да нядаўняга часу маім намеснікам па сацыяльных пытаннях і генератарам многіх цікавых ідэй, гэта мой намеснік па будаўніцтве Аляксей Антонавіч Янкевіч, дырэктар ЖКГ Андрэй Іосіфавіч Шымковіч, намеснік па эканоміцы Алена Усцінаўна Шалонька, кіраўнік справамі Іна Анатольеўна Пачопка, начальнік аддзела райвыканкама Алеся Казіміраўна Кашко. Работа ў іх нялёгкая, але яны вытрымліваюць узяты тэмп.

— Алег Віктаравіч, што  пажадаеце жыхарам раёна і гасцям у дзень юбілею горада?

— Здароўя, плёну ў справах, дабрабыту ў сем’ях. Каб наш горад і наш край на сваім сёмым стагоддзі яшчэ больш прыгажэў, а любоў глыбачан да яго мацнела і праяўлялася ў прымнажэнні таго, што створана.

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter