Плавалi-ведаюць? Нягледзячы на забарону, адпачывальнікі ўжо атакуюць тэхнічныя вадаёмы, дзе купацца небяспечна

Хоць стой, хоць пляж

У гэтым маі па-летняму цёпла. Сонца грэе, птушачкі спяваюць, дрэвы квітнеюць... Адзінае, што часам азмрочвае гэтую ідылію, — навальніцы і дажджы, і то на кароткі час. І зноў спякотна: хтосьці ўжо нават адкрыў купальны сезон на гарадскіх вадаёмах. Але не кожнае месца ля вады — зона адпачынку. Як мінчане купаюцца ў межах МКАД, нягледзячы на забарону, назірала карэспандэнт «Рэспублікі».

Міліцыянеры будуць патруляваць вадаёмы, дзе забаронена купацца.
Калаж Юліі КОСЦІКАВАЙ

Любімыя месцы адпачынку ў Мінску і наваколлi — Камсамольскае возера, Заслаўскае, Цнянскае вадасховішчы, Вяча, Пціч, Дразды... Але не ўсім падабаецца адпачываць на афіцыйных пляжах. Асабліва гэта тычыцца жыхароў Ленінскага раёна. Кожны год у спякоту яны забываюць пра забарону і ідуць, каб паплаваць у вадзе мясцовых вадаёмаў. А рака Свіслач, Чыжоўскае вадасховішча і Лошыца, каналы Сляпянскай воднай сістэмы — тэхнічныя і не прызначаны для купання. Плаваць у іх катэгарычна забаронена.

Паглядзім, наколькі мінчане звяртаюць увагу на абмежаванні. Са мной участковы інспектар міліцыі ААПП МГБ Ленінскага РУУС Мінска Канстанцін Новікаў. Накіроўваемся да Сляпянскай воднай сістэмы. Яе працягласць — больш за 20 кіламетраў. 

Ля вады размясцілася кампанія падлеткаў. Адразу становіцца зразумела: яны прыйшлі не любавацца прыродай, а зладзіць пікнік. Назіраем, чым ён скончыцца. Ужо хвілін праз дзесяць на «паляне» з’яўляецца бутэлька з алкаголем. Прапускаюць некалькі чарак і аднагалосна вырашаюць акунуцца ў ваду.

— Адпачываць, толькі без спіртнога, на беразе можна. Але купацца тут нельга, — Канстанцін Новікаў не дае падлеткам зайсці ў ваду. — Пляжы тут не абсталяваны, не працуюць ратавальнікі, няма буйкоў. І яшчэ: выбрацца з вады на бетонную набярэжную будзе складана, яна даволі высокая. Таму лепш не рызыкаваць.

Тое ж гаворым іншай кампаніі, якая размясцілася воддаль. Адпачываюць хлопцы і дзяўчаты. Мабыць, студэнты. Пакуль дзяўчаты загараюць і накрываюць «стол», юнакі забаўляюцца: адзін з іх гатовы нырнуць.

— Думаеце, гэта бяспечна? Дно гэтага вадаёма бетоннае, — перасцерагаем хлопца. 

Накіроўваемся да Чыжоўскага вадасховішча, якое таксама стала для мясцовых жыхароў своеасаблівым бясплатным «аквапаркам». У спякоту на берагах збіраюцца падлеткі, студэнты і цэлыя сем’і. Цікавімся ў маладой пары, хацелі б яны акунуцца ці не?

— Не, вы што. Вада тут не для купання, — закаханая парачка ходзіць уздоўж вады і вышуквае качак, каб накарміць батонам. 

...Набярэжная ракі Свіслач, галоўнай воднай артэрыi горада, заўсёды прывабная для жыхароў і гасцей. У асноўным каб прайсціся па беразе, атрымаць асалоду ад пейзажаў, зрабіць памятныя фота. Але і тут некаторым хочацца асвяжыцца: калі ахаладжальныя напоі не дапамагаюць, людзі ідуць у ваду. Вось і цяпер жанчына спускаецца да Свіслачы проста на нашых вачах. Участковы інспектар кажа строга:

— Гэты водны аб’ект для купання непрыдатны!

Але жанчыне, здаецца, мора па калена. Яна ўваходзіць у ваду па пояс. Але неўзабаве азіраецца на нас:

— Я плаваць не буду. Я так... крыху пастаю. Паназіраю за рыбкамі, вунь колькі іх!

Пакуль жанчына «мочыць ножкі» ў вадзе, размаўляем з ёй. Я ўзгадваю нядаўні выпадак: у Тураве ў рацэ Струмень патануў малады чалавек 1995 года нараджэння. Юнак адправіўся адзін да неабсталяванага для купання месца. Яго вопратку знайшлі на беразе, крыху пазней — цела. Дарэчы, у Гомельскай вобласці гэта ўжо другі такі трагічны выпадак з пачатку мая — да гэтага ў Рэчыцы ў Дняпры патануў мясцовы жыхар 1969 года нараджэння. Пасля маіх слоў дама паспяшалася выйсці з ракі. Прызналася: на самай справе хацела акунуцца, калі мы сыдзем. Але зараз ні-ні: толькі ў дазволеных месцах і пад наглядам ратавальнікаў.

Намеснік начальніка Ленінскага РУУС Мінска палкоўнік міліцыі Сяргей Дубовік папярэджвае: «У гэтым сезоне, як і раней, міліцыянеры будуць патруляваць вадаёмы. Падчас рэйдаў прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці тых, хто купаецца ў забароненых месцах рэк, азёр ці іншых вадаёмаў. Парушальнікі атрымаюць штраф у памеры ад адной да трох базавых велічынь (пакаранне прадугледжана артыкулам 23.63 КаАП)».

popko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter