Хоць на тыдзень у Камарова

РЭСПУБЛІКАНСКАЯ выстава-кірмаш народных рамёстваў і промыслаў «Камарова — кола дзён», што праходзіла на Мядзельшчыне ў мінулую суботу, сёлета сабрала звыш 200 майстроў народнай творчасці з усіх куткоў Беларусі.

А, можа, і на ўсё жыццё.

РЭСПУБЛІКАНСКАЯ выстава-кірмаш народных рамёстваў і промыслаў «Камарова — кола дзён», што праходзіла на Мядзельшчыне ў мінулую суботу, сёлета сабрала звыш 200 майстроў народнай творчасці з усіх куткоў Беларусі.

Вольга Кудрашова з Гродна вырабляе славянскія лялькі-абярэгі. Гэтае захапленне вось ужо тры гады, як стала для жанчыны формай самазанятасці. Прадае свае вырабы Вольга менавіта на такіх вось выставах.

Тэкстыльныя лялькі нашы продкі (і менавіта жанчыны) рабілі на розныя выпадкі жыцця. Навучыла Вольгу гэтаму майстрыха Зінаіда Зіміна.  А вось бондар з Маладзечанскага раёна Аляксандр Странкоўскі пераняў занятак ад дзеда. Так здарылася, што і цесць яго з Мядзельскага раёна займаўся вырабам бочак. Гэта рамяство і цяпер корміць сям’ю.

У наступным годзе арганізатары, а гэта Мінскі абласны выканаўчы камітэт, Дэпартамент па прадпрымальніцтву Міністэрства эканомікі, Мядзельскі райвыканкам і Цэнтр развіцця сельскага прадпрымальніцтва «Камарова», мяркуюць зрабіць выставу міжнароднай. Геаграфічнае знаходжанне вескі Камарова побач з мяжой прыбалтыйскіх рэспублік дае для гэтага ўсе падставы.

А «закруцілася кола» ў 2006-м. На першую выставу-кірмаш прыехалі 15 майстроў. У наступны раз Камарова ўжо прымала 70 народных умельцаў. Год ад году колькасць удзельнікаў свята пашыраецца. Як і наведвальнікаў. Цяпер прадумваюць, як прыцягнуць замежных турыстаў. І вераць, што іх задумка спраўдзіцца. Бо нават у назве свята закладзены няспыннасць, бясконцасць. Як круціцца кола, так і цячэ наша жыццё.

— Калі ў нас тут будзе прыгожа і цікава, замежныя госці прыедуць і прывязуць сюды грошы, — упэўнены кансультант Цэнтра развіцця сельскага прадпрымальніцтва «Камарова» Эдуард Вайцяховіч. — Мы павінны імпарціраваць кашалькі, і Нарачанскі край вельмі прыдатны для гэтага. А калі мы гаворым пра ўстойлівасць развіцця, то перш за ўсё разумеем, што ў пэўным рэгіёне хочацца жыць, сюды хочацца прыязджаць.

Зрэшты гэты чалавек заўсёды ішоў на некалькі крокаў наперадзе. Цэнтр развіцця сельскага прадпрымальніцтва таксама ствараўся з яго ўдзелам. Адным з першых у Мінскай вобласці, ды і ў рэспубліцы, пачаў займацца агратурызмам. «Спачатку не верылі, што ў вёсцы можна адпачываць лепш, чым на якім-небудзь папулярным курорце, — расказвае Эдуард Антонавіч, — але калі наша сям’я набыла хутар, адрамантавала дом, абсталявала ўтульныя пакоі і пачала прымаць першых турыстаў, і іншыя вяскоўцы захацелі займацца гэтай справай. Летась мы, напрыклад, змаглі зарабіць 140 мільёнаў рублёў. Калі мы ў Цэнтры пачалі развіваць альтэрнатыўную энергетыку, колькі было скептыкаў! Маўляў, ветракі ў нас ставіць нявыгадна, а сонечныя батарэі дык і наогул марная трата грошай. Цяпер жа расходы нашага офіса, яны, праўда, невялікія, поўнасцю пакрываюцца сонечнай батарэяй, бо электраэнергія, якую яна вырабляе, прадаецца па больш высокіх тарыфах. Не верылі, што хлебапякарня на весцы можа эфектыўна працаваць. Цяпер мы запрашаем кожнага пазнаёміцца і з яе работай».

Але самая галоўная мэта, дзеля чаго ўсё ствараецца, — прыцягнуць на вёску моладзь. Камарова стала той эканамічнай мадэллю сельскага населенага пункта, дзе можна жыць не горш, чым у горадзе. Тут на тысячу насельніцтва ўжо маецца каля 15 прадпрымальнікаў.

Наступны этап, на які мяркуе выйсці мясцовы Цэнтр, стварэнне мадэляў розных бізнесаў. Ужо маецца будынак, дзе будуць стварацца розныя майстэрні — лозапляцення, кузня, сыраварня, каўбасны цэх і іншыя. Мадэльныя бізнесы будуць паказваць, як на практыцы можна займацца сваёй справай. У сельскагаспадарчым ліцэі, што размешчаны ў Камарове, будуць вучыць будучых прадпрымальнікаў для сельскай мясцовасці. Ёсць намер займацца і арганічным земляробствам, конегадоўляй. І даказаць, што на вёсцы жыць прэстыжна.

Алена КЛІМОВІЧ, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter