Хоць i з ваты, але не забыты

Сапраўдны «iнкубатар» Дзядоў Марозаў створаны ў вёсцы Заронава

Сапраўдны «iнкубатар» Дзядоў Марозаў створаны ў вёсцы Заронава 

Калi трапляеш у краязнаўчы музей Заронаўскай базавай школы Вiцебскага раёна, у лiчаныя хвiлiны забываешся, што за яго сценамi iмклiвы касмiчна-камп’ютэрны век. Адразу з парога ўпiраешся ў бялюткую печ з ашчэранай гарачай пашчай, дзе ў засмаленым да чарнаты чыгуне тушыцца пахучая бульба з рознымi прысмакамi. 

— Заходзьце, заходзьце, госцейкi дарагiя, — з парога засыпае нас прыказкамi ды прымаўкамi галоўная гаспадыня этнаграфiч­нага музея, настаўнiца беларускай мовы i лiтаратуры Заронаўскай школы Людмiла Канстанцiнаўна Нiкiцiна. — Просiм, што ў рот носiм. Калi загадзя добрых людзей чакаем, то ў нашай чароўнай печцы такiя стравы згатуем, што нi ў адным рэстаране не пакаштуеце. 

Дарэчы, з-за запечка дзёрзка выглядае нейкая дзiўная канструкцыя, якая дужа нагадвае… самагонны апарат са старых кiнафiльмаў. Так i ёсць, як пацвердзiла Людмiла Канстанцiнаўна, гэта самы сапраўдны старадаўнi агрэгат па вырабе «народнай» гарэлкi. Таксама дзеючы, але ў музейным iнтэр’еры па прамым прызначэннi не выкарыстоўваецца. Сам па сабе гэты экспанат надзвычай эксклюзiўны. У iм ёсць, апроч класiчнага змеевiка, розных труб i карыт, нават дэталi з гiльзы артылерыйскага снарада. Такая вось дасцiпная «канверсiя» для роздуму нашчадкаў. 

Паколькi ў штаце вясковага музея не прадугледжана адзiнкi вызваленага экскурсавода, ужо больш за два дзесяткi год гэту ролю з задавальненнем выконвае настаўнiца Людмiла Нiкiцiна. Паспыталi тут духмяных дранiкаў i тушанай бульбачкi з марынаванымi цi салёнымi агурочкамi нават спешчаныя  iншаземцы. Але найперш дзiвiлiся сабранай з вялiкаю любоўю спадчыне многiх стагоддзяў Заронаўскага краю. Свае сляды пакiнулi ў этнаграфiчным музеi госцi з Масквы, iншых расiйскiх рэгiёнаў, з Iзраiля, шэрага еўрапейскiх краiн. А кiтайцы нават цэлы дзень правялi ў Заронаве, усяму дзiвiлiся, фатаграфавалi i самi ў знак удзячнасцi шмат спявалi i танцавалi. А немцы, якiя будавалi жыллё на Лепельшчыне для «чарнобыльцаў», таксама былi ў захапленнi ад этнаграфiчных рарытэтаў музея. 

Вось i мы пераходзiм ад экспаната да экспаната, дзiвiмся то на цяжкiя сялянскiя жорны для размолу зерня, то на ручную пiлараму, то на кавальскiя i пчалярскiя прылады i прычындалы… Уражваюць калекцыi эксклюзiўных самавараў, замкоў, лапцей. 

Цяжка прайсцi мiма калекцыi даматканых ручнiкоў. Такой больш нiдзе не ўбачыце. Бо тут увасоблены местачковыя матывы. Ёсць нават з радзiмы славутага беларускага этнографа i асветнiка Васiля Цяпiнскага, з вёскi Цяпiна, тканыя i вышываныя ў XIX стагоддзi. Адразу ўзгадваюцца матыў i словы любiмай у нашым народзе песнi пра Янку: «…па рацэ далёка ручнiкi плылi». Наведвальнiкi з дапамогай ручнiкоў i набожнiкаў на сакавiтай роднай мове могуць прачытаць цэлы радавод роднага краю. Ад сiвой мiнуўшчыны да нашых дзён. 

Праўда, ёсць экспанаты i не зусiм мясцовыя, хаця карысталiся iмi, зразумела, местачкоўцы. Вось амерыканская пiшучая машынка выпуску 1910 года. Таксама дзеючая, але з наступам электронных машын i камп’ютэраў годная хiба што толькi для музея. 

А вось i самы ўрачысты момант нашай экскурсii. Можна сцвярджаць, што гэта эксклюзiўны праект самой настаўнiцы i стваральнiцы фондаў музея Нiкiцiнай. Неяк прынеслi дзецi ў музей старога Дзеда Мароза з ваты. Можа, яшчэ пасляваеннага часу. Пакрыўджанага i забытага. Людмiла Канстанцiнаўна адчула ў гэтым моманце нешта настальгiчнае. Па яе прапанове хлопчыкi i дзяўчынкi на старых гарышчах адшукалi яшчэ цэлы тузiн розных па ўзросце i памеру Дзядоў Марозаў. I не магазiнных, а самаробных – з ваты, iншых мясцовых матэрыялаў. 

А потым калекцыя папоўнiлася сотнямi навагоднiх цацак. Ёсць сярод iх рарытэтныя, магчыма, нават у адзiнкавых экземплярах у краiне. Такiя сёння нiдзе ўжо не выпускаюць. Затое ў Заронаве цэлая дружына Дзядоў Марозаў стане на навагоднюю варту па захаваннi для нашчадкаў найкаштоўнейшай спадчыны роднага краю. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter