О простых способах стать счастливее

Хопіць чакаць, дзейнічайце!

Сваё жыццё можна кардынальна змяніць незалежна ад часу і дня ў календары. Такая выснова напрошваецца, калі робіш спробы вырвацца з цяжкіх абдымкаў восеньскай хандры. Запрашаю паразважаць, ад чаго ж залежыць пазітыўны настрой і што варта рабіць для адчування радасці і шчасця.

Фото pexels

Каб пачаць займацца фізкультурай, правільна харчавацца і сачыць за водным балансам свайго арганізма, не трэба чакаць панядзелка ці цуда, якое павінна раптам наступіць (а можа, і не). Жыццё паказвае: сама па сабе праблема не вырашыцца. Як праца будзе любімай, дзеці пачнуць добра вучыцца, а муж нарэшце стане дарыць кветкі і ўпрыгажэнні, калі сама гэтаму не паспрыяеш? Вядома: больш проста і эканомна для растрат душэўных — чакаць. Аднак працэс гэты можа зацягнуцца і прывесці да розных непрыемных рэчаў.

Ці не больш эфектыўна, не адкладваючы праблемы да святога ніколі, пачаць самім нешта рабіць для іх вырашэння? Першае, што патрэбна, — зрабіць хаця б адзін маленькі крок, каб выйсці з зоны звыклага камфорту і ўсё ж дасягнуць поспеху.

Бясспрэчна, паўнавартасная праца над сабой не кожнаму пад сілу. Прасцей чагосьці лепшага чакаць ад іншых. Зразумела, трохі сцішваць хаду прымушае трывога перад невядомасцю: ці правільна раблю, што будзе, калі пачну нешта мяняць? Каб пазбавіцца ад самаразбуральнага страху, раю выкарыстаць такую тэхніку, чымсьці падобную на прагулку па цёмным лесе. Уявіце, вы ідзяце па гушчары, дарогі не відаць, незразумела хто можа выскачыць з-за куста. А вось як толькі цемру праб’е сонечны прамень, адразу стане ясна, куды далей трымаць маршрут. Так і са зменамі ў жыцці. 

Чаму многім людзям уласціва чакаць, а не дзейнічаць? Стан унутранай бездапаможнасці — комплекс, напрацаваны папярэднімі пакаленнямі, на долю якіх выпала шмат выпрабаванняў. Напрыклад, мая бабуля часта прыгаворвала: «Трэба жыць, як набяжыць». Здавольвацца чымсьці малым? Бясспрэчна, у гэтым ёсць вялікая філасофія і мудрасць продкаў. Многія мінімалісты, што адмовіліся ад празмернасці і багацця, спакойна пераязджаюць з горада ў вёску, набываюць апусцелыя хаты ў сельскай мясцовасці і жывуць з радасцю. Гэта, як кажуць, каму і што для шчасця патрэбна.

Разабрацца ў сабе, зразумець, дзе і з кім камфортна, павінен кожны чалавек. І гэта, як сцвярджаюць спецыялісты, важна таксама і для ўзроўню самаацэнкі, якая і вызначае той самы поспех. 

Формула рэальнага поспеху такая: канкрэтныя дзеянні і адказнасць за ўласныя рашэнні. Падзялюся лайфхакам: перад тым як перайсці да выканання важных спраў (і нават простых бытавых), загадзя патрэбна скласці карту-стратэгію. Яе яшчэ ў школьныя гады мяне навучыла рабіць добрая настаўніца. Схема простая: пішаш задачу, вызначаеш час, які плануеш затраціць на яе выкананне. Шкада адной-дзвюх гадзін на распісванне падрабязнага плана? Дарма! Дзякуючы выразнай стратэгіі затрачаны час акупіцца ў сто разоў. Не верыце? Тады паспрабуйце!

А якія спосабы стаць больш шчаслівым ёсць у вас? Раскажыце нам!

kuzmich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter