Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Творы класікаў беларускай літаратуры гучаць па-іспанску

Ходзяць вершы па Зямлі

У перапісцы з супляменнікам ва Уругваі, Ганаровым консулам Беларусі ў гэтай далёкай лацінаамерыканскай краіне Себасцьянам Андраюком мы неяк закранулі асобу пісьменніка і перакладчыка Карласа Шэрмана. Той, нарадзіўшыся ў Монтавідэа ў сям’і перасяленца з беларускага Пінска, амаль што ў 25-гадовым узросце пераехаў на радзіму бацькі. Аднак жыццё яго назаўжды было звязана з двума кантынентамі. З беларускай мовы ён перакладаў на іспанскую вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, аповесці і раманы Васіля Быкава, Аркадзя Куляшова, Івана Чыгрынава. А па-беларуску ў ягоным перакладзе можна пачытаць творы Нікаласа Гільена, Габрыэля Гарсія Маркеса, Фелікса Радрыгеса, Арманда Гомеса, Габрыэлы Містраль, іншых. Спадар Себасцьян пісаў, што цікавіўся біяграфіяй Карласа Шэрмана, чытаў яго ўспаміны пра пераезд у Пінск, працу на запалкавай фабрыцы, тугу па Уругваі, заснаванні Беларускага цэнтра міжнароднай пісьменніцкай праваабарончай арганізацыі ПЭН... А ў асабістай бібліятэцы Себасцьяна Андраюка ёсць кнігі Васіля Быкава “Сотнікаў”, “Абеліск”, “Альпійская балада” — у перакладах Карласа Шэрмана на іспанскую мову.

У 1982 годзе, да 100-х угодкаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, па-іспанску выйшаў зборнік выбраных твораў пісьменнікаў “Папараць-кветка”. Асобнік выдання захоўваецца і ў Дзяржаўным літаратурным музеі імя Якуба Коласа. Яго алічбаваную версію паабяцалі ў музеі перадаць уругвайскім супляменнікам. Мо, дапаможа кніга зладзіць якія імпрэзы ў гонар Песняроў і за акіянам. Сапраўды, 135-годдзе Народных паэтаў Беларусі адзначаецца па ўсім свеце!

Дарэчы, сёлета запланавана выпусціць і зборнік перакладаў вершаў беларускага паэта Максіма Багдановіча на іспанскую мову. Інфармацыя пра гэта з’явілася на сайце беларускай Амбасады ў Іспаніі. А сёлета ўвесну ў Мадрыдзе прайшоў літаратурны вечар, прысвечаны творчасці Максіма Багдановіча. У імпрэзе паўдзельнічалі прадстаўнікі беларускай дыяспары ды іспанскай інтэлігенцыі, зацікаўленыя культурай Беларусі.

Ідэю і сцэнар вечарыны распрацавалі нашы супляменніцы Вера Кухарава і Ларыса Малышава. Арганізацыйную дапамогу ў правядзенні свята паэзіі аказалі Амбасада Беларусі ў Іспаніі ды Літаратурны музей Максіма Багдановіча з Мінска.

На сустрэчы гучалі вершы паэта розных гадоў, тэксты з яго лістоў, успаміны сучаснікаў літаратара, а таксама пераклады вершаў Багдановіча на іспанскую мову паэтэсы Анхелы Эспіноса.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 24 (3528), чацвер, 29 чэрвеня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter