Ходосы — агрогородок будущего

Ходасы: зашуміць вясною Алея памяці і славы

НАШЫ землі са старажытных часоў абжыты чалавекам. У міжрэччы Сожа і Дняпра побач з мсціслаўскімі Ходасамі захавалася гарадзішча жалезнага веку. 

Пісьмова паселішча ўпершыню ўзгадваецца на пачатку ХVІІ стагоддзя ў дакументах Вялікага Княства Літоўскага як цэнтр маёнтка Мсціслаўскага ваяводства. З 1663 года Ходасы падпарадкоўваліся кармеліцкаму кляштару. У канцы ХVІІІ стагоддзя сяло ўваходзіла ў Чэрыкаўскую акругу Магілёўскай эканоміі.

Праз стагоддзе памешчык Каменскі, чарговы ўладальнік паселішча, пабудаваў вадзяны млын і сукнавальню. Кожную вясну ладзіліся кірмашы.

На пачатку мінулага стагоддзя ў Ходасах адкрылася школа. Згодна са «Спісам населеных мясцін Магілёўскай губерні», вёска ўваходзіла ў Ходасаўскае першае сельскае таварыства Доўгавіцкай воласці Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні.

У 1916-м тут пралягла чыгунка Орша — Крычаў. Праз шэсць гадоў адкрыўся рух пасажырскіх цягнікоў.

З восені 1926 года Ходасы — цэнтр сельсавета Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці.

У часы нямецка-фашысцкай акупацыі ў навакольных мясцінах дзейнічаў партызанскі рух. У 1943 годзе ворагі спалілі значную частку вясковых сядзіб. Мемарыяльны помнік усталяваны на магіле 166 савецкіх воінаў, што загінулі пры вызваленні Ходасаў ад гітлераўцаў.

У адноўленай пасля вайны вёсцы дзейнічалі калгас, хлеба- і камбікормавыя заводы, лесапільня, млын, райсельгастэхніка, база гаруча-змазачных матэрыялаў, установы адукацыі, культуры, аховы здароўя, бытавога абслугоўвання.

З 2006 года Ходасы — аграгарадок Мсціслаўскага раёна.


ДРУГОЕ стагоддзе курсі­руюць грузавыя і па­сажырскія саставы праз чыгуначную станцыю Ходасы, куды прывяла мяне чарговая вандроўка. Да мінулага года штодзённа апоўдні каля прыземістага вакзала, што ў цэнтры аграгарадка, спыняўся пасажырскі цягнік. Ім зручна было ехаць з Мінска ў Ходасы, ад якіх да Мсціслава каля двух дзясяткаў кіламетраў. Летась цягнік чамусьці адмянілі. Цяпер дабірацца сюды чыгункай можна толькі з перасадкай у Оршы. Аўтатранспартам карацейшы шлях праз Магілёў.

Тры ажыўленыя дарогі вядуць з Ходасаў: у абласны і раённы цэнтры і суседні Крычаў. На ўскрайку аграгарадка пабудавана аўтазаправачная станцыя. Паабапал чыгункі ўздымаюцца вежы камбікормавага цэха, складскія памяшканні раённых арганізацый і служб. Цэнтральную частку паселішча ўпрыгожваюць сучасныя будынкі Дома культуры, сельвыканкама, амбулаторыі, фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Алімп», сярэдняй школы, дзіцячага сада, магазінаў. Над купалам невялікай царквы зіхаціць залачоны крыж.

Перахапіўшы мой позірк на святыні, старшыня сельвыканкама Анатоль Пруднікаў адзначыў, што жыхары аграгарадка сваімі рукамі пераабсталявалі будынак прыёмнага пункта, што пуставаў, у храм Максіма Спавядальніка. Іерэй Міхаіл Цітоў асвяціў яго. Побач збудавалі драўляную званіцу.

Старшыня сельвыканкама Анатоль ПРУДНІКАЎ.

Летась у гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў аграгарадок упрыгожыла Алея памяці і славы. Закладваць яе дапамагаў зямляк — былы старшыня Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Кулічкоў. Пры яго падтрымцы з Нацыянальнага парка «Нарачанскі» прывезлі саджанцы дрэўцаў і кустоў. Садзіць іх дапамагалі жыхары.

Сельвыканкам за ўдзел у праекце «Альтанка для маці» атрымаў прэмію 2400 рублёў. Закупілі кованыя лаўкі і ўсталявалі іх у скверы. А за атрыманы грант ад абласной асацыяцыі дэпутатаў набылі жалезныя скрыні для смецця. Вясною іх установяць у грамадскіх месцах аграгарадка.

Высокімі дрэвамі акружаны спартыўны гарадок. Уладкаваў яго Юрый Падгурскі. Жыве ён у Мсціславе. Родныя мясціны не забывае. Дзякуючы яму ўсталяваны арэлі, турнікі, вымашчана пляцоўка для вогнішча. У гэтым прывабным куточку тутэйшыя адпачываюць у святы. Спартыўным абсталяваннем аснашчаны фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Алімп». У ім два басейны, прасторная зала для масавых мерапрыемстваў.

Намеснік старшыні Мсціс­лаўскага райвыканкама Ігар Мельнікаў мае намер дапоўніць комплекс гасцініцай. Вышукваюцца сродкі на яе будаўніцтва. Гэта дазволіць запрашаць спартсменаў з іншых рэгіёнаў на трэніровачныя зборы. Штат абслугоўваючага персаналу тут невялікі — паўтара дзясятка.

АСНОЎНАЕ месца працы жыхароў аграгарадка — ААТ «Мсціслаўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне». З дзвюх з паловай соцень працуючых у таварыстве пераважная большасць — механізатары. Зімой яны рыхтуюць тэхніку да веснавога выхаду ў поле.

З кіраўніком мясцовай улады завіталі на мехдвор сельгаспрадпрыемства. Адразу за варотамі ўбачылі, як шыракаплечы мужчына калоў таўшчэзныя бярвенні. Змахнуўшы пот з ілба, працаўнік назваўся Сяргеем Кірэевым. Да позняй восені ён на МТЗ-3022 апрацоўваў глебу. У жніво зерне перавозіў ад камбайнаў на збожжаток. Як лепшы працаўнік, атрымаў права прадстаўляць гаспадарку на раённых «Дажынках», якія праводзіліся ў Мсціславе. Зараз замяняе качагара ў кацельні. З сям’ёю жыве ў кватэры, якую атрымаў ад гаспадаркі.

Механізатары гаспадаркі Сяргей КІРЭЕЎ і Андрэй ВІГУРА.

На самазвале МАЗ-МАН пад’ехаў на мехдвор Андрэй Вігура. Ён вярнуўся з поля, куды вывозіў арганіку. У жніво працаваў на збожжаўборачным камбайне КЗС-12. Трынаццаць сезонаў убіраў збажыну без памочніка. Па намалотах летась прызнаны лепшым сярод маладзёжных экіпажаў раёна і атрымаў 500 рублёў прэміі. Жонка Яўгенія Сяргееўна ўзначальвае эканамічную службу ААТ «Мсціслаўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне». Пад­растае трохгадовая дачушка Васіліса. Сям’я здымае кватэру і настроена пабудаваць дом.

Уласныя катэджы маюць сем’і Настассі і Андрэя Емяльянавых, Вольгі і Аляксандра Старавойтавых. Заканчваюць будаўніцтва дома Таццяна і Віктар Цітовы. Ва ўласным катэджы жыве сям’я Алены і Алега Яракавых. На парозе нас сустрэла гаспадыня. Дзіцячыя галасы даносіліся з пакояў. Акрамя дачкі Аляксандры, якая вучыцца ў Магілёўскім абласным ліцэі, у Яракавых шасцёра прыёмных дзяцей. Старэйшы Дзмітрый летась паступіў у Магілёўскае абласное кадэцкае вучылішча. Меншыя вучацца ў школе. Ёсць і дашкаляты. Дзяржава фінансава дапамагае прыёмным бацькам выхоўваць дзяцей. У сям’і свая гаспадарка: тры зазінскія козачкі, шэсць свіней, куры. Дзеці дапамагаюць іх даглядаць. Гаспадары настроены сабраць грошы, каб купіць карову.

Алена ЯРАКАВА з дачкой Аляксандрай і прыёмнымі дзецьмі Алесяй, Міланай, Варварай, Дзмітрыем, Арынай, Мікітам.

Алена Уладзіміраўна з сям’і ваеннаслужачых. У савецкі час жылі ў Казахстане. У Карагандзе яна скончыла медуніверсітэт. Пасля распаду вялікай краіны з бацькамі пераехала ў Ходасы, дзе сваяк Мікалай Гарнастаеў кіраваў камбікормавым заводам. Выйшла замуж. Перакваліфікавалася ў хатняга педагога. Муж працуе чыгуначнікам. Недалёка ад іх дома жыве маці Алены Уладзіміраўны. Яна дапамагае выхоўваць прыёмных дзяцей.

З РАСII на радзіму продкаў пераехала Ірына Бебікава. Засталі мы яе на працоўным месцы — у чыгуначнай касе на вакзале. У суседнім расійскім горадзе Рослаўлі яна скончыла чыгуначны тэхнікум, а потым факультэт вагоннага аддзялення Бранскага дзяржтэхуніверсітэта. У Ходасах выйшла замуж за чыгуначніка. Дзесяць гадоў таму ў білетнай касе змяніла свякроў Ірыну Альбертаўну. Да выхаду на пенсію кіраваў чыгуначнай станцыяй свёкар Аляксандр Мікалаевіч. Дзяжурным тут працуе муж Андрэй. Пакуль размаўлялі з Ірынай Рыгораўнай, ад вагонаў, якія загружалі бярвеннямі, падышла Валянціна Кузняцова. Амаль сорак гадоў на чыгуначнай станцыі яна прымае і адпраўляе паязды. Сюды прыбываюць саставы з мінеральнымі ўгнаеннямі, будаўнічымі і іншымі матэ­рыяламі для арганізацый і ўстаноў Мсціслаўскага раёна. Праз Ходасы ідуць таварныя цягнікі ў Расію. Зімою вагоны ў асноўным загружаюцца лесам.

Дзяжурная чыгуначнай станцыі Ходасы Валянціна КУЗНЯЦОВА.

Штогод амаль 30 000 кубічных метраў дзелавога лесу нарыхтоўваюць рабочыя Ходасаўскага лясніцтва Горацкага дзяржлясгаса. Інжынер Валянціна Суздалева адзначыла, што летась з-за караеда вырубілі сасну на плошчы звыш 50 гектараў. Дзялянкі санітарна апрацавалі. На 75 гектарах пасадзілі саджанцы сасны, елкі, дуба і бярозы, прывезеныя з Расненскага гадавальніка. Некалькі гадоў таму закладзены дэндрапарк. Растуць у ім экзатычныя сасна балканская і веймутава, піхта белая, заходняя туя, арэх маньчжурскі і іншыя пароды дрэў і кустоў.

Трыццаць працаўнікоў даглядаюць звыш 8000 гектараў лесу. Сярэднямесячны заробак летась перавысіў 1100 рублёў. У Ходасаўскім лясніцтве майстрам пачынаў працоўную дзейнасць кіраўнік мясцовай улады Анатоль Пруднікаў. Дыплом тэхніка-лесавода атрымаў у Полацкім дзяржаўным лясным каледжы. Тры гады кіраваў лясгасам. Шосты год узначальвае сельвыканкам, які аб’ядноўвае звыш 20 населеных пунктаў. Найбольшая колькасць жыхароў у аграгарадках Ходасы, Забалацце і ў вёсцы Усполле. Апусцелі вёскі Волкаўка, Прыбярэжжа і Юшкавічы. Хутарамі сталі Васількова, Шэйкі, Чорная Сасна. Урбанізацыя закранула і гэты аддалены куток. Моладзь імкнецца ў гарады. Некаторыя гаспадары перабіраюцца з неперспектыўных вёсак у аграгарадкі, дзе створана сацыяльная інфраструктура.

Загадчык Ходасаўскай амбулаторыяй Сцяпан Парфёнаў шчыра прызнаўся, што адпрацуе належныя пяць гадоў і пераедзе ў Мінск. На Мсціслаўшчыну ён прыехаў пасля заканчэння Гродзенскага дзяржмедуніверсітэта. Прывёз з сабою сталічную нявесту Елізавету. Сцяпану Сцяпанавічу прапанавалі жыллё ў аграгарадку, але ён адмовіўся. Маладая пара здымае кватэру ў Мсціславе.

Загадчык амбулаторыі Сцяпан ПАРФЁНАЎ.

Шмат гадоў працуюць у амбулаторыі заслужаны ўрач Беларусі Ірына Сяргеева, стаматолаг Святлана Сілівакіна.

Родным мясцінам Таццяна Клімянкова не здрадзiла. Пасля заканчэння Магілёўскага музычнага вучылішча яна вярнулася дамоў і вучыць юных баяністаў у філіяле Мсціслаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя Мікалая Чуркіна. Прыемна было слухаць музычны эцюд, які Таццяна Леанідаўна выконвала з вучнем Мікітам Халеўскім. Таленавіты выхаванец адзначаны дыпломам першага абласнога фестывалю «Залатая мара». Педагог рыхтуе яго да ўдзелу ў конкурсе дзіцячай творчасці «Вясёлыя асьміножкі». На фартэпіянным, акардэонным і харэаграфічным аддзяленнях школы мастацтваў у Ходасах займаюцца 60 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Настаўнік дзіцячай школы мастацтваў Таццяна КЛІМЯНКОВА з вучнем Мікітам ХАЛЕЎСКІМ.

Творчая атмасфера адчуваецца і ў сярэдняй школе. Мінулай восенню ўзначаліў педкалектыў выпускнік Магілёўскага пед­універсітэта імя Арка­дзя Куляшова Сяргей Фядосаў. Пасля закрыцця базавай школы ў суседняй вёсцы Усполле колькасць вучняў вырасла да 162. Старшакласнікі засвойваюць асновы прафесіі аператара электронна-вылічальных машын. Абучае іх гэтаму настаўнік Максім Новікаў. На ўрокі да яго прыязджаюць і навучэнцы з райцэнтра і аграгарадка Мазалава.

Дырэктар сярэдняй школы Сяргей ФЯДОСАЎ і навучэнцы.

Па традыцыі на пачатку лютага збяруцца ў роднай школе выпускнікі розных гадоў. З выхаванцамі чакае сустрэчы намеснік дырэктара Тэрэса Сямёнава. Больш трыццаці гадоў таму яна прыехала настаўнічаць у Ходасы і засталася тут. З цеплынёю ўзгадвала педагог пра сваіх выхаванцаў Аляксандра Брыневіча, які ўзначальвае ААТ «Селекцыйна-гібрыдны цэнтр «Віхра», Алесю Сцепаненка, Юрыя Матачкіна, Яўгена Дзянісава — спецыялістаў ААТ «Мсціслаўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне». Большая палова педагогаў школы — былыя выхаванцы Тэрэсы Станіславаўны.

Хочацца спадзявацца, што і надалей пасля атрымання адукацыі моладзь будзе вяртацца спецыялістамі ў родныя Ходасы.

Мсціслаўскі раён.

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter