Более легкая и прочная: новая боевая одежда спасателя поступит в подразделениям МЧС уже в этом году

Хлопцы ў выдатнай форме!

Ратавальнік павінен быць максімальна мабільным. І вопратка адыгрывае ў гэтым ключавую ролю. Эрганамічная, зручная і пры гэтым з ахоўнымі функцыямі — патрабаванні да экіпіроўкі ратавальнікаў прад’яўляюцца высокія. І новая форма, распрацаваная ў Навукова-даследчым інстытуце пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый МНС, цалкам ім адпавядае. У параўнанні з узорамі абмундзіравання, якія выкарыстоўваюцца сёння, яна пераўзыходзіць усе паказчыкі ў некалькі разоў. Карэспандэнт «Р» сустрэлася з распрацоўшчыкамі і даведалася падрабязнасці.


Ноу-хау

Выкананню патрабаванняў аховы працы і тэхнікі бяспекі пажарных-выратавальнікаў пры аварыйна-выратавальных работах і тушэнні пажараў надаецца асаблівая ўвага. Таму работнікі цэнтра распрацоўваюць найноўшыя аблегчаныя ўзоры экіпіроўкі ратавальнікаў, укараняючы новыя тэхналогіі і павялічваючы яе ахоўныя ўласці­васці. Яно і зразумела. Баявое адзенне павін­на абараніць пажарнага-выратавальніка ад высокай тэмпературы, выкідаў полымя і іншых непрыемных сюрпрызаў.

Спецыялісты Цэнтра навукова-даследчай працы здолелі знізіць вагу баявога адзення да 3,3 кілаграма.

Пры распрацоўцы новага адзення асаблівая ўвага надавалася вазе. Поўная баявая экіпіроўка пажарнага разам са шлемам, абуткам і дадатковым рыштункам, якія выкарыстоўваюць сёння ў пажарных падраздзяленнях, важыць каля 25 кг. Непасрэдна баявое адзенне — каля 4,5 кг. З такім багажом выратавальнік адпраўляецца ў асяроддзе, не прыдатнае для дыхання. Спецыялісты Цэнтра навукова-даследчай працы, прымяніўшы сучасныя тэхналогіі, здолелі знізіць вагу баявога адзення да 3,3 кг.

Новая форма выраблена цалкам з матэрыялаў беларускай вытвор­часці. Яна мае чатыры пласты. Матэрыял верху ўстойлівы да ўздзеяння адкрытага агню і полымя. Пад ім — водаізаляцыйная мембрана, каб адзенне не прамакала. Крыху ніжэй — цеплаізаляцыйны пласт, які абараняе ад цеплавога патоку. Чацвёрты пласт — падшыўка. Яна ўмее ўбіраць і выпарваць лішнюю вільгаць. Такім чынам, новая форма звонку не прапускае ваду, а з унутранага боку «дыхае» за кошт пара- і водаадводзячых функцый. Гэта вельмі зручна пры працяглай баявой працы.

— Таўшчыня ўсіх чатырох пластоў — амаль 5 міліметраў. Яны скамбі­наваны такім чынам, што гэтага дастаткова для абароны пажарнага падчас працы на месцы надзвычайнай сітуацыі. Новае баявое адзенне не гарыць, нават не тлее ў памяшканні з тэмпературай не менш за 300 градусаў і дае магчымасць выратавальніку дакранацца да паверхняў, нагрэтых не менш за 400 градусаў, — падзяліўся вынікамі выпраба­ванняў начальнік Цэнтра навукова-да­следчай работы Навукова-да­следчага інстытута пажар­най бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый МНС Сяргей Асташоў.

Новая форма хоць і стала больш лёгкай, але ўсе ўласцівыя баявой экіпіроўцы характарыстыкі захавала. Распрацоўка ўжо паспяхова прайшла серыю лабараторных выпрабаванняў. Яе правяралі на ўстойлівасць да цеплавога ўздзеяння, а таксама да ўздзеяння іскраў і адкрытага полымя.

Свае асаблівасці

Новая экіпіроўка ў 2,5—3 разы таннейшая за замежныя аналагі.
Размяшчэнне і канструкцыя кішэняў сталі больш рацыянальнымі, святлоад­бівальных і святлонакапляльных элементаў дадалося, на каленях і локцях з’явіліся ўзмоцненыя накладкі з тэрма­ўстойлівага матэрыялу, якія абараняюць ад сцірання тканіны верху пры нашэнні. А вось яшчэ адна перавага — трохсастаўны рукаў. Раней такога не рабілі. Цяпер выратавальніку зручней праводзіць аварыйна-выратавальныя работы. Ён не скаваны ў рухах, бо менавіта хуткасць часцяком уплывае на бяспеку і эфектыўнасць. Дарэчы, пры паднятых уверх руках новая форма не задзіраецца, гэта значыць захоўваецца бяспечны зазор паміж штанамі і курткай.

Лабараторныя выпрабаванні пройдзены. Вынікі станоўчыя. Зараз новую форму тэсціруюць на практыцы некалькі пажарных падраздзяленняў Мінска. Ратавальнікі распрацоўку ацэньваюць выключна станоўча.

У Цэнтры навукова-даследчай работы распрацавалі не толькі баявую форму, але і абутак. Ён выкананы цалкам з натуральнай скуры. Падэшва мацуецца не на клей, як у звычайным абутку, а прыліваецца на спецыяльным станку, што павялічвае тэрмін службы.

— Мы праводзім планамерную працу, каб усе сродкі індывідуальнай абароны пажарнага-выратавальніка былі айчын­най вытворчасці. Перад намі стаяла зада­ча зра­біць вырата­вальніка мак­сі­мальна лёгкім і хут­кім. Больш за 2500 экзэмпляраў ужо паступіла на ўзбраенне падраз­дзяленняў МНС. Пазней памяняліся тэхна­логіі, метал замянілі на кеўларавую вусцілку, металічны паднасок — на кампазітны. Зараз новы абутак важыць усяго 1,8 кілаграма, — расказвае Сяргей Асташоў, дэманструючы ўзор. — Гэта параўнальна з вагой берцаў, у якіх ратавальнікі нясуць дзяжурства. Дарэчы, новая антыпракольная вусцілка вытрымлівае нагрузку ў 120 кілаграмаў на 1 сантыметр квадратны.

Абутак выкананы ў двух варыянтах: чаравікі на замку са шнуроўкай і боты. У чаравіках выка­рыстоўваюцца не звычайныя шнуркі, а зацягваючае кольца: так можна дакладней падагнаць абутак пад памер нагі і не перажываць, што шнуркі раптам развяжуцца. Яшчэ адна перавага новага абутку — на працягу гадзіны ён не намакае.

Сёння ўжо больш за 3000 экзэмпляраў новых касак паспяхова эксплуатуецца ў падраздзяленнях МНС.

Размова заходзіць пра яшчэ адзін неад’емны элемент экіпіроўкі выра­та­вальніка — каску. Па словах Сяргея Асташова, дагэтуль закупляліся каскі імпартнай вытворчасці, якія не мелі аналагаў у краіне. Новая каска цалкам беларускай вытворчасці — ад камплектуючых верху да ўнутранай аснасткі. Яна важыць усяго 1,5 кілаграма (што на 300 грамаў лягчэй за аналагі!). Каска выканана са шклапластыку, зверху нанесена эмблема МНС. Яе можна камплектаваць дадатковым абсталяваннем — ліхтаром, падшлемнай гарнітурай і экшн-камерай. Выглядае такая каска крута! Дарэчы, менавіта відэазапісы з камеры на ратавальніку часцяком дапамагаюць праліць святло на абставіны здарэння і правесці аналіз баявой працы. Сёння ўжо больш за 3000 экзэмпляраў паспяхова эксплуатуецца ў падраздзяленнях МНС.

Напрыканцы Сяргей Асташоў расказаў, што ўзоры баявога адзення, распрацаваныя ў Навукова-даследчым інстытуце, ужо сёлета запусцяць у серыйную вытворчасць. Затым яны паступяць на ўзбраенне ў пажарныя падраздзяленні. Немалаважны фактар — кошт новай экіпіроўкі. Яна ў 2,5—3 разы таннейшая за замежныя аналагі, пры гэтым ні ў чым ім не саступае, а па некаторых пазіцыях нават значна пераўзыходзіць.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter