Прамысловыя альпіністы. Як мыюць самы высокі жылы будынак у краіне

Хлопцы, чаго завiслi?

Генеральная ўборка на вышынi: рызыка, разбаўленая мыючым сродкам

«Высока сяджу, далёка гляджу» — у галаве фраза з казкі «Маша і мядзведзь», а перад вачыма смельчакі — прамысловыя альпіністы Аляксей Рысь і Дзмітрый Балёў. Мы знаходзімся на вышыні 135 метраў! Карэспандэнт «Р» назірала, як гэтыя хлопцы напярэдадні вясны мыюць самы высокі жылы будынак у краіне.


Мінск, вуліца Кальварыйская. Мы знаходзімся на даху хмарачоса «Ветразь», вышыня якога разам са шпілем складае 136 метраў. Горад на далоні — прыгажосць, уніз паглядзіш — страшна... 

— Мы таксама баімся вышыні, — Аляксей Рысь правярае страховачныя ліні, рабочыя вяроўкі. — Таму, хто не баіцца, у гэтай прафесіі рабіць няма чаго. Пачуццё страху павінна быць. Таксама і адказнасць, акуратнасць і клопат пра бяспеку — вось што важна на вышыні. На жаль, маладыя вар'яты-руферы і тыя, хто робіць рызыковыя сэлфі, часцей не думаюць галавой. 



Аляксей і Дзмітрый завязваюць моцныя вузлы вяровак, правяраюць прылады для спуску, карабіны і іншае, не забываюць і пра каскі. З сабой таксама бяруць вядро з вадой, шубкі для мыцця вокнаў, згоны і мікрафібры і акуратна спускаюцца ўніз выконваць сваю чыстую місію.

Фантазійны Чалавек-павук і побач з імі не стаяў! Высока, страшна! А яны спрытна і ўмела чысцяць шкло будынка, знаходзячыся ў паветры, пакуль мы як зачараваныя глядзім уніз на іх. Праз нейкі час падымаюцца да нас. Нарэшце выдыхаю…

Карабіны альпіністам патрэбны як злучальнікі розных элементаў страховачнага ланцуга

— Як вам выгляд горада? Вы ж, напэўна, рамантыкі... — цікаўлюся. Пакуль яны працавалі, я зрабіла на смартфон дзясяткі фотаздымкаў горада з усіх бакоў!

Аляксей, задумаўшыся, адказвае:

— Мне падабаюцца прыгожыя віды — іх назіраў шмат, бо па ўсёй краіне працую на вышыні. Але вось што заўважыў — больш прыгажосці можна ўбачыць не з вышыні, а ведаеце адкуль? Калі стаіш на сваіх нагах і глядзіш.

«Галоўнае ў працы на вышыні — бяспека», — правяраючы страховачныя вяроўкі каментуе Аляксей.

Тым часам мы перамяшчаемся на 31-ы паверх, дзе знаходзяцца раскошныя пентхаусы. Зноў вяроўкі і іншы рыштунак пускаюць у ход альпіністы. І зноў пачынаюць працу, пры гэтым усміхаюцца, жартуюць паміж сабой — так здымаюць стрэс. 

— На дваіх мы ў прафесіі ўжо 25 гадоў — адзін 12, другі — 13. Часта працуем разам. У нас так: калі спрацаваліся з напарнікам, стараемся трымацца разам, — кажа Дзмітрый. — Мы ўпэўненыя адзін у адным — не трэба правяраць якасць выканання задання. 

Дарэчы, Дзмітрый і Аляксей атрымалі прафесію прамысловых альпіністаў у БНТУ. Але, кажуць, прайсці адны курсы мала. Так званую ў іх прафесійным жаргоне «малпу» — чалавека, які можа падымацца на будынак і спускацца, — не праблема навучыць лазіць за два тыдні. А вось каб вырасціць прафесіянала, спатрэбіцца як мінімум некалькі гадоў.

На вышыні ў 135 метраў захоплівае дух ад прыгажосці Мінска і... ад страху

—Кожны аб'ект, канструкцыя будынка індывідуальныя. Трэба ведаць свой падыход да ўсяго. Зараз мы можам хоць тратуарную плітку метадам прамысловага альпінізму пакласці, — мыючы акенца 30-га паверха, распавядае на вышыні Дзмітрый і жартуе: — А напішыце, што мне жонка патрэбна! Абяцаю: ёй усе вокны памыю.

Прамысловыя альпіністы працуюць практычна круглы год. Пік іх запатрабаванасці прыпадае на красавік, калі перад Вялікаднём многія ўспамінаюць, што будынкі павінны блішчэць чысцінёй.

Пасля працы на даху невялікі перапынак, і зноў у бой — на чарзе вокны 31 паверха

— Зімой таксама хапае працы. Працуем унутры будынкаў, але часам і звонку. У студзені, напрыклад, здымалі з будынка пошты ледзяшы памерам у чатыры паверхі. Віселі ў паветры, адкалупвалі, збівалі, — успамінае Дзмітрый. А Аляксей дадае:

— А ў лютым абшывалі дыспетчарскую будку ў аэрапорце. На вуліцы мінус і вецер, а мы ўсё роўна на вышыні! Так што выконваем мы розныя віды работ у розныя часы года.

І на ўсё ў іх ёсць пэўны рыштунак і адзенне: тэрмабялізна, ізатэрмічныя камбінезоны і нават камбінезон танкіста! 

Дзмітрый БАЛЁЎ (злева) і Аляксей РЫСЬ (справа): «У прафесіі на дваіх ўжо 25 гадоў!»

Пакуль на двары сакавік, альпіністам даволі-такі зябка працаваць — на вышыні вецер мацней. Ды і мы з фатографам парадкам замерзлі. Вось нашы героі цвёрда становяцца на ногі, і мы дружна яшчэ раз абводзім вачыма Мінск з вышыні птушынага палёту. Пытаюся, паказваючы на самыя прыкметныя і значныя будынкі горада: «А на музеі Вялікай Айчыннай вайны былі? А на Нацыянальнай бібліятэцы? А на тым гатэлі?» Яны называюць мне аб’екты і адразу ж паказваюць, што і там, і там, і нават вунь там яны працавалі.

— І не толькі мылі, але і пэцкалі, — жартуе Дзмітрый і адразу ж тлумачыць: — А дакладней фарбавалі, чынілі і рамантавалі.

Спускаючыся ўніз, мы ацэньваем сённяшнюю частку праведзенай работы над шкляным будынкам — бляск! Усё на вышыні!

alinakasel@gmail.com

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter