Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Капсулу з зямлёй з магілы снайпера Леніградскага фронту, Героя Савецкага Саюза Фядосія Смалячкова заклалі ў крыпце Храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску

Хлопец-Герой з Падгор’я

Разам з расіянамі многія беларусы адзначаюць 27 студзеня Дзень поўнага вызвалення Ленінграда ад фашысцкай блакады. Яна доўжылася амаль 900 дзён і начэй, з 8 верасня 1941-га па 27 студзеня 1944 года, і ў той велізарнай прорве болю і нечалавечых пакут абарваліся жыцці больш чым двух мільёнаў чалавек. Як вядома, у шэрагах абаронцаў нескаронага горада, сярод ягоных жыхароў-пакутнікаў тае пары, працаўнікоў на заводах у кальцы блакады былі дзясяткі тысяч беларусаў. Праўда, у супрацьстаянні ворагу тады ўсе былі — адзіным савецкім народам. Аднак варта памятаць: у кожнага з тых, хто набліжаў Вялікую Перамогу, былі ж і свой род, свая маці, свая родная вёска ці горад. Як была і ў маладога беларуса Фядосія Смалячкова родная беларуская вёска Падгор’е. Што так і не дачакалася яго з вайны: Герой загінуў пад Ленінградам у студзені 42-га.

Храм-помнік у гонар Усіх Святых у Мінску

Фядосій Смалячкоў
Пра яго памятаюць. Пры ўдзеле беларусаў з Санкт-Пецярбурга і Ленінградскай вобласці ў крыпце Храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску прайшлі памятная літыя і цырымонія закладкі капсулы з зямлёй з магілы Героя Савецкага Саюза, беларуса Фядосія Смалячкова.

“Ён пайшоў з жыцця зусім маладым, 19-гадовым хлопцам, але здзейсніў вялікі подзвіг: у жорсткіх баях на Ленінградскім фронце знішчыў 125 фашыстаў, выдаткаваўшы пры тым усяго 126 патронаў, — казала ў час мерапрыемства кіраўніца зямляцтва беларусаў Санкт-Пецярбурга і Ленінградскай вобласці, прэзідэнт Фонду садзеяння развіццю расійска-беларускага супрацоўніцтва “Белыя Росы” Ірына Рогава. — Для 120 тысяч беларусаў, якія жывуць у горадзе на Няве і ў Ленінградскай вобласці, шанаваць гісторыю і памяць пра землякоў — не проста словы: гэта святы абавязак нашых сэрцаў”.

У цырымоніях узяцця зямлі з магілы Героя ў Піцеры, закладкі капсулы паўдзельнічалі школьнікі, ветэраны, курсанты, актывісты фонду “Белыя Росы” і розных беларускіх нацыянальна-культурных аўтаномій Расіі. Былі таксама дэлегацыі з гарадоў-пабрацімаў — беларускага Астраўца і расійскага Сасновага Бора, прадстаўнікі Беларускага культурнага цэнтра духоўнага Адраджэння, Усіхсвяцкага прыхода Мінска, Беларускага саюза афіцэраў, арганізацыі “Абаронцы памяці і праўды пра Вялікую Айчынную вайну”.

Беларусы з Санкт-Пецярбурга памятаюць пра подзвіг Героя

Даведка ГР

Фядосій Смалячкоў — снайпер 14-й асобнай мотастралковай разведвальнай роты 13-й стралковай дывізіі 42-й арміі Ленінградскага фронту. Нарадзіўся ў 1923 годзе ў вёсцы Падгор’е (цяпер Быхаўскі раён Магілёўскай вобласці). З 1941 года ваяваў на фронце. Загінуў у студзені 1942-га ад кулі фашысцкага снайпера. Быў пахаваны на Часменскіх могілках Ленінграда. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 6 лютага 1942 года чырвонаармейцу Фядосію Арцёмавічу Смалячкову пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Узнагароджаны двума ардэнамі Леніна.

Кацярына Аляксандрава

Голас Радзімы № 4 (3556), чацвер, 25 студзеня, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter