Образование для юных талантов: в дрогичинской школе заработал новый STEM-центр

Хлопчык i робат

Вучням сярэдняй школы № 1 Драгічына пашанцавала. Тут адкрыўся сучасны STEM-цэнтр. Восьмы на Брэстчыне і дваццаты ва ўсёй краiне. Школьнікі змогуць на больш высо­кім узроўні вывучаць робататэхніку, пра­гра­ма­ва­нне, 3D-ма­дэліра­ванне. Гэта стала ма­гчымым дзя­куючы на­ма­­ганням Парка высокіх тэхналогій (ПВТ) і вядучых IT-прадпрымальнікаў краіны.  

Усё неабходнае для STEM-класа — 10 ноўтбукаў, тэлевізар, пяць камплектаў для заняткаў робататэхнікай — набыла асацыяцыя «Адукацыя для будучыні».

Шасцікласнік Георгій Семчанка ў новым цэнтры ўжо адчувае сябе як дома. Хлопец прызнаецца, што яго цікавіць усё, што так ці інакш звязана з камп’ютарамі і электронікай:

У STEM-цэнтры школьнікі змогуць на больш высокім узроўні вывучаць робататэхніку, праграмаванне, 3D-мадэліраванне.
— Мару стаць інжынерам-канструктарам. Дома збіраю розныя электронныя штуковіны, платы, захапляюся радыёэлектронікай. Хачу паспрабаваць сябе і ў робататэхніцы, каб зразумець, будзе для мяне гэты кірунак цікавы або не.

Побач з Георгіем працуюць Дзмітрый Юрашэвіч і Раман Ішчанка. Дзіма расказвае, што ў будучыні бачыць сябе кардыяхірургам. Аднак хлопец упэўнены, што веды ў галіне  робататэхнікі лішнімі не будуць:

— Па-першае, сучасную медыцыну без высокіх тэхналогій уявіць немагчыма, а ў будучыні гэтая сувязь будзе яшчэ больш моцнай. Па-другое, робататэхніка — гэта як мінімум цікава і займальна. Прасторы для творчасці тут хапае.

Усё неабходнае для STEM-класа — 10 ноўтбукаў, тэлевізар, пяць камплектаў для заняткаў робататэхнікай — набыла асацыяцыя «Адукацыя для будучыні». Дарэчы, STEM — гэта абрэвіятура, якая складаецца са слоў «навука» (science), «тэхналогіі» (technologies), «інжынерыя» (engineering) і «матэматыка» (mathematics).

Чаму айцішнікі вырашылі адкрыць інавацыйны клас менавіта ў драгічынскай школе? Усё проста: хлопцы і дзяўчаты з СШ № 1 сталі аднымі з пераможцаў конкурсу «Хачу вучыцца ў STEM-класе». Вучні распрацавалі інавацыйны праект — вытворчаць асфальту з выкарыстаннем пластмасы. А адзінаццацікласнік Яўген Кульбеда прадставіў першым гасцям STEM-цэнтра электронную сістэму ўліку харчавання ў школьнай сталовай. Праект госці ацанілі. Дырэктар адміністрацыі ПВТ Усевалад Янчэўскі паабяцаў хлопцу асабістую падтрымку.

Падтрымаць юных праграмістаў прыехалі старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс, дырэктар адміністрацыі ПВТ Усевалад Янчэўскі, IT-прадпрымальнік Дзмітрый Гурскі.

Акрамя кіраўніка ПВТ, падтрымаць юных праграмістаў прыехалі старшыня Брэсцкага абл­выканкама Анатоль Ліс, вядомы IT-прадпрымальнік, старшыня праўлення асацыяцыі «Адукацыя для будучыні» Дзмітрый Гурскі, дырэктар асацыяцыі Аляксандр Хоміч. Кіраўнік Брэсцкага рэгіёна ўспомніў, як упершыню ўбачыў электронную вылічальную машыну:

— Гэта адбылося яшчэ ў гады вучобы. ЭВМ была памерам з немалую актавую залу. Сёння з такім аб’ёмам вылічэнняў лёгка справіцца звычайны смартфон. Сучасны свет мяняецца вельмі хутка. Важна адпавядаць.

У STEM-цэнтры будуць займацца вучні 5—11-х класаў з розных школ Драгічынскага раёна.

Кіраўнік адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій Усевалад Янчэўскі адзначыў, што такія цэнтры будуць адкрывацца па ўсёй краіне. Гэта ініцыятыва рэзідэнтаў ПВТ, якія такім чынам інвесціруюць у будучыню Беларусі:  
— Сёння ў традыцыйнай эканоміцы вельмі складана пачаць з малога і вырасці да сусветных маштабаў. У IT гэта магчыма літаральна за некалькі гадоў. У нас дзясяткі такіх прыкладаў, і іх становіцца ўсё больш. У сферы інфармацыйных тэхналогій любая мэта дасягальная. У XXI стагоддзі мары сапраўды становяцца бліжэй.

Камплекты для заняткаў робата­тэхнікай адкрыюць вучням цікавы і шматгранны свет інфармацыйных тэхналогій.
Зараз у беларускіх школах працуюць 20 STEM-цэнтраў. У наступным годзе плануецца адкрыць яшчэ 100. Прадпрымальнік Дзмітрый Гурскі патлумачыў, чаму айцішнікі ўзяліся за рэалізацыю гэтага праекта:

— Я ўспамінаю паспяховых бізнесменаў, якіх ведаю, і не бачу ў гэтых людзях чагосьці асаблівага. Не ўсе яны з багатых сем’яў, далёка не ўсе былі выдатнікамі — я, напрыклад, не быў. Проста ў нейкі час яны вырашылі паспрабаваць. Мы ствараем гэтыя STEM-цэнтры, каб дзеці маглі пазнаёміцца з робататэхнікай, праграмаваннем і зразумелі, што ў гэтым няма ніякай магіі. Што ў кожнага ёсць шанец стаць паспяховым у IT-сферы. Тут няма высокіх бар’ераў. Не патрэбны нейкія велізарныя грошы, зусім не абавязкова быць геніем. Важна пачаць. І ў дзяцей з правінцыі павінна быць не менш магчымасцей, чым у тых, хто жыве ў вялікіх гарадах.

У STEM-класе са школьнікамі будуць працаваць настаўнікі інфарматыкі, а таксама матэматыкі і замежных моў. Педагог СШ № 1 горада Драгічына Віта Мучанская лічыць, што заняткі будуць цікавымі для ўсіх дзяцей:

— Перад намі не стаіць задача абавязкова вырасціць айцішнікаў. Галоўнае — зацікавіць, раскрыць дзяцей. Каб ім было цікава вучыцца, даследаваць, адкрываць нешта новае, развіваць свае таленты. А дзе прымяніць атрыманыя веды, у якой сферы і галіне, гэта выключна іх выбар. Мы будзем толькі рады, калі STEM-цэнтр дапаможа нашым школьнікам знайсці сваю дарогу ў жыцці.


losich@sb.by

Фота аўтара і Івана ЛЯВОНЧЫКА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter