Стоит ли в этом году рассчитывать на большой урожай брусники

Хлопай брусніцамi

На днях у краіне вызначылі тэрміны збору дзікарослых ягад. Ва ўсіх абласцях краіны, акрамя Гродзенскай, ужо можна хадзіць па брусніцы. Карэспандэнт «Р» даведалася, ці варта ў гэтым сезоне разлічваць на іх вялікі ўраджай і колькі будуць каштаваць гэтыя надзвычай карысныя ягады.

Ягады клапатліва прыкрыты ад сонца лістамі рэвеню
Фота аўтара

На Камароўскім рынку ў Мінску знайсці брусніцы аказалася не так проста. Прылаўкі ў «ягадным» радзе шчодра застаўлены шклянкамі з малінамі, ажынамі, буякамі, парэчкамі, клубніцамі і нават абляпіхай. Нарэшце мы сустрэліся: паўлітровыя шклянкі чырвоных ягадак ажыўляюць прылавак.  

— Па тры рублі, бярыце, — прапануе прадавец. — Брусніц у гэтым годзе мала.

Гэту фразу я потым пачула яшчэ не раз.

— Пачатак лета гарачы быў, засушыла, калі яны квітнелі, — ахвотна тлумачыць бабуля, якая прадае брусніцы па-за межамі рынку. Яна чамусьці ў плашчы-дажджавіку, чорныя пальцы выдаюць заўзятую ягадніцу. — Можна знайсці толькі там, дзе ніжэй, ледзь не ў балоце.

За літровую шклянку бабуля просіць 4 рублі. Побач стаіць пяцілітровае вядро, ягады ў якім клапатліва прыкрыты лістамі рэвеню.

Дзядзечка з пышнымі вусамі непадалёку хоча за літр брусніц, якія прывёз з Пухаўшчыны, 5 рублёў. У вялізнай сумцы хаваецца вялікае, ці не на 12 літраў вядро, якое ён прапануе браць цалкам. Палохаюся:

— Што я з імі рабіць буду?

— А вы ў мяне груш купіце, — тут жа робіць выдатны маркетынгавы ход жанчына побач. — Варэння наварыце, гэта ж так смачна — брусніцы з грушамі!

Разглядаючы ягады, прыпамінаю патрабаванне Мінпрыроды: утрыманне спелых брусніц павінна складаць не менш 99 працэнтаў ад сабранай масы. На мой нявопытны погляд, у прапануемым тавары зялёных і светла-чырвоных бачкоў будзе больш. Затое наўрад ці іх збіралі камбайнам або іншай забароненай прыладай: ягадкі не перабраныя, але чыстыя, не памятыя, без лісцікаў.

Па інфармацыі Інстытута лесу НАН, плоданашэнне брусніц у Віцебскай, Мінскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях сярэдняе, на Брэстчыне ўраджай чакаецца ніжэй за сярэдні, а на Гомельшчыне — увогуле нізкі. Ці адаб’ецца гэта на цэнах?

— Закупачны кошт фарміруецца пад уплывам прапановы і попыту, — зазначыў Юрый Сакалоўскі, намеснік начальніка ўпраўлення нарыхтовак Белкаапсаюза. — На сёння закупачныя цэны на брусніцы ўстаноўлены ад 1,5 да 2 рублёў за кілаграм. У гэтым годзе плануецца закупіць 80 тон гэтых ягад. Асноўны аб’ем рэалізуем праз уласную гандлёвую сетку, рынкі і на перапрацоўчыя прадпрыемствы. Частку ягад, верагодна, паставім на экспарт.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter