Гаспадаркі, якія першымі скончылі ўборку ўраджаю, дапамагаюць суседзям, а студэнты праводзяць канікулы ў чыстым полі

Хлеб замест відовішчаў

Уборка ўраджаю ідзе поўным ходам. Каб справіцца ў тэрмін, пот льюць і бывалыя, і пачаткоўцы. Апошнім складаней, але цікавей: мора эмоцый і штодзённае папаўненне вопыту. Цяжка? Так, прызнаюцца яны. Але яно таго варта. Падтрымліваюць высакародную справу, ды і заробак не перашкодзіць. Карэспандэнт «Р» на адзін дзень уступіла ў студэнцкі сельскагаспадарчы атрад.


Разам з Аленай Бубневіч, камісарам студатрада камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Пяршаі-2014», што на Валожыншчыне, ледзь не бяжым на зернесушыльны комплекс, дзе i працуюць студэнты. Працоўны дзень ужо пачаўся — калі прамарудзіць, будзеш плесціся ў хвасце. Яна за лапату, а я — за блакнот. Міхайлаўна, так яе тут называюць, кажа паміж справай:

— Дажджы нарэшце спыніліся. Але прыйшла спякота — працаваць цяжка. Толькі мы не скардзімся.

На дапамогу з венікамі і лапатамі спяшаюцца хлопцы. Імгненна падключаюцца: пыл слупам.

Андрэй Кашкевіч — другакурснік Валожынскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. Доўга не разважаў: лепш працаваць на канікулах, чым дома ля камп’ютара штаны праседжваць. Юнак не з лянівых, ды і сябры добры прыклад падаюць — усе як адзін пайшлі ў студатрады. Каб бацькі ганарыліся, ды і капейка лішняя заўсёды спатрэбіцца. Зараз — час абеду. Андрэй хваліць повараў:

— Кормяць вельмі смачна. Сытна. А галоўнае, бясплатна. Зараджуся энергіяй і зноў працаваць.

Хлопец мэтанакіраваны — збірае грошы, каб вярнуць да жыцця бацькоўскую «Волгу». Але гэта так, для душы. А наогул абавязкова навучыцца кіраваць трактарам і камбайнам. Андрэй не па чутках ведае: працаваць на зямлі ў нас ганарова.

Ад старання людзей, якія працуюць на ўборцы ўраджаю «ў цяні», вынік залежыць не менш. Праца, як і ў полі, на зернесушылцы кіпіць кожную хвіліну.
Цёзка хлопца, калега з прозвішчам Каспяровіч, ідэю цалкам падтрымлівае. Ён да камбайнера яшчэ не дарос, але старэйшыя таварышы пераканалі — праца вартая таго:

— Мы выраслі ў вёсцы і з дзя-цінства не прывыклі падоўгу сядзець склаўшы рукі. За месяц зараблю на новы айфон. А можа, нават на два.

Талеркі апусцелі, і хлопцы вяртаюцца на працоўныя месцы. Агрэгаты гудуць бесперапынна, і зяваць няма калі: трэба старацца. Дарэчы, на канвееры жніва Яўген Рубацкі ўжо адчувае сябе як дома:

— Мы тут з раніцы да вечара. Да канца дня быццам другое дыханне адкрываецца. Еду дамоў і зноў за працу — дапамагаю бацькам дабудоўваць дом. Спаць іду каля дванаццаці, і ўсе думкі толькі аб адным — хачу купіць матацыкл. Упэўнены, такімі тэмпамі гэта хутка спраўдзіцца.

Хлопцы старанна махаюць лапатамі, але адзін вылучаецца з натоўпу — павольна ходзіць па тэрыторыі і глядзіць па баках. Што за «назіральная» пасада такая? Сяргей Няфёдаў тут — памочнік аператара:

— Увесь час напагатове. Сачу за спраўнасцю зернесушыльнага комплексу. У выпадку чаго тэрмінова ўстараняю непаладкі. Час дорага каштуе. Здараецца прасыпка збожжа або тэхніка выходзіць са строю. А не дай бог, пажар. За ўсім трэба сачыць пільна.

Уборка ў краіне хутка завершыцца, за што дзякуй камандам камбайнераў, вопытных механізатараў і працавітых вадзіцеляў. Яны занятыя на жніве — ім уся пашана. Але дзень на зернесушылцы паказаў: ад старання работнікаў, якія працуюць «у цяні», вынік залежыць таксама. Праца, як і ў полі, кіпіць там кожную хвіліну.

— Хлопцы, машына прыйшла! — чарговая звонкая каманда.

Усё, не буду больш затрымліваць iх.

ЛІЧБА  СКАЖА  ЎСЁ

Больш за тысячу маладзёжных экіпажаў працуюць на ўборачнай па ўсёй краіне. Для моладзі створана больш за 4,2 тыс. працоўных месцаў. На палях — 173 студэнцкія сельскагаспадарчыя атрады. У жніўні — верасні яны задзейнічаны на ўборцы ўраджаю, працуюць на зернесушыльных комплексах.

ДАРЭЧЫ

Рэспубліканскі штаб студэнцкіх атрадаў БРСМ абавязкова заахвоціць ініцыятыву моладзi: «Бацькам маладых механізатараў, вадзіцеляў і іншых працавітых хлопцаў і дзяўчат, якія асабліва вызначыліся ва ўборачнай кампаніі, мы накіруем лісты. Падзякуем ім за годнае выхаванне сыноў і дачок, прывіванне ім любові да працы і роднай зямлі».

ypopko@bk.ru

Фота аўтара


Ад світання да захаду

На полі з азімым жытам ва ўрочышчы Папоўка на некаторы час заціхлі камбайны, каля дарогі прытармазілі вялікагрузныя аўто — абед. Халаднік, салата, макарона па-флоцку і кампот. З сабой у кабіну — падвячорак у выглядзе халоднай мінеральнай вады, памідораў-агуркоў і адварнога мяса. Начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Чашніцкага райвыканкама Міхаіл Мільчанін просіць не затрымліваць хлебаробаў доўгімі размовамі:

— Кожная хвіліна на ўліку, сёння абяцалі дождж. Пакуль ён да нас не прыйшоў, трэба мабілізавацца па поўнай. А вось і дырэктар КУСГП «Кашчынскае»  Сяргей Садоўскі. Ён у нас адзін з самых маладых кіраўнікоў, ды і гаспадарка няпростая. З васьмі камбайнераў толькі адзін свой, астатнія — памочнікі з боку.

Камбайнеры Аляксандр БагатыроЎ i Васiль Хацкевiч дапамагаюць сялянам не першы год.

Сяргей Сяргеевіч настроены аптымістычна. Ураджайнасць значна вышэйшая за леташнюю, прыбралі каля паловы ўсіх плошчаў. У полі яшчэ стаіць добры хлеб, так што валавы намалот бу-дзе салідным. Сёння з 8 камбайнаў працуюць 6 — невялікія паломкі спецыялісты абяцалі ліквідаваць ужо да вечара. Малады дырэктар удзячны шэфам, без іх дапамогі справіцца было б складана. З ім згодная і начальнік участка Галіна Жураўкіна:

— Вось камбайнеры Аляксандр Багатыроў і Васіль Хацкевіч — яны ратавальнікі. І нас, як бачыце, у разгар уборачнай таксама ратуюць.

Знаёмімся бліжэй: Васіль Анатольевіч — камандзір аддзялення РАНС. Працуе на жніве разам з шаснаццацігадовым сынам. Гарачыя дні ў полі — гэта замест адпачынку на марскім узбярэжжы. Усміхаецца:

— Трынаццаты год так праводжу свае адпускныя дні і ніколькі не шкадую. І змена абстаноўкі, і прырода, і магчымасць зарабіць — усё ёсць. Лічы, адпачынак атрымаўся.

Яго калега працуе ў РАНС ва-дзіцелем. Але на жніве Аляксандр Багатыроў мае больш чым салідны стаж — чвэрць стагоддзя з года ў год прыбірае хлеб. У суседняй гаспадарцы, дарэчы, на «Палессі» працуе яшчэ адзін калега нашых герояў — старшы вадзіцель ПАВЧ-2 Міхаіл Міцько. Нягледзячы на тое што яму ўсяго 41 год, ад больш салідных па хлебаробскім стажы таварышаў не адстае. Да штурвала прывык з дзяцінства. Ён — прадаўжальнік сямейнай дынастыі. Сямнаццаць гадоў і аж да мінулага сезона працаваў на пару з бацькам. Тэхніку рыхтаваў да жніва падчас выхадных па асноўным месцы службы. А зараз мае лепшы па гаспадарцы намалот. Вось такая цяга да зямлі і хлеба...

Што ж, ратавальнікі доўга не размаўляюць — спяшаюцца. Сёння трэба абавязкова гэтае поле здаць «пад ключ», тым больш што следам ідуць трактары з прэсамі. Міхаіл Мільчанін тлумачыць:

— Стараемся канцэнтраваць тэхніку ў адным месцы і адразу выконваць увесь неабходны фронт работ. Так прасцей і ў плане кантролю, і пажарнай бяспекі таксама. Своечасовае харчаванне можна наладзіць, машыне з абедамі не даводзіцца калясіць па дзясятку палёў. Вось тут прыбяруць, пера-кінемся крыху далей, праз дарогу. Там трыцікале ўжо паспела. Выдатнае поле. Цэнтнераў 45 абавязкова будзе!

Дырэктар КУСГП «Насенне» Вiктар Клес сёлетнiм ураджаем задаволены.

Поле і сапраўды прыгожае. Адлівае цяжкімі каласамі, як золатам. Чыстае — ні травінкі. Спрабуем зярняткі на зуб — ужо саспелыя. Пакуль я любуюся нівай, па трасе раз-пораз праязджаюць аўтамабілі, гружаныя новым ураджаем. Сушылак, як тлумачыць Міхаіл Мільчанін, у гаспадарках хапае, а вось падрыхтоўкай насення займаецца спецыялізаванае прадпрыемства. Адзінае, дарэчы, у краіне. Туды і едзем.

Тэрыторыя падобна да вялізнага сховішча. Горы хлеба ў два-тры разы перавышаюць рост чалавека. Мяркуючы па ўсім, тут таксама чакаюць дождж — зерне клапат-ліва накрыта. Нас сустракае дырэктар КУСГП «Насенне» — вядомы ў Віцебскай вобласці і краіне аграрый Віктар Клес. Амаль 25 гадоў Віктар Антонавіч узначальваў адну з лепшых гаспадарак раёна, а зараз працуе на карысць усіх сельгаспрадпрыемстваў. Прычым не толькі свайго раёна, але і Сенненскага, Бешанковіцкага:

— Калі займацца падрыхтоўкай насення самім гаспадаркам, то вельмі цяжка дабіцца якасці. Пры ачыстцы і сартаванні адбываецца змешванне культур, гатункаў, рэпрадукцый. У нас спецыяльныя лініі, якія не дапускаюць гэтага. У пачатку 1990-х гадоў такіх прадпрыемстваў, як наша, было 16 у краiне. На жаль, як бачыце, засталося адно. Працуем у поўную сілу, кругласутачна, з пачатку жніва ўжо атрымалі каля 6 тысяч тон насеннага матэрыялу. За час уборкі прымаем звычайна 12—15 тысяч тон хлеба. Тым, хто мае патрэбу ў складах, дапамагаем з захоўваннем. Пасля заканчэння ўборачных работ, з кастрычніка па люты, бу-дзем рыхтаваць насенне траў і зернебабовых культур.

І палі, і дарогі самага паўднёвага рэгіёна самай паўночнай вобласці — Чашніцкага раёна вельмі падобныя на мурашнік. І ў гэтым мурашніку жыццё кіпіць круглыя суткі. Гляджу зводку: ужо традыцыйна чашнічане першымі пачалі не толькі жніво, але і сяўбу азімых. І па абодвух напрамках цяпер лідзіруюць. На ўчарашні дзень тут убрана ўжо 60 працэнтаў плошчаў збожжавых. Пасеяна амаль столькi ж, што ў некалькі разоў вышэй за сярэднеабласны паказчык. Па ўраджайнасці лепшыя — ААТ «Палац Працы» і «Іванскі-агра».

А дожджык? Дожджык хай трохі пачакае...

КАМЕНТАРЫЙ

Леанід Пляшко, старшыня Чашніцкага райвыканкама:

— Працуем увесь светлавы дзень. Асаблівасць уборачнай кампаніі: у нас адначасова паспелі практычна ўсе нівы, і любое прамаруджванне нясе страты. Хлебаробам дапамагаюць усе прадпрыемствы і арганізацыі — хто тэхнікай, хто людзьмі. Для кантролю якасці ўборкі створаны спецыяльныя мабільныя групы, у месцах канцэнтрацыі тэхнікі дзяжураць спецыялісты, якія і каардынуюць дзеянні. На шчасце, надвор’е пакуль спрыяе аграрыям. Калі прырода не падвядзе — завершым уборку збожжавых своечасова.

a_veresk@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter