За время немецко-фашистской оккупации ни разу не ступила нога врагов на окруженный болотами легендарный уголок Любанщины

Хлеб з вострава Зыслаў

У кожнай беларускай сям’і памятаюць пра ўсенароднае змаганне з нямецка-фашысцкімі акупантамі. Філосаф мінулага веку Віктар Франкл, якому давялося таксама перажыць вайну і тры гады канцэнтрацыйных лагераў смерці, з упэўненасцю заявіў, што, калі ведаеш навошта, пераадолееш любыя «як». Наш народ ведаў, дзеля чаго змагаўся да апошняга з акупантамі, і знаходзіў шляхі да перамогі.


Вытокам усеагульнай барацьбы прысвечана большасць твораў народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Законы праўды і чалавечнасці — галоўныя ў яго творчасці. Яны ўзнялі літаратара да сусветнага прызнання. Васіль Уладзіміравіч адзначаў, што вытокі масавага гераізму нашага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны праглядаюцца ў нашай гісторыі. Пісьменнік глыбока і таленавіта даследаваў, адлюстроўваў у сваіх творах псіхалогію масавага гераізму. Яго гераіня Сцепаніда з аповесці «Знак бяды» загінула, але не страціла чалавечую годнасць.

У Лёзненскім краязнаўчым музеі сярод мноства самых цікавых гістарычных экспанатаў нельга не заўважыць звычайны школьны сшытак, дзе пакінула запісы мясцовая жыхарка Домна Сільвестраўна Рагалёва. За час акупацыі нямецка-фашысцкія нелюдзі знішчылі тут 2901 мірнага жыхара. Яшчэ грымелі баявыя залпы, савецкія войскі вызвалялі першыя беларускія гарады і вёскі. Жорсткім быў бой за вызваленне Лёзна. Шмат палягло нашых салдат, многіх з якіх пахавалі на лёзненскіх могілках. Домна Сільвестраўна абышла ўсе магілкі і перапісала ў школьны сшытак прозвішчы пахаваных франтавікоў. Стала пісаць пісьмы родным загінуўшых салдат у розныя куткі былога Савецкага Саюза, расказваючы пра месца пахавання мужных герояў вайны. Атрымлівала адказы, знаходзіла час і жаданне падтрымліваць перапіску. А пасля і прымала ў сваім сялянскім доме гасцей, што прыязджалі пакланіцца сваякам, загінуўшым пры вызваленні Лёзна. 

Быццам звычайная гісторыя, але вартая глыбокай пашаны і ўвагі да простай беларускай сялянкі Домны Сільвестраўны Рагалёвай… 

Запалі ў сэрца ўспаміны народных мсціўцаў, пачутыя на легендарным востраве Зыслаў. Пад патрэскванне дроў у вогнішчы былы камандзір партызанскага атрада Сцяпан Карнееў уваскрашаў гераічныя эпізоды з партызанскага мінулага. Сцяпан Фаміч да вайны кіраваў Загальскім сельвыканкамам. Калі ў раён уварваліся акупанты, патрыёты спалілі масты праз рэкі Арэса і Пціч. На чыгуначнай станцыі Урэчча, дзе стаяў артылерыйскі полк, здабылі вінтоўкі. Атабарыліся народныя мсціўцы на акружанай балотамі выспе Зыслаў. 

Першую буйную аперацыю любанскія партызаны правялі 7 лістапада 1941 года. У райцэнтры яны разграмілі гарнізон, захапілі зброю, боепрыпасы, харчаванне, адзенне. Паспяховая аперацыя па разгроме гарнізона паскорыла ўтварэнне партызанскай зоны. 

З Прыпяцкіх балот наведваўся да зыслаўскіх партызан легендарны Дзед Талаш. Адсюль ён аэрапланам быў адпраўлены ў тыл. Народныя мсціўцы ў маі 1942 года ўстанавілі двухбаковую радыёсувязь з Масквой, а ў верасні — рэгулярны авіямаршрут з «вялікай зямлёй». На востраве Зыслаў прымалі самалёты з медыкаментамі, зброяй, харчаваннем і адпраўлялі параненых, хворых і дзяцей. Тут, у тыле ворага, размяшчаліся падпольныя партыйныя органы, штаб партызанскага руху, выдаваліся падпольныя газеты «Звязда», «Чырвоная змена», «Бальшавік Палесся». Вялася масава-палітычная работа сярод насельніцтва, працавалі партызанскі шпіталь, сталоўка, пякарні. 

На той незабыўнай сустрэчы было што ўзгадаць партызанцы Вользе Аляксандраўне Лашч. У журналісцкім блакноце занатаваны яе ўспаміны. У атрадзе дзяўчыне даручылі пячы хлеб. Каля печы стаяла доўгая скрыня, у якой да вайны вазілі фураж калгасным каровам. Перагарадзілі яе на тры адсекі. У адным замешвалі цеста, у другім яно падыходзіла, а з трэцяга напаўнялі формы і ставілі іх у печ па шэсць адначасова. Бляшанкі прынеслі з любанскай хлебапякарні. Даставалі іх з печы, палівалі зверху боханы вадой, каб хутчэй астывалі, і накрывалі іх на лаве даматканымі ручнікамі. У суткі атрымлівалася па тры выпечкі. Ноччу паліць печ не дазвалялася, каб па дыме вораг не вызначыў стаянку. З атрадаў прыязджалі на конях і забіралі хлеб. Байцы дзякавалі за свежыя духмяныя боханы.


Дзе партызаны бралі муку і іншы правіянт? Вольга Аляксандраўна расказала, што на пачатку вайны, калі наступалі фашысты, сяляне закапалі ў лесе калгасную бульбу і жыта. У лагер прывезлі з вёскі жорны і ўсталявалі іх. Конь хадзіў па кругу і круціў каменныя колы. З атрыманай мукі і пяклі хлеб. Сховішча бульбы і зерня народныя мсціўцы замініравалі і пільна ахоўвалі. 

Даводзілася рыхтаваць ежу і без солі. Малодзенькіх дзяўчат адпраўлялі збіраць яе па навакольных вёсках Туркі, Слабодка, Жораўка і Асавец. Прыносілі па жменьцы. Бывала, выкарыстоўвалі і мінеральныя ўгнаенні. Іх адшуквалі ў калгасных свіранах. Засыпалі салетру ў кацёл з вадой. Пену здымалі, а салёную ваду выкарыстоўвалі для гатавання ежы і выпечкі хлеба. А калі не было і гэтага, пяклі прэсны жытні хлеб. 

Сапраўдным ласункам была печаная бульба, з якой дзяўчаты выпякалі булачкі — бульбянікі. Употайкі частавалі імі хлопцаў, якія малолі зерне. Цестамес пільна сачыў, каб жорны не прастойвалі. 

Была ў атрадзе і свая жывёлагадоўчая ферма. Там утрымлівалі калгасных кароў, якіх сяляне ў першыя дні вайны ўратавалі ад вывазу ў Нямеччыну. Статак вандраваў з атрадам па лесе, і пасля вызвалення ад акупантаў жывёлу вярнулі ў калгас.

Вольга Лашч хадзіла і на баявыя заданні. З падрыўнікамі ўстройвалі акупантам «Кацэрт». Так сакрэтна народныя мсціўцы называлі аперацыі па падрыве чыгункі. Адначасова на некалькіх участках байцы выводзілі са строю чыгуначнае палатно, чым паралізавалі забеспячэнне варожага фронту неабходнымі рэзервамі, тэхнікай і боепрыпасамі. Не аднойчы маладая партызанка прымала ўдзел у падрыве вузкакалейкі каля вёсак Слаўкавічы, Кузьмічы, Пухавічы, Дзякавічы, Вячын. Падрыўнікам вызначаўся адзіны час выбуху. Пад покрывам ночы ўсталёўвалі ўзрыўное прыстасаванне. Аднойчы ў самы адказны момант Вольга ўбачыла, як з лесу нехта паўзе да чыгункі. Ускочыла — і ўцякаць, а ёй услед: «Што здарылася?» Збянтэжаная дзяўчына крыкнула: «Немцы!» Уся група кінулася ў лес. Раніцай партызанскі камандзір Плышэўскі папракнуў Вольгу за зрыў аперацыі. Аказалася, што да рэек з другога боку таксама падбіраліся партызаны. Вольга Аляксандраўна прызналася: толькі аднойчы так спужалася.

Ворагу помсціла за забітую малодшую сястру Еву. Вяскоўцы хаваліся ў лесе. Фашысты іх высачылі і акружылі. Пагналі ў вёску. Ева баялася, што яе адправяць у Германію. Яна дапамагала старэйшай сястры Ганне наглядаць за немаўляці і несла яго на руках. Дзяўчына ішла ў пачатку калоны, а стомленая Ганна ледзьве перастаўляла ногі ў хвасце натоўпу. За вёскай Нежын прасціраўся прасторны луг. Ева азірнулася на сястру і паклала немаўля на дарогу, каб Ганна яго забрала. А сама, калі падышлі да хмызнякоў, кінулася ўцякаць. Густога лесу не было, і нямецкі ахоўнік заўважыў яе. Людзі ў калоне сталі прасіць, каб не страляў. Ён паслухаў і нават аўтамат не зняў з пляча. А на дрэве сядзеў снайпер і на вачах ва ўсіх забіў Еву. Яна яшчэ на хаду азірнулася і ўпала… 

Тады з лесу падаспелі народныя мсціўцы і ўратавалі лю­дзей. Раз’юшаныя акупанты да шчэнту спалілі ўсе нежынскія сядзібы. Вяскоўцы абаснаваліся ў партызанскім атрадзе. Да прыходу савецкай арміі яны змагаліся з акупантамі.

Запалі ў сэрца і ўспаміны Марыі Станіславаўны Чыркоўскай з суседняй з востравам Зыслаў вёскі Старасек. Цікава было слухаць пра першую пасадку на партызанскім аэрадроме самалёта з «вялікай зямлі». Было гэта ў верасні 1942 года. Народныя мсціўцы старанна рыхтаваліся да яго прыёму. Настрой панаваў прыўзняты. Выставілі вартавых каля вогнішчаў. Як толькі ў небе пачуўся гул, успыхнулі вогнішчы. Аэраплан нізка праляцеў з выключанымі агнямі, развярнуўся і пайшоў на пасадку з заглушанымі рухавікамі. Партызанам перадалі прывітанне з Масквы. Хутка разгрузілі самалёт, унеслі ў яго параненых, і зноў загулі рухавікі, колы шасі прабеглі па зямлі — і аэраплан узняўся ў начное неба.

Зімовым часам на партызанскім аэрадроме Марыя Станіславаўна прымала ўдзел у расчыстцы ўзлётнай паласы. На санках вазілі снег, трамбавалі яго, каб самалёт змог прызямліцца. Калі машына заставалася начаваць на Зыславе, то фюзеляж ад ворагаў захіналі хваёвымі лапкамі. 


Назаўсёды ў сэрцы тая памятная сустрэча з любанскімі партызанамі на легендарным востраве Зыслаў. У гэтым святым куточку беларускай зямлі больш як паўвека таму амаль на паўтара дзясятка метраў узняўся ў неба абеліск. Побач з ім узвышаецца скульптура «Жалобны партызан». Рэканструяваны партызанскія зямлянкі. На полі былога аэрадрома створана мемарыяльная зона, на якой навечна паўстаў легендарны аэраплан У-2. Любанскі музей народнай славы, створаны паўвека таму, багаты на фотаздымкі, эксклюзіўныя дакументы пра партызанскі рух. Шмат унікальных экспанатаў, успамінаў народных мсціўцаў захоўваецца ў гістарычным музеі Камунараўскай сярэдняй школы. Пасля адыходу ў вечнасць зыслаўскіх партызанак папоўніўся школьны музей іх баявымі і працоўнымі ўзнагародамі.

Кожны з такіх эпізодаў — часцінка слаўнай гісторыі ўсенароднай барацьбы з нямецка-фашысцкімі акупантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter