У Брэсцкай вобласці засталося абмалаціць менш за дзясятую частку плошчаў збожжавых

Хлеб на стале

Надвор’е спрыяе хлебаробам Камянецкага раёна, і жніво тут ідзе на апошніх гектарах. На ўчарашнюю раніцу абмалаціць заставалася ўсяго 80 гектараў, ды і тое ў адной гаспадарцы — ААТ «Александрыя-Агра». Дырэктар сельгаспрадпрыемства Дзмітрый Місюк не надта хуткія тэмпы тлумачыць тым, что частку збожжавых і зернебабовых культур моцныя дажджы прыбілі да зямлі. 

Жанчын, якія працуюць памочнікамі камбайнераў у ААТ «Белавежскі» Камянецкага раёна, з працоўнымі рэкордамі віншавалі проста ў полі.
Фота Брэсцкага абкама прафсаюза работнікаў АПК

Убраць да зярнятка

— На такіх участках камбайнерам спатрэбілася праявіць усё сваё майстэрства. Не спяшаючыся, яны стараюцца сабраць ураджай да зярнятка, і гэта атрымліваецца няблага. 

Сапраўды, па ўрадлівасці хлебнай нівы «Александрыя-Агра» сёлета сярод раённых лідараў. З кожнага гектара тут атрымліваюць амаль па 50 цэнтнераў збожжа. Каб вырасціць такі ўраджай, ад тэхналогій не адыходзілі ні на крок. Унеслі дастаткова ўгнаенняў, абаранілі расліны ад хвароб і шкоднікаў, своечасова падрыхтавалі тэхніку, распрацавалі ўмовы стымулявання працы людзей. У выніку хлеб убралі ў аптымальны тэрмін. Па падліках спецыялістаў, збожжа хопіць да наступнага сезона, будзе і сваё насенне. 

Дзеля гэтага стараюцца ўсе рупліўцы шчодрай нівы. Сярод камбайнераў у лідары выйшлі экіпажы Дзмітрыя Карсакова і Валерыя Плескацэвіча, якія намалацілі адпаведна 1274 і 1244 тоны збожжа. Сярод вадзіцеляў лепшы вынік на гэты момант у Арцёма Радзіюка — больш за 1000 тон. 

На фінішным этапе ўборкі на дапамогу камбайнерам гаспадаркі прыйшлі спецыялісты ААТ «Камянецкі райаграсэрвіс». Справа адразу пайшла хутчэй. Дзмітрый Місюк разлічвае, што валавы збор збожжа перавысіць 7000 тон. Такога выніку ў гісторыі сельгаспрадпрыемства яшчэ не мелі. А дасягнулі яго дзякуючы таму, што ўраджай сабралі без страт. 

Цвёрдую кропку ў адказнай кампаніі між тым паставілі ў ААТ «Белавежскі» — найбуйнейшай гаспадарцы Камянецкага раёна. Сёлета тут замахнуліся на сур’ёзныя вышыні. Сямейны экіпаж Валерыя і Таццяны Кухта першым на Брэстчыне намалаціў 3000 тон збожжа. Адметна, што гэтую вышыню яны ўпершыню пакарылі на айчынным камбайне КЗС-1624. Вадзіцель Сцяпан Царук на МАЗе даставіў на збожжаток больш за 4000 тонн ураджаю, таксама паставіўшы асабісты рэкорд. Рэйсы Сцяпана амаль кожны сезон самыя паўнаважкія як у гаспадарцы, так і на Брэстчыне. Ужо стала добрай традыцыяй, што спаборнічае з ім малады калега Міхаіл Кучко, які таксама працуе ў «Белавежскім». Сёлета на яго рахунку больш за 3000 тон перавезенага збожжа. 

Сямейны экіпаж Валерыя і Таццяны КУХТА.
Фота Паўла ЛОСІЧА

А ну, дзяўчаты!

І яшчэ пра адзін рэкорд гэтага сельгаспрадпрыемства трэба абавязкова сказаць. На жніве памочнікамі камбайнераў тут працавалі ажно пяць жанчын. Акрамя работніцы мясцовай школы Таццяны Кухта, якая разам з мужам стала першай у вобласці трохтысячніцай, на масткі камбайнаў смела і ўпэўнена ўзнімаліся Алена Багамолава, Вольга Іўковіч, Анастасія Дудар і Вераніка Занько. 

Алена Багамолава на камбайне «Джон Дзір» убірае хлеб разам з мужам Сяргеем. Гэта справа, якая здавён лічыцца мужчынскай, ёй вельмі падабаецца: 

— Я працавала аператарам машыннага даення кароў на ферме «Лумна». На перыяд жніва па нашай сямейнай традыцыі стала памочнікам камбайнера. Ужо прызвычаілася, што трэба пільна сачыць за якасцю ўборкі, каб нішто не замінала рабоце магутнай машыны і збожжа за ей не заставалася. Калі бачыш залацістую ніву, па якой, нібы па бязмежным моры, «плыве» твой камбайн, гэтае адчуванне ні з чым не параўнаць. 

Для Анастасіі Дудар сёлетняе жніво — першае ў жыцці. Ёй, навучэнцы Пінскага харэаграфічнага каледжа, пакаштаваць гэтага хлеба прапанаваў бацька, які шчыруе на камбайне. Разам на айчыннай машыне КЗС-1218 сямейны экіпаж Сяргея і Анастасіі Дудар намалаціў больш за паўтары тысячы тон збожжа. Наста спачатку хвалявалася, ці ўсё ў яе атрымаецца. Але з дапамогай таты хутка асвоілася ў нялёгкай працы. Нават уставаць а шостай раніцы, каб не спазніцца да выхаду ў поле, стала зусім не цяжка. Перад тым, як камбайн пакідаў мехдвор, у ім правяралі і наладжвалі ўсе вузлы. Часам да гэтай работы далучалася мама дзяўчыны Наталля, якая раней сама працавала памочнікам камбайнера, а цяпер перадала гэту адказную справу дачцэ. 

Такія яны, гераіні жніва ААТ «Белавежскі». Кожная прыклала свае намаганні для таго, каб агульны каравай атрымаўся больш важкім. 

За жнівом — сяўба

Генеральны дырэктар гаспадаркі Аляксандр Дуньковіч адзначыў, што збожжа ў гэтым сезоне сабралі больш за 45 000 тон пры сярэдняй ураджайсці 58,5 цэнтнера з гектара. Уборка завершана. У сельгаспрадпрыемстве правялі «Дажынкі», ушанавалі лепшых удзельнікаў жніва і распачалі сяўбу азімага рапсу. Словам, неадкладна клапоцяцца пра новы ўраджай. 

Важкімі намалоты атрымаліся ў ААТ «Агра-Ніва», ААТ «Відамлянскае» Камянецкага раёна, дзе ў засекі адправілі адпаведна 14 000 і 10 400 тон збожжа. А увогуле ўсе камянецкія гаспадаркі пераўзышлі мінулагоднія паказчыкі па валавым зборы збожжа і ўраджайнасці. Старшыня Камянецкага райвыканкама Валянцін Зайчук лічыць, што сёлета старанна папрацавалі ўсе хлебаробы: 

— На раніцу 12 жніўня засталося ўбраць усяго 0,3 працэнта ад агульнай плошчы збожжавых і зернебабовых культур. Валавы намалот збожжа ў раёне склаў больш за 117 000 тонн пры сярэдняй ураджайнасці 44,8 цэнтнера з гектара. Гэта адзін з лепшых вынікаў для нашага раёна. 

На Брэстчыне на ўчарашні дзень сабралі 1,256 млн тон збожжа. Акрамя Камянецкага, да фінішу падышлі Столінскі, Пружанскі, Іванаўскі, Жабiнкаўскi, Брэсцкi і іншыя раёны. У вобласці засталося абмалаціць менш за дзясятую частку плошчаў. Між тым амаль 400 экіпажаў сталі тысячнікамі, 15 пакарылі рубеж у 2000, 2 — у 3000 тон.

kurets@sb.by 

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter