"Славянскі базар" працягвае здзіўляць гасцей Віцебска

Хіт у летнюю ноч

Фестывальная казка ў Віцебску працягваецца. І, як заўсёды бывае ў казках, самыя цікавыя і яркія падзеі адбываюцца бліжэй да поўначы. Ужо пасля сямі гадзін вечара на вуліцах горада – не праціснуцца. Квіткі ў Летні амфітэатр купляць зусім не абавязкова – для таго каб адчуць свята і атрымаць асалоду ад яго цудоўнай атмасферы, дастаткова проста прайсціся па горадзе.

Свята кожны дзень


Вось кружыцца моладзь — ламбада, самба і іншыя гарачыя бразільскія танцы сабралі цэлы натоўп ля Пушкінскага моста. Крыху далей, амаль пад ступенькамі Свята-Успенскага сабора, спаборнічаюць у майстэрстве аматары брэйк-данса, а на вуліцы Талстога гучыць-заварожвае саксафон... У летніх кафэ — сваё мнагалюднае свята. Жывая музыка, кветачніцы з кошыкамі і дыскатэкі да раніцы — весела ўсім. Мне здаецца, што горад зусім не спіць… І гэта нядзіўна — як можна не атрымліваць асалоду ад святочнага цуду?

Самы яркі эпіцэнтр свята — на плошчы Свабоды. Летні амфітэатр у агні шматтысячных лямпачак ззяе, як лятаючая талерка. Глядзельная зала відавочна перапоўнена, таму сотні віцяблян і гасцей горада назіраюць за тым, што адбываецца на сцэне, са схілаў Гапеевага ручая. Шанцуе, вядома, тым, хто жыве непадалёк: вокны некалькіх дамоў выходзяць прама на галоўную сцэнічную пляцоўку «Славянскага базару ў Віцебску». А што тычыцца святочнага феерверку, якім было адзначана афіцыйна адкрыццё міжнароднага форуму мастацтваў, то яго маглі назіраць тысячы жыхароў горада прама са сваіх кватэр — неба над Віцебскам на працягу доўгага часу асвятлялася шматколернасцю яркіх выбухаў салюту.


Наперадзе яшчэ шмат фестывальных дзён і начэй. І няважна, што надвор'е часам падводзіць — учора ў горадзе амаль цэлы дзень ішоў дождж. Госці фестывалю да гэтых «сюрпрызаў» даўно гатовыя і нават жартуюць: хіба можа быць «Славянскі базар» без дажджу? Ён жа на шчасце!

Парадак на месцах


Начальнік упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзеркач парадкам у фестывальным горадзе задаволены:

— Нашы ўрачы гатовыя да любых нечаканасцей, парадак іх дзеянняў адпрацаваны да аўтаматызму, бо такую колькасць гасцей сустракаем не ўпершыню. Падчас канцэртаў у зоне Летняга амфітэатра дзяжураць чатыры брыгады «хуткай», 20 машын знаходзяцца паблізу і гатовыя прыбыць да патрэбнага месца на працягу 5—10 хвілін. Пакуль, на шчасце, дапамога медыкаў нікому не спатрэбілася, а ў цэлым колькасць выклікаў хуткай дапамогі па горадзе зменшылася.

Усё спакойна і ў плане правапарадку. Колькасць злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку скарацілася амаль у два разы, а вось колькасць дастаўленых грамадзян у спецыяльны ізалятар ужо традыцыйна ў фестывальныя дні ўзрастае. На жаль.

Фота Паўла ЧУЙКО

Але гэта, як кажуць, дробязі. Асабліва з улікам таго, што насельніцтва горада ў дні «Славянскага базару» павялічваецца на дзясяткі тысяч чалавек. І большасць гасцей праводзяць час максімальна змястоўна. Напрыклад, трамвайна-тралейбуснае ўпраўленне выпусціла на лінію спецыяльны тралейбус з таблічкай «Славянскі базар». У салоне працуе аўтагід, які знаёміць пасажыраў з гісторыяй горада. Аплата за праезд — па звычайным тарыфе, так што турыстычная паслуга — гэта проста бонус. За дзень экскурсійны тралейбус, па словах намесніка начальніка ўпраўлення Віктара Кожуха, робіць па 18 рэйсаў і перавозіць звыш тысячы пасажыраў.

Глядзi i слухай!


Але ўсё самае цікавае ў сталіцы «Славянскага базару», паверце, яшчэ наперадзе. Праграма больш чым насычаная. Толькі ўчора на тэатральных падмостках і проста на вуліцы прайшло некалькі спектакляў для дзяцей і дарослых. У Летнім амфітэатры адбыўся юбілейны канцэрт ансамбля «Сябры», а таксама канцэрты «Вітае Украіна» і «Залаты хіт» — гледачы атрымлівалі асалоду ад песень Зізы, Тамары Гвердцытэлі, Методые Бужор, Варвары, Жасмін, Наташы Каралёвай, Хуліа Іглесіяса, Ядвігі Паплаўскай, Ірыны Дарафеевай і іншых зорак айчыннай і замежнай эстрады. У абласной філармоніі выступаў грузінскі ансамбль «Аліло». А яшчэ гасцей «Славянкі» радавалі вулічныя артысты.

Але ж адна з самых галоўных падзей учарашняга дня — вядома ж, паўфінал XXVI Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні. Канкурсанты пакаралі сцэну канцэртнай залы «Віцебск». Сёння вечарам яны выступяць у Летнім амфітэатры — тут пачнецца фінал конкурсу. Прэтэндэнты на Гран-пры будуць спяваць у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.


А што заўтра? А заўтра будзе раскрыта галоўная інтрыга. «Фестывальным хітом» завершыцца Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2017». «Славянскі базар» дасць пуцёўку на вялікую сцэну яшчэ аднаму пераможцу. А да выніковага выступлення фіналістаў віцебскую публіку ў Летнім амфітэатры сваім сольнікам разагрэе Стас Міхайлаў.

Вы яшчэ сумняваецеся, ці варта прыехаць у Віцебск? Спяшайцеся, бо ўжо ў панядзелак тут прагучаць развітальныя фанфары фестывалю. Яшчэ шмат што можна ўбачыць, а галоўнае — удосталь зарадзіцца пазітывам аж да наступнага фестывальнага лета!

a_veresk@mail.ru

Фота БЕЛТА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter