Деревня Хильчицы Житковичского района - волны возрождения на туровском пути

Хільчыцы: прыцягненне бацькоўскага дому


На мяжы Брэсцкай і Гомельскай абласцей побач з ракой Сцвігай, што ўпадае ў паўнаводную Прыпяць, апавітая канавамі і хмызамі, прытулілася вёска Хільчыцы. Выяўленыя вакол вёскі старажытныя стаянкі першабытных лю­дзей бронзавага веку сведчаць пра засяленне гэтых мясцін у VIII—V стагоддзі да нашай эры. На пачатку мінулага стагоддзя вёску акружалі паўсотні курганных магільнікаў.

Згодна з паданнем, у міжрэччы Сцвігі і Прыпяці з-за варожых набегаў заняпаў горад Хіл. Жыхары яго не пажадалі пакідаць гэтыя мясціны і стварылі паселішча. У памяць аб страчаным горадзе назвалі Хільчыцамі. Існуюць і іншыя легенды назвы вёскі.

У выніку распаду першабытнага ладу і развіцця феадальных адносін у канцы I тысячагоддзя склалася Тураўскае княства, якое праіснавала да другой паловы ХII стагоддзя. У склад яго ўваходзілі хільчыцкія землі.

Упершыню пісьмова Хільчыцы ўзгадваюцца на пачатку ХVIII стагоддзя ў дакументах Мазырскага павета Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе вёска адышла да Тураўскай воласці Мазырскага павета Мінскай губерні Расійскай імперыі. Як і старажытным Туравам з навакольнымі паселішчамі, так і Хільчыцамі валодаў заможны род Салагубаў. З 1811 года вёска перайшла ў дзяржаўнае ўладанне. З 1879-га яна ўзгадваецца ў дакументах Тураўскага царкоўнага прыхода.

Пасля ўсталявання савецкай улады Хільчыцы ўвайшлі ў Тураўскі раён Мазырскай акругі, рэарганізаванай у 1938 годзе ў Палескую вобласць.

У нямецка-фашысцкую акупацыю многія тутэйшыя пайшлі ў партызаны. Гітлераўцы спалілі дашчэнту вёску, расстралялі шэсць жыхароў. Мемарыяльным помнікам ушанаваны ахвяры Вялікай Айчыннай вайны. Побач з праваслаўнай царквою ўсталяваны помнік рэпрэсіраваным у даваенны час землякам.

З 1962 года Хільчыцы ў Рычоўскім сельсавеце Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці.


ПААБАПАЛ звілістай асфальтаванай дарогі, што вядзе з Турава ў вёску Хільчыцы, раскінуліся палі буйнога сельгаспрадпрыемства Гомельшчыны — ААТ «Тураўшчына» — і сялянскай гаспадаркі Міхаіла Шруба. Тураўская зямля ўрадлівая. У савецкія часы палескія хлебаробы з гектара атрымлівалі па сто цэнтнераў пшаніцы. Добра родзяць і іншыя сельгаскультуры. Паспяхова развіваецца жывёлагадоўля. Са шматгектарным садам акцыянернага таварыства мяжуе буйны малочна-таварны комплекс.

Вялікія і малыя вёскі акружаюць былы райцэнтр. Другое тысячагоддзе адлічвае Тураў. Вёска Хільчыцы на дзясятак кіламетраў аддалена ад яго. За сялянскімі агародамі пачынаюцца землі Брэстчыны.

За Хільчыцамі асфальтаваная дарога пераходзіць у гравійку. Памятаю, як чвэрць стагоддзя таму  наша здымачная група дабіралася ў суседнюю вёску Бярэжцы на запіс тэлепраграмы «Запрашаем на вячоркі». На жалезнай валакушы, прычэпленай да гусенічнага трактара, не ехалі, а плылі мы па раскіслым глеі. Паабапал грэблі сярод хмызоў і чаротаў лапікамі віднеліся палі. Пераехалі хісткі драўляны мост праз раку Сцвігу, і трактар спыніўся каля сельскага клуба. Там нас чакалі апранутыя ў палескія строі самадзейныя артысты.

Іншым стаў гэты глыбінны куток Гомельшчыны, куды завітаў у чарговую вандроўку. Уражваюць карпусы новага малочнага камбіната на ўскрайку Турава. Брэнд яго — адмысловыя сыры. А суседні кансервавы завод вядомы як вытворца зялёнага гарошку.

Начальнік малочна-таварнага комплексу Наталля ЛОБАН.

Забудаваныя пераважна драўлянымі дамамі Хільчыцы ўпрыгожвае двухпавярховы сучасны будынак дзіцячага сада — сярэдняй школы. У цэнтры вёскі — аднапавярховы сельскі клуб. Дзейнічаюць фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне паштовай сувязі, некалькі магазінаў. Прыгожа ўпісаліся сярод сялянскіх забудоў сучасныя катэджы. Ствараецца свой музей побыту палешукоў. Фермерская гаспадарка для размяшчэння экспанатаў выкупіла драўляны дом. Некалькі гадоў таму Хільчыцы займелі праваслаўную капліцу. Назвалі яе ў гонар велікамучаніцы Параскевы Пятніцы. Па святах адпраўляе ў ёй набажэнствы настаяцель прыхода Святога Архангела Міхаіла з аграгарадка Рычоў іерэй Вячаслаў Наскевіч.

Айцец Вячаслаў НАСКЕВІЧ.

У баку ад падворкаў пабудаваны буйны малочна-таварны комплекс. Далей за ім — белакаменныя памяшканні сучаснага свінакомплексу. Праз дарогу — новы двухпавярховы адміністрацыйны будынак фермерскай гаспадаркі Міхаіла Шруба. Побач — машынна-трактарны парк, гароднінасховішчы, вытворчыя карпусы па перапрацоўцы сельгаспрадукцыі.

Ад тураўскага шляху пачынаюцца некалькі доўгіх вясковых вуліц. Абсаджаны яны высокімі дрэвамі. Падворкі шчыльна забудаваны дамамі, хлявамі і хлеўчыкамі. За імі пачынаюцца агароды і сады. У дварах — гусі, качкі, куры. Многія гаспадары трымаюць кароў.

Мая вандроўка па ажыўленай вёсцы пачалася сустрэчай з немаладых гадоў селянінам. Ён старанна прыбіраў вуліцу перад сваім драўляным домам, да якога падступаюць разгалістыя яблыні. Праз вуліцу пад старымі вербамі прытуліўся хлеў з чаротавым дахам, які прыцягвае ўвагу незвычайным выглядам. Шырокія вароты ўпрыгожвае дэкаратыўная разьба.

Ветэран працы Рыгор КАЦЭВІЧ.

З гаспадаром падворка прыселі на прызбе, пачалі размову. Рыгор Кацэвіч узгадаў, як у маладыя гады забудоўваў сваю сядзібу. Пілаваў лес, узводзіў дом, хлявы. З вуснаў 80-гадовага селяніна гучала напеўная тураўская гаворка. Больш як паўвека чаротаваму даху на «вудрыне» — так ён назваў хлеў. Тураўскі дыялект захаваўся да гэтага часу. Ён падобны на мову палескіх герояў Івана Мележа. У савецкія часы выдадзены пяцітомнік «Тураўскага слоўніка». Такі багаты тут слоўнікавы запас. Іншыя рэгіёны рэспублікі такога фаліянта не маюць.

Не толькі мова, але і сялянскі ўклад жыцця трывала захаваліся тут. У даваенны час у Хільчыцах стаяла пагранічная застава. Дзяржаўная граніца з панскай Польшчай на два дзесяцігоддзі размежавала палешукоў. Сувязі са сваякамі, што жылі ў суседняй вёсцы Луткі і апынуліся ў іншай краіне, да аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР не было.

У той год, як скасавалі мяжу, нарадзіўся Рыгор Кацэвіч. Пасля сямігодкі ў Тураве скончыў курсы механізатараў. Да выхаду на пенсію працаваў на калгасным трактары. Быў у перадавіках. Цяпер яго сыны Анатоль і Леанід у ліку лепшых хільчыцкіх механізатараў. Пяць гадоў таму Рыгор Еўдакімавіч аўдавеў. Дзеці падтрымліваюць бацьку.

У вёсцы дзясятак адзінокіх пенсіянераў, якім неабходна дапамога. Але, як адзначыў старшыня Рычоўскага сельвыканкама Уладзімір Кучынскі, няма жадаючых працаваць сацыяльнымі работнікамі. Вакантнымі застаюцца гэтыя пасады ў Хільчыцах. Многія вяскоўцы заняты на тураўскіх малочным камбінаце і кансервавым заводзе, у ААТ «Тураўшчына» і ў сялянскай гаспадарцы Міхаіла Шруба. Трымаюць людзей у гэтых калектывах высокія заробкі.

Юлія і Аляксандр ЧАРНУШЭВІЧЫ з сынам Кірылам.

ВЁСКА прырастае перася­ленцамі. З украінскага Краматорска пераехала ў Хільчыцы і выйшла замуж Юлія Чарнушэвіч. Маладыя купілі дом, добраўпарадкавалі яго, завялі хатнюю гаспадарку. Падрастае ў іх сын Кірыл.

Станіслаў і Кацярына ІВАНКОВЫ.

Станіслаў і Кацярына Іванковы атрымалі вышэйшую адукацыю ў Харкаве. Неспакойная сітуацыя ў суседняй Украіне прымусіла іх шукаць варыянты пераезду. Выбар маладыя спынілі на сялянскай гас­падарцы Міхаіла Шруба. Атрымалі новы катэдж. Станіслаў працуе інжынерам па халадзільных устаноўках. Пасаду менеджара атрымала ў фермера Кацярына. Працай і ўмовамі жыцця задаволены і сваё будучае бачаць на Тураўшчыне.

У бацькоўскі дом вярнулася з Пскоўскай вобласці Яўгенія Сафронава. Пасля заканчэння сельгастэхнікума яна працавала бухгалтарам непадалёку ад вядомых пушкінскіх мясцін — Міхайлаўскага і Трыгорскага. Цяпер яна лабарант на малочна-таварным комплексе фермерскай гаспадаркі.

Лабарант малочна-таварнага комплексу Яўгенія САФРОНАВА.

Хільчыцкія школьнікі, з якімі гутарыў, у большасці мараць пасля атрымання сельгаспрафесіі вярнуцца дамоў. Выпускнікі школы пастаянна поўняць атрад хлебаробаў. Механізатарамі працуюць Васіль і Віталь Шрубы, Віктар Гурын, Віктар Птушка. Даглядаюць свіней на комплексе Надзея Гурын, Ніна Кошкіна. Ветурачом працуе ў ААТ «Тураўшчына» Людміла Шруб.

Другі год у сярэдняй школе адноўлена прафарыентацыя. Старшакласнікі атрымліваюць прафесію цесляра. Заняткі вядзе настаўнік Міхась Вянгура. Дырэктар Анжэла Дзербянёва спадзяецца, што з будучага навучальнага года ў школе адновіцца падрыхтоўка механізатараў. Дарэчы, Анжэлу Міхайлаўну аднавяскоўцы абралі старастай Хільчыц. Тут яна нарадзілася, а пасля атрымання вышэйшай адукацыі ў Мазыры вярнулася дамоў настаўнічаць. Як адзначыла Анжэла Міхайлаўна, у былыя гады выпускнікам школы разам з атэстатам сталасці выдавалі пасведчанні трактарыста-машыніста. З тых часоў у гаражы стаіць спраўны трактар «Беларус». Неабходна толькі замяніць на ім гумавыя пакрышкі. Шэфы абяцаюць дапамагчы. Ёсць каму вучыць старшакласнікаў механізатарскай справе.

Дзяўчаты выпускных класаў засвойваюць прафесію швачкі. Зай­маецца з імі вопытны спецыяліст Галіна Грыб. Кабінеты працоўнага навучання аснашчаны неабходнымі інструментамі і тэхнікай.

Школьны будынак узведзены восем гадоў таму. Пад адным дахам і дзіцячы сад. Раней навучэнцы ездзілі на заняткі за 15 кіламетраў у аграгарадок Рычоў. Цяпер спецыяльны аўтобус штораніцы падвозіць сюды школьнікаў з суседніх вёсак Беражцы, Любавічы і нават з суседняй вёскі Луткі Столінскага раёна. На працягу апошніх гадоў колькасць выхаванцаў трымаецца — іх звыш сотні.

Вучань 10-га класа Дзяніс ПТУШКО.

У дзесяцікласніка Дзяніса Птушко пацікавіўся пра яго мары на будучае. Юнак настроены пасля атрымання атэстата сталасці займець сельгаспрафесію і вярнуцца дамоў. У Палескім дзяржаўным аграрным каледжы імя Міцкевіча ў Калінкавічах на механіка па сельгасмашынах вучыцца старэйшы брат Аляксей. На іх падворку ёсць уласны МТЗ-82, два легкавікі. Бацька працуе трактарыстам у ААТ «Тураўшчына» і сыноў прызвычаіў да тэхнікі.

СТАРШЫНЮ Жыткавіцкага райсавета дэпутатаў Ула­дзіміра Куляша радуе, што ў вясковай моладзі дастатковы выбар працаўладкавання. Сярэдні ўзрост работнікаў ААТ «Тураўшчына» і сялянскай гаспадаркі Міхаіла Шруба не перавышае 40 гадоў. Маладыя сем’і забяспечваюцца жыллём. Многія самастойна будуюць уласныя дамы.

У гэтым маляўнічым кутку Палесся актыўна развіваецца агратурызм. На ўзбярэжжы ракі Сцвігі завяршаецца ўзвядзенне спецыяльнага аздараўленчага комплексу. Частаваць гасцей будуць нацыянальнымі стравамі. Ёсць задумкі стварыць эксклюзіўную этнаграфічную праграму, насычаную мясцовымі звычаямі і традыцыямі.

Ад продкаў захаваўся калядны абрад «Вадзіць казу». Дзеянне праходзіць у святочны вечар. У піліпаўскія дні ўжо ўзгадваюцца калядныя спевы, рыхтуюцца касцюмы Казы, Мядзведзя, Бусла, Чорта, Каня, Нячысціка.

Самадзейныя артысты Ніна КАЦЭВІЧ, Ганна ЛЯСЬКО, Ніна ЛЕЎКАВЕЦ, Аляксандра КАШЭВІЧ, Кацярына ШУКАЛОВІЧ, Марыя КАРАЛЕЦ.

Ні адно свята ў вёсцы не праходзіць без удзелу самадзейнага народнага ансамбля «Хільчанка». Кіруе ім Кацярына Шукаловіч. Творчы шлях калектыву бярэ пачатак з першых пасляваенных гадоў. Дзе толькі не выступалі хільчыцкія артысты! Запрашалі іх і ў сталіцу на запіс тэлевізійных «Вячорак».

Састаў ансамбля пастаянна папаўняецца новымі артыстамі. Сёння ў ім спяваюць Ніна Кацэвіч, Ганна Лясько, Ніна Леўкавец, Аляксандра Кашэвіч, Кацярына Шукаловіч, Марыя Каралец. Сярод значных творчых удач народнага калектыву — званне лаўрэата Рэспубліканскага фестывалю «Беларуская полька».

Пакідаў Хільчыцы з прыемным адчуваннем перамен у глыбіннай палескай вёсцы. Цешыць, што старанне людзей, якія не здрадзілі роднай зямлі, адкрывае перспектыву яе далейшага развіцця. Узгадаліся словы беларускага класіка Якуба Коласа, што «…зямля дзяцей тваіх не кіне, зямля — аснова ўсёй Айчыне».

Жыткавіцкі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter