“Хай кожнае слова ўславіць Радзіму”

І ўдарылі ў лад дудары, абвясцілі свята. Радасным подсвістам падтрымалі іх музыкі на жалейках ды ражках. Народныя мелодыі, стылізаваныя тагачасныя касцюмы нібы перанеслі шматлікіх слухачоў у часы Георгія Скарыны, Пятра Мсціслаўца, Спірыдона Собаля, Кацярыны ІІ ды яе генерала Зорыча.І раптам на сцэне, што напярэдадні збудавана ля помніка XVIII ст. шклоўскай ратушы, з’явіліся самі гэтыя старажытныя персанажы. Подыхам гісторыі павеяла ад літаратурна-драматычнай кампазіцыі, што разгортвалася перад вачыма шматлікіх гледачоў.

Так у нядзелю пачынаўся  традыцыйны, 14-ы па ліку Дзень  беларускага пісьменства ў Шклове. Пачынаўся не толькі з тэатралізаванай выявы. Пад урачыстыя гукі званоў з самага ранку ў горад прыбыла навукова-асветная экспедыцыя “Дарога да святыняў”. У Свята-Праабражэнскай царкве адбылася святочная літургія, і лампада з Благадатным Агнём ад труны Гасподняй была перададзена на захаванне храму.
Прывітальнае пісьмо ўдзель-нікам і гасцям свята, а таксама сваім землякам-шклаўчанам прыслаў  Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. А прачытаў яго віцэ-прэм’ер урада, ён жа старшыня аргкамітэта фэста Аляксандр Косінец. Праўдзівае, патрыятычнае і мастацкае слова было заўсёды запатрабавана ў народзе. Сёння ж, калі Беларусь  мацуе сваю самастойнасць, развівае эканоміку, літаратуру, культуру ўвогуле, яно набывае  асаблівую важкасць і важнасць.
Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Барыс Батура, звяртаючыся да прысутных, адзначыў, што “шклоўскі” Дзень беларускага пісьменства прасякнуты памяццю  выдатных асветнікаў, што  стаялі ля вытокаў нацыянальнай культуры. І цяперашнія літаратурныя здабыткі, культурныя дасягненні, за якія Беларусь з гонарам стаіць  у  шарэнзе еўрапейскіх  дзяржаў, — гэта парасткі тых гістарычных каранёў на дабротнай глебе дзяржаўнай палітыкі  ў культурнай  галіне.
Шчыра кажучы, у дзень свята Шклоў увогуле стаў  шматгалосай сцэнічнай пляцоўкай, вялізным, як некалькі стагоддзяў назад, кірмашом. Ірына Дарафеева, ансамбль “Чысты голас”, ансамбль  старажытных духавых музычных інструментаў “Гуды”, іншыя выканаўцы і калектывы змянялі на сцэне адзін  аднаго. На плошчы ля раённага Палаца культуры размясцілі свае экспазіцыі рэспубліканскія выдавецтвы, выданні. Уздоўж  галоўнай вуліцы горада свае выставы зрабілі  магілёўскія  абласныя  і большасць раённых  газет.
Не з шэрагу апошніх  аказалася і экспазіцыя  нашай газеты. Шматлікіх наведвальнікаў свята прываблівала выстава  адметных фотаработ Аляксандра Шаблюка. Адзначаючы поспех магі-лёўскіх  хлебаробаў, якія на сёлетнім  жніве сабралі мільённы ўраджай збожжа, “НГ” прэзентавала шклаўчанам і гасцям горада арыгінальны і смачны вялізны каравай. Хто пакаштаваў — пацвердзіць  яго вартасць.
Адметнасцю сёлетняга свята пісьменства стала і тое,  што ўпершыню на ім падведзены вынікі першага літаратурнага  конкурсу на лепшыя творы года ў чатырох намінацыях. Лепшым  творам у галіне паэзіі прызнаны зборнік вершаў  Віктара  Шніпа “Балада камянёў”. Таксама адзначаны паэтычныя зборнікі Андрэя Скарынкіна і Змітрака Марозава.
Сярод празаікаў раманам “Уліс Трускі” вызначыўся Уладзімір Гніламёдаў. На другім і трэцім месцах Анатоль Казлоў і Наталля  Голубева з раманамі “Юргон” і “Радзімічы”.
Першы прыз за лепшы твор для дзятвы забраў  аксакал пісьменніцкага  цэха Іван Муравейка за кніжку казак “Вадзіца з крыніцы”. У гэтай намінацыі таксама адзначаны дзіцячыя вершы Міхася Пазнякова і Ніны Галіноўскай.
А вось у літаратурнай крытыцы пераможца аказаўся адзіны. За зборнік  крытычных артыкулаў “Свечка на  золкім паветры” прыз атрымаў Алесь Марціновіч.
Падчас уручэння літаратурных прэмій старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец зазначыў, што ў наступныя  святы  колькасць  намінантаў будзе значна пашырана, бо наша нацыянальная  літаратура шматгранная і ў кожным яе напрамку нямала талентаў.
Вядома, што гісторыя  Шклова звязана з імем кацярынінскага генерала, серба па паходжанні Сямёна Зорыча. Тут у канцы XVIII ст. ён  заснаваў першы тэатр, арганізаваў кадэцкае вучылішча, садзейнічаў развіццю шматлікіх рамёстваў. У дзень свята шклаўчане ў векавым парку, заснаваным напрыканцы пазамінулага стагоддзя, адкрылі помнік  гэтаму мецэнату і гістарычнаму дзеячу. За дзень да свята на беразе Дняпра адкрылася лыжа-ролерная траса, а ў цэнтры горада — краязнаўчы музей.
Той, хто паставіў на мэце азнаёміцца з усім цікавым, што адбывалася на шклоўскім фэсце, відаць, не змог дасягнуць яе, таму што  паспець усюды, на ўсё падзівіцца проста б не хапіла  часу. Прэзентацыі, выставы, сустрэчы, тэматычныя пляцоўкі, паказальныя  спартыўныя выступленні і спаборніцтвы, віктарыны, латарэі... Толькі той народ, які ўмее выдатна працаваць, так святкуе. Таму што яму ёсць  што паказаць і ў матэрыяльным, і ў духоўным жыцці.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter