Хаця і Высокае, а дарогі кепскія

Фота Паўла Юшкевіча
Прыехала на выхадныя наведаць пажылых сваякоў у вёсцы Высокае Маларыцкага раёна і да гэтага часу знаходжуся пад уражаннем ад стану тамтэйшых дарог. Часцяком па абочыне прасцей дабрацца, чым па так званай праезнай частцы. Упершыню на свае вочы ўбачыла, што значыць выраз “ні прайсці ні праехаць”. Спаўна адчула на ўласным вопыце. Машыну прыйшлося пакідаць за сотню метраў ад дома і дабірацца пешшу. Гразь такая, што людзям на вуліцу выходзіць не хочацца. Але ж у гэтай вёсцы жывуць не толькі старыя. Шмат каму кожны дзень трэба ездзіць на працу, неяк дабірацца да райцэнтра. Людзі ўжо і надзею страцілі, што калі-небудзь тут з’явіцца нармальная дарога. Якія там веласіпеды?! Праехаць па ёй пакуль можна хіба што на трактары!

Гэта вельмі актуальная праблема для нашага рэгіёна. Сышоў снег, і дарогі ў многіх населеных пунктах Брэстчыны, у тым ліку ў буйных гарадах, выглядаюць як пасля бамбёжкі. Але ж іх якасць хвалілі нават замежнікі. Куды ўсё падзелася? У тым жа Брэсце ў многіх месцах можна ўбачыць суцэльныя калдобіны. Цэнтр горада ў выбоінах. Пра спальныя раёны і казаць не даводзіцца.

Спадзяёмся, што хаця б з прыходам вясны на гэтую праблему звернуць увагу мясцовыя ўлады і дарожныя службы.

Галіна Г., в. Высокае, Маларыцкі раён
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter