Хаця б не знiкла вёска

На пытанне “Як жывяце?” загадчыца Лашанскай сельскай бібліятэкі Уздзенскага раёна Людміла Салавей адказвае амаль як у анекдоце: маўляў, усё роўна добра...
Бо чытачы – і дарослыя, і малыя – прыходзяць, і ўсяго іх – трыста восемдзесят. Бо пакуль што аніводны не застаўся незадаволеным, не пайшоў з пустымі рукамі: густы аднасяльчан Людміла Васільеўна ведае не горш за ўласны (на пасадзе — трыццаць адзін год). Бо новых кніг і газет у дадатак да амаль што дзевяці тысяч “старых” у мінулым годзе атрымалі… цэлых дзевяноста шэсць, спісалі сто дваццаць. Бо ў бібліятэцы – цёпла і ўтульна. Бо колькі гадоў запар паспяхова працуе тут дзіцячы краязнаўчы клуб “Спадчына”. Бо ёсць у Лашанскай бібліятэцы нават свая выставачная зала. Бо ўлетку вёска зноў ажыве: да бабуль і дзядуляў прыедуць унукі і, вядома, завітаюць да Людмілы Васільеўны. Бо дапамагае загадчыцы ўся яе сям’я: муж – з ацяпленнем, дзеці – з афармленнем. Бо, нягледзячы на не самую вялікую зарплату, працуецца… І добра… — Чаго не хапае? Вядома, кніг, — гаворыць Людміла Васільеўна. – Калі б не ўнутрысістэмны абмен, камерцыйны фонд цэнтральнай бібліятэкі, то… Безумоўна, каб камп’ютэр далі, абавязкова вывучылася б. Але што разважаць наконт недасягальных вяршынь, калі нават новая мэбля ці стэлажы – амаль казка. З лашанскай калегай згодна і загадчыца Забалацкай сельскай бібліятэкі (дарэчы, займае яна гэтую пасаду з 1958 года. – Заўв. аўт.) Раіса Дубовік. А разам з тым дадае, што людзі і сёння да кнігі ставяцца с павагаю. Вядома, летам падчас сяўбы наведваюцца хіба толькі вечарам у нядзелю, ды і то пераважна газеты пагартаць. А вось зімой і трыццаць чалавек за дзень – не дзіва (сярод абанентаў нават існуе дабрачынная групка кніганош). Чытаюць? А ўсё тое ж: старыя – пра вайну і “добрыя” аповесці, жанчыны – для душы і дамскія раманы, мужчыны – гістарычныя нататкі і дэтэктывы, а вось малыя і падлеткі – казкі, энцыклапедыі і, як заўжды, праграмную літаратуру. Дарэчы, з апошняй на сяле зноў-такі праблема: дадому бяруць абавязковыя школьныя кнігі не ў прыклад больш за астатнія, вось і зношваюцца, а потым і спісваюцца яны хутчэй. Купіць новыя — цяжка, таму і атрымліваецца так: здавалася б, “банальная” класіка, а ў фондзе яе няма. Між іншым, у мінулым годзе ўсе трыццаць бібліятэк Уздзенскага раёна (сярод іх дваццаць восем – сельскіх) атрымалі… усяго пяць з гакам тысяч экзэмпляраў новых кніг і перыёдыкі, але ж у асноўным набывалі іх за пазабюджэтныя сродкі. Неблагі дадатак да фондаў прынесла раённая акцыя “Кніга ў дар” – каля шасцісот тамоў. Безумоўна, тэма рамонту як складанага капітальнага, так і простага касметычнага – хвалюючая для бібліятэк. Летась будаўнікі “завіталі” толькі ў чатыры ўздзенскія кнігасховішчы (не абышлося тут без спонсарскай дапамогі), а не пашкодзіла б гэта амаль усім. Дарэчы, за апошнія пяць гадоў у раёне закрылі дзве бібліятэкі. Прычына таму горкая, але простая – вёска знікае. Зразумела, мясцовыя ўлады як могуць супраціўляюцца, адцягваюць цяжкі момант: спачатку пераводзяць загадчыка на паўстаўкі, але ж дэмаграфічнае пытанне гэтым не вырашыш. Як, між іншым, не вернеш і выставы, якія калісьці ладзілі ў закрытых сёння “кніжных установах”, і цудоўныя вясковыя святы, і вечары, якімі займаліся бібліятэкі разам з добрымі суседзямі – клубамі. Ніхто ўжо не будзе займацца цяжкай і дастаткова няўдзячнай краязнаўчай работай, якая даўно лягла на плечы бібліятэкараў... У той жа час своеасаблівы адказ на “грашовае” пытанне, здаецца, знойдзены: платныя паслугі які-ніякі прыбытак даюць. Вось толькі калі сталічная бібліятэка і камп’ютэр, і ксеракс дазволіць сабе можа, то сельская… Таму “сур’- ёзна” зарабляе на Уздзеншчыне толькі раённая бібліятэка: выдае кнігі з камерцыйнага фонду, які складае амаль шэсцьсот экзэмпляраў навінак пісьменніцкай думкі, літаратуру з чытальнай залы нанач і бібліяграфічныя даведкі. І напрыканцы… Уздзенскія бібліятэкары называюць сябе не інакш як энтузіястамі, а работу сваю – нялёгкай. І ўсё-такі працуюць і жывуць… Усё роўна добра?..
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter