У час размовы на вочы гэтай мілавіднай жанчыны раз-пораз наварочваюцца слёзы

Хацелася б, каб усё прайшло як дрэнны сон

У час размовы на вочы гэтай мілавіднай жанчыны раз-пораз наварочваюцца слёзы. Яшчэ б, каму ж хацелася, каб у яго жыццё прыйшла страшная вайна. Не хацела гэтага і Наталля Даўгова (на здымку), жыхарка Луганскай вобласці. Але лёс распарадзіўся інакш.

Фота Віталя ГІЛЯ
Наталля Даўгова. Фота Віталя ГІЛЯ

«З`ехалі таму, што бамбёжкі былі, — успамінае яна. — Усю ноч правялі ў падвале дома. Назаўтра сабраліся і з`ехалі. Спачатку ў Кіеў, дзе правялі каля трох тыдняў». Але надзеі, што за гэты час дома наступіць мір, паступова развеяліся. Што рабіць далей? Яны з мужам не раз задавалі сабе гэта пытанне. Так, ад бамбёжкі вуліца, дзе стаіць іх дом, не пацярпела. Але ў акрузе раз-пораз гучаць стрэлы. А да таго, што па горадзе ездзіць бранятэхніка, мясцовыя жыхары папросту прывыклі.

Знаёмыя раз`язджаліся, зна­хо­дзілі жыллё, працу. І сям`я Даўговых таксама вырашыла паспрабаваць шчасця, тым больш што сваякі мужа жылі ў Ваўкавыску. Так Беларусь і стала іх домам. І яны па-сапраўднаму закахаліся ў квітнеючы прыгожы горад. «Прыехалі ў жніўні — тут усё яшчэ цвіло. Зялёны горад. Для нас гэта неяк незвычайна, — успамінае Наталля. — Уразілі вашы вуліцы, а асабліва засеяныя палі. Незвычайна. Усё па-гаспадарску, прыгожа, чыста, акуратна».

Увогуле ў Даўговых усе ўражанні, звязаныя з краінай, якая так гасцінна іх прыняла, самыя станоўчыя. Па словах Наталлі, яны былі гатовыя да любых складанасцей, асабліва ў пошуках працы, але гэтага не здарылася. Больш за тое, сама яна знайшла працу па спецыяльнасці і ўжо з 2 верасня працуе ў Ваўкавыскай ЦРБ. Муж — на птушкафабрыцы. «Мы не думалі, што праца знойдзецца так хутка, — распавядае яна. — Я медык па адукацыі і дома працавала ў стацыянары палатнай медсястрой 20 гадоў. Так што стаж працы ёсць, катэгорыя таксама».

У час размовы пра любімую працу хваляванне з яе твару знікае. Так, працуецца добра, усё задавальняе. І ў тым ліку заробак, які вышэйшы, чым ва Украіне. Рада Наталля і калектыву, які вельмі яе падтрымлівае і, каб не хваляваць, не задае лішніх пытанняў і не імкнецца гаварыць з ёй пра вайну.

І ўсё ж яна сумуе. Сумуе па родным горадзе, па хаце, па пакінутых там бацьках, сястры, сваякам. І яе сэрца разрываецца паміж роднымi і цішынёй і спакоем Ваўкавыска. Вядома, яна хацела б вярнуцца дадому. Але адказу на пытанне, калі гэта стане магчымым, у яе пакуль няма. Год? Два? Больш? Як гаворыцца, час пакажа.

«Мы кожны дзень размаўляем з бацькамі па скайпе. Даведваемся пра апошнія навіны, — кажа Наталля. — Вядома, вельмі за іх хвалюемся. Быццам бы ў горадзе спакойна. Але сітуацыя ўвесь час мяняецца. А галоўнае, шкада дзяцей, якія, пачуўшы стрэлы, просяцца спаць. Спадзяюцца, што ўсё пройдзе як дрэнны сон».

Вера АРТЭАГА 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter