Познаём Беларусь: Хатнік, Пячура, Дамавуха — как наши предки задабривали домовиков

Хатнік і Дамавуха

З даўніх часоў нашы продкі верылі, што кожны дом знаходзіцца пад аховай хатняга духа. Лічылася, што так званыя дамавічкі не толькі забяспечвалі добрае жыццё сям’і, здароўе гаспадароў, але і спрыялі плоднасці свойскай жывёлы. Таму да ахоўнікаў жытла адносіліся з павагай і ўсяк хацелі іх задобрыць.

Фота з архіва «СБ»

Вобраз хатніка звязаны з культам продкаў. Фалькларысты сцвярджаюць, што ён пачаў фарміравацца ў часы язычніцтва. Па ўяўленнях беларусаў, хатнік меў выяву старэнькага дзядка з сівой барадой і сівымі кудлатымі валасамі. Апрануты ў белую кашулю, падперазаную лыкам. І летам, і зімой ён ходзіць босы, без шапкі. Цікавая дэталь: галаўны ўбор дамавічок апранае толькі перад смерцю гаспадара. Гэта рыса падкрэслівае сувязь хатняга ахоўніка з іншым светам.

Людміла Дучыц і Ірына Клімковіч у кнізе «Язычніцтва старажытных беларусаў» (2018) пішуць, што дамавічка нашы продкі звычайна ўяўлялі ў вобразе гаспадара дома, які некалі жыў у гэтай хаце і памёр. Каб пасябраваць з духам, заручыцца падтрымкай, на Дзяды яго запрашалі на супольную рытуальную вячэру. Штовечар пакідалі на стале для хатніка ласункі — кавалкі хлеба з соллю.

Таксама вобраз хатніка суадносіўся і з духам агню. Нездарма яго любімым месцам лічыліся запечны кут, падпечча, пячны слуп. У некаторых рэгіёнах хатніка называлі падпечнікам, уяўлялі яго ў выглядзе пачварнай сабакі з чырвонай галавой і вогненнымі бліскучымі вачыма. Замест пярэдніх лап у яго былі чалавечыя рукі, а замест задніх — чалавечыя ногі. Жыве хатнік толькі ў печцы і выходзіць пераважна ноччу або калі нікога не бывае дома. Нашы продкі казалі так: «Вылез, як чура з пячоры». І сёння вядомы такія выслоўі: «цёплы дух ад печы», «аддушына ў печы» і іншыя.

Бывала, нашы продкі хатнікам крыху палохалі дзяцей, якія сваволілі і не слухаліся дарослых. Лічылася, што апякун карае нядобрых людзей, такім казалі: «Каб табе падпечка прысніўся!»

Дамавога духа, які жыве ў запечку, маглі называць яшчэ і пячурнікам. Яго ўяўлялі ў выглядзе звычайнага ката, які ходзіць на задніх лапках, шанавалі і паважалі. Штовечар выстаўлялі пачастунак у выглядзе талеркі з малаком, інакш пячурнік ад суму і крыўды мог пачаць выць у коміне некалькі начэй запар.

А яшчэ нашы продкі ўяўлялі хатніка ў выглядзе тоўстай змяі ці вужа. Тлумачылася гэта параўнанне так: душа памерлага чалавека магла ператварыцца ў змяю. Менавіта таму беларусы ў сівыя часы пад парогам хаты трымалі вужоў і паілі іх малаком. У некаторых рэгіёнах лічылі, што вужы, якія жывуць у хляве, могуць і карову падаіць. Гаспадары гэтаму былі толькі рады, лічылі вужоў ахоўнікамі свойскай жывёлы. Існавала павер’е: калі такога вужа забіць, то гэта можа прывесці нават да смерці гаспадара дома. І ў нашы часы на Палессі вужоў называюць дамавікамі, стараюцца іх не крыўдзіць.

Дамавіка ўяўлялі і ў жаночым абліччы — называлі Дамавуха ці Дамаха, Дамавіха, яе лічылі жонкай ці дачкой хатніка. Таўстуха, невялічкая кабета сярэдніх гадоў, працавітая, гаспадарлівая сялянка. Яна і прадзе, і вышывае, дапамагае даглядаць дзяцей, лечыць іх зёлкамі. І парадак у хаце падтрымлівае — не любіць неахайных гаспадынь. Калі ёй давялося апынуцца ў доме лянівай жанчыны, яна помсціла ёй, насылаючы ў сям’ю сваркі і бойкі.

НАРОДНАЕ ПАВЕР’Е

Гаспадары дома стараліся задобрыць пячурніка яшчэ і для таго, каб ён мог папярэдзіць пра нечаканую бяду. Знакам набліжэння гора, напрыклад, лічылася перасоўванне мэблі, скіданне або разбіванне посуду.

kuzmich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter