Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Беларусы Самарскай вобласці паўдзельнічалі у святочных імпрэзах, прысвечаных Яблычнаму Спасу

Хата ў жніўні багата

Звычаі, традыцыі — нібы добрыя песні, што дапамагаюць нам знаходзіць згоду, паразуменне. І ўдалечыні ад Бацькаўшчыны беларусы, згадваючы родныя мясціны, з любоўю ды замілаваннем гавораць пра мудрых старэйшых суродзічаў, якія неўпрыкмет, без асаблівай дыдактыкі ўкладвалі-перадавалі ў нашыя розумы й сэрцы каштоўны жыццёвы досвед многіх папярэднікаў. Для мяне ж такім адметным суразмоўцам быў дзядуля, Нікандр Мікалаевіч Рабрэй. Ён прайшоў праз ГУЛАГ, але захаваў у душы вялікую любоў да сваёй зямлі, усяго роднага. Гадзінамі мог дзед Нікандр апавядаць пра традыцыі, звычаі палешукоў — мы ж абодва з Палесся. Часам здавалася: ведае ён гісторыі, што нібы падказваюць правілы належных паводзінаў практычна ў кожны дзень года...

Выступаюць салісткі гурта “Каданс” Анастасія Гуркіна і Аліна Камісарава

Пра светлай памяці дзядулю я ўзгадаў і ў Самары 19 жніўня, калі там святкавалі Яблычны Спас. Як вядома, у народным календары праваслаўных славян гэта — адно з першых святаў ураджаю. І было прыемна ўсведамляць, што духоўная спадчына продкаў і сёння шануецца, іх традыцыі — прадаўжаюцца. У тым ліку і беларусамі ў прыволжскім горадзе, якія штогод удзельнічаюць у Спасаўскіх імпрэзах. Галоўныя ўрачыстасці былі каля Кірыла-Мяфодзіеўскага сабора, ён адзін з найвялікіх у Самары: умяшчае каля 3 тысяч чалавек, вышыня з крыжам — амаль 60 метраў, вышыня званіцы — 73. Пры саборы пасля Боскай літургіі асвячаліся яблыкі ды святочныя пірагі, а затым перад жыхарамі ды гасцямі Самары выступілі творчыя калектывы нацыянальных грамадскіх аб’яднанняў.

Ад Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў “Руска-Беларускае Братэрства 2000” выступілі салісткі заслужанага беларускага вакальнага ансамбля “Каданс” Анастасія Гуркіна і Арына Камісарава — абедзьве студэнткі, актывісткі моладзевага аддзялення суполкі. Дарэчы, адкрываць і закрываць святочны канцэрт даверылі якраз беларускаму дуэту. Дзяўчаты ярка, душэўна спявалі як беларускія, так і рускія песні. Гледачы ім нават падпявалі, а некаторыя разам з дзецьмі й прытанцоўвалі.

Прэзідэнт САГА “Руска-Беларускае Братэрства 2000” Ірына Глуская лічыць, што ўдзел суполкі ў Спасаўскай імпрэзе — гэта традыцыя надзвычай душэўная і важная. Бо яна прасвятляе душы. А само свята, як вядома, нагадвае ўсім вернікам пра неабходнасць духоўнага перамянення, руху. Яно ж паказвае і веліч чалавечай працы, якая дае ў суладдзі з прыродай добры плён, прыгажосць народных традыцый. Ірына Міхайлаўна падзякавала салісткам “Каданса” за цудоўнае выступленне.

Ад рэдакцыі. Беларусы Самарскай вобласці віншуюць Ірыну Глускую з днём нараджэння, жадаюць ёй моцнага здароўя, верных сяброў і паболей радасных імгненняў у жыцці. Мы далучаемся да гэтых віншаванняў. І маем надзею на далейшае плённае супрацоўніцтва, Ірына Міхайлаўна!

Голас Радзімы № 33 (3537), чацвер, 31 жніўня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter