За што Валерый Кірык абраў на жыхарства вёску і прадзедаву хату

Хата прадзеда багата

СТАРЫЯ каржакаватыя яблыні і слівы акружаюць ладны драўляны дом на ўскрайку клецкай вёскі Заельня. Шырокі падворак з хлявамі і гаражом застаўлены сельгасмашынамі. Уладары сядзібы Валянціна і Валерый Кірыкі працуюць у СВК «Грыцэвічы» і маюць уласную гаспадарку. На рэспубліканскім кірмашы-фестывалі ў Маладзечне працавітая сялянская сям’я атрымала дыплом і падарункі як пераможцы рэспубліканскага конкурсу «Уладар вёскі». З камп’ютарам, веласіпедам і пародзістымі парасяткамі вярнуліся са свята. Акрамя сялянскай працы, гаспадар Валерый Кірык займаецца і грамадскай дзейнасцю.

Ён дэпутат Грыцэвіцкага сельсавета. Працоўны дзень на іх падворку пачынаецца рана. Як толькі Валянціна Іванаўна падоіць апаратам сваіх 12 кароў, Валерый Іванавіч выпускае жывёлу на пашу. Там круглыя суткі ўтрымліваюцца іх кормнікі мясной пароды шаўрале.


РАНЕЙ Кірыкі трымалі толькі дойных кароў. Малако забірае індывідуальны прадпрымальнік і адвозіць на Клецкі малочны завод «Крынка». Мясных кормнікаў гадаваў фермер Мікалай Слаба­дзянюк. Пасля раптоўнай смерці яго жывёлу тэрмінова прадалі. Пяць галоў маладняка набылі Кірыкі. Праз год атрымалі прыплод. Статак шаўрале павялічыўся. З вясны да глыбокай восені жывёла на пашы, зімою — пад павеццю. Для дойных кароў гаспадар сваімі рукамі збудаваў кароўнік. Звыш 8 тысяч кілаграмаў дае за год кожная карова. Чорна-пярэстых куплялі ў гаспадарцы. Атрыманых ад іх цялушак выгадавалі і папоўнілі дойны статак. Валянціна Іванаўна тройчы на дзень доіць кароў. Ахалоджваецца малако ў халадзільніку, разлічанаму на 500 кілаграмаў. Тлустасць перавышае 4 працэнты. Малаказавод двойчы на месяц разлічваецца з гаспадарамі. 

Складанасці ў вяскоўцаў з рэалізацыяй мармуровай ялавічыны. Камерсанты ўсяляк збіваюць закупачную цану на яе. Даводзіцца пагаджацца на цану звычайнай ялавічыны. Цешыць тое, што жывёла гэтай пароды хутка набірае вагу. Кормнікі дасягаюць да тоны. 

Займаецца Валерый Кірык і пчалярствам. Асновы гэтай прафесіі спасцігаў у Смілавіцкім дзяржагра­каледжы. Практычныя навыкі набываў паступова. Помніцца Валерыю Іванавічу, як у дзяцінстве выпадкова зняў рой пчол, што заляцеў у дзядулін сад. Аддаў яго заўзятаму пчаляру — дзедаваму брату Міхаілу Адамавічу. Загарэўся ў сэрцы падлетка праменьчык пчаляра. Бацькі заўважылі яго імкненне да гэтай справы. Купілі ў суседкі Ніны Дубіны некалькі вулляў. Пасля заняткаў у школе хлопчык на крылах ляцеў да сваіх пчол. Вясною падкормліваў іх, сачыў за станам вулляў.

Праз год у старым дзедавым садзе стаяла 10 пчаліных домікаў. Да заканчэння сярэдняй школы пчалагаспадарка Валерыя Кірыка вырасла да 30 вулляў. Аднакласнікі падаліся ў горад, а ў яго і думкі не з’явілася пакінуць вёску. Стаў працаваць пчаляром у гаспадарцы. З 60 вулляў кожнае лета адкачвалі па тоне мёду. 

Амаль 20 гадоў займаецца любімым заняткам Валерый Кірык. Прывучае да яго сына Максіма і дачку Дар’ю. Жывуць Кірыкі ў доме прадзеда Антона Фёдаравіча Карсюка. Праз два падворкі — бацькоўскі дом жонкі Валянціны Іванаўны. Цесць Іван Сандрозд таксама заўзяты пчаляр і майстар на ўсе рукі. Разам з зяцем рамантавалі і дабудоўвалі дом, у якім цяпер чатыры пакоі і прасторная кухня. 

Любая сялянская справа па плячу Валерыю Іванавічу. Лоўка ходзяць у яго руках каса і сякера. Цудоўна кіруе трактарам і аўтамабілям. А яшчэ ён шчыры рамантык. У адказ на пытанне, ці мае час на адпачынак, пачуў ад яго:

— Занятак з пчоламі — найлепшы адпачынак. Вуллі стаяць у садзе. Дзеля медазбору побач размясцілі плантацыю сланечнікаў і фацэліі. Нават восенню, калі ўсё навокал заціхае, цудоўна назіраць за прыродай. Сонечным днём пчолы заўзята шчыруюць на апошніх кветках. Цудоўна раніцай паназіраць, як каровы шоргаюць языкамі траву. Луг падступае да нашага агарода. Кожная сцежка мне знаёма з малых гадоў.

Канешне, на зямлі працаваць — не мёдам ласавацца. Калі з любоўю да сваёй справы, то і стома не бярэ. Тады і вынік радуе. Не магу зразумець вяскоўцаў, якія ірвуцца да гарадскіх зручнасцей. Сем гадоў таму мы пабудавалі дом у Клецку. На працягу вучэбнага года там жывуць сын і дачка. У нашай вёсцы школы няма, таму яны там вучацца. Жонка адведвае іх. 

— Ці пойдуць дзеці па вашых стопах?

— Дачка Дар’я хіліцца да сялянскага занятку. Яна паспяхова авалодала кіраваннем трактара. З дзесяці гадоў сядзіць за рулём МТЗ-82. У нас два трактары. Засвоіла і Т-40. З маленства прызвычаілася да жывёлы. Лоўка запрагае каня. Ён яе слухае. Любуюся ёю, калі гарцуе вярхом па лузе. І сын Максім расце гаспадарлівым. Можа дроў накалоць, траву пакасіць. На агародзе дапамагае ўпраўляцца. Усёй сям’ёю летам сена нарыхтоўваем. 

— Статак у вас вялікі, кармоў яму трэба шмат. Дзе нарыхтоўваеце іх?

— Кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла сенажаць за нашай вёскай Заельня. Старшыня Грыцэвіцкага сельвыканкама Іван Галубовіч прапанаваў на 6 гектарах вырошчваць кармавыя культуры. Засяваем травамі пакінутыя вясковыя сядзібы. Старыя пабудовы зносяцца, і на ўчастках наводзім парадак. Сваёй тэхнікай косім травы, нарыхтоўваем сена. Паспяваем за сезон атрымліваць тры ўкосы. Частку фуражу закупляем. Малодшы брат Дзмітрый, які ў Мінску мае сваю справу, калі ўзнікае неабходнасць, фінансава падтрымлівае. Дапамагае і мой вясковы сябра Яўген Хвост з аграгарадка Грыцэвічы. Летам на сваім трактары пакасіў нам травы. У нашай гаспадарцы 30 гектараў поля і сенажаці. Ні адзін кавалачак зямлі не пустуе. 

— Завяршаецца сельскагаспадарчы год. Ці ўдалым ён выдаўся для вас?

— Пакуль ранавата рабіць высновы. Праз месяц пачнем рэалізоўваць адкормленых шаўрале. Падсумуем выдаткі, спадзяюся, што будзем з прыбыткам. 

Заціхае жыццё на пчальніку. Больш часу маю для падрыхтоўкі яго да наступнага сезона. Рамантую вуллі, майструю новыя. Планую на будучы год значна пашырыць сваю і сельгаспрадпрыемства пчолагаспадаркі. На дварэ восень, а я жыву чаканнем вясны — майго любімага часу года, калі захопіць новы віток спраў. Як у вершы паэ­тэсы Цёткі (Алаізы Пашкевіч):

Люблю мой сад, як расцвітае,
Як салавей свой трэль вядзе,
Як цвет галінку прыгібае,
Як пчолка мёд адтуль нясе. 

Сваё жыццё не ўяўляю без працы на зямлі і грамадскіх спраў. У нашай вёсцы Заельня ў асноўным засталіся адзінокія пенсіянеркі. Па просьбе іх збудаваў каплічку на цвінтары. З будаўнікамі разлічваўся мёдам са свайго пчальніка. Калі неабходна, дапамагаю агароды апрацаваць. Клапачуся, каб завезлі ім дровы на зіму. 

З гадамі ўсё больш адчуваю асалоду, што застаўся ў вёсцы. Удзячны дзядулі Леаніду Адамавічу Кірыку, які прызвычаіў мяне да сялянскага жыцця. Нягледзячы на тое што яму давялося шмат чаго перажыць, лёс падараваў доўгі век. Ён прайшоў франтавымі дарогамі, вярнуўся дамоў і амаль да ста гадоў працаваў на зямлі. І я маю вялікае шчасце адчуваць сябе яго паслядоўнікам. Калі даводзіцца бываць у горадзе, ледзьве вытрымліваю той тлум. Сталіцу называю Вавілонам. Там мне нават марознай зімою душна. Імкнуся хутчэй дамоў, дзе чакаюць жонка Валянціна Іванаўна, дзеці і наша гаспадарка.

subbat50@mail.ru

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter