«Халяўныя» грошы...

Яны  ледзьве  не  каштавалi  жыцця  таму,  хто  iх  знайшоў

Яны  ледзьве  не  каштавалi  жыцця  таму,  хто    знайшоў

Адзiн бабруйчанiн, якому было пад трыццаць, трапiў у жыццёвую «яму»: нi жылля, нi сям’i... Знайшоў прытулак на звалцы ў прыгарадным Бабiне. Разам з такiмi, як сам, корпаўся ў смеццi, здабываючы ўсялякiя рэшткi на горкае пражыццё.

Аднаго разу бадзягу пашчасцiла: адкапаў сярод адыходаў гаспадарчую сумку, а там – грошы, 24 мiльёны рублёў! Такая ўдача! Але замест таго, каб умела распарадзiцца грашыма: прыкупiць якое жытло, апрануцца-абуцца – адным словам, чалавекам сябе адчуць, наваспечаны «мiльянер» падаўся да свайго знаёмага ў вёску Слабада, там i спусцiў усе грошы. Праўда, тое-сёе i прыкупiў — скутэр кiтайскай вытворчасцi. Раз’язджаў на iм, як герой. Часам наведваўся ў Бабiна, да былых «адназвалачнiкаў». Прастаўляўся iм, а камусьцi кiдаў сотню-другую тысяч рублёў на «падтрымку штаноў». Сябрукi здзiўлялiся: адкуль такiя грошы? Iншы б мо i ўтаiў, а ён расказаў, дзе ўзяў.

Гэта навiна дайшла да аднаго бабруйчанiна, якi ўжо пабываў за кратамi, а таксама да яго хаўруснiка. Удваiх яны вераснёўскiм ранкам прыкацiлi ў Слабаду. Ды давай распытваць, дзе жыве такi «багач». Iм адразу паказалi, бо былы бадзяга цяпер быў на вiду ва ўсiх, адным словам – «мiльянер». Пайшлi да яго: «Давай грошы». Той аднекваўся, маўляў,  рэшткi паклаў у ашчадбанк. Але вiзiцёры наступалi, хутка ў ход пайшлi кулакi... Дзесяць мiльёнаў бадзяга вымушаны быў аддаць iм, але гэтага падалося мала. Яны ўкiнулi бадзягу ў аўтамашыну i павезлi на звалку. Там працягвалi допыты з дапамогай манцiроўкi, iншых падручных сродкаў. Ледзь да смерцi не забiлi, зламалi руку, нагу...

А ў вынiку – бальнiчны ложак. Адтуль бадзяга i патэлефанаваў у мiлiцыю. Там хутка адрэагавалi i на працягу некалькiх гадзiн затрымалi гвалтаўнiкоў. У адносiнах да iх узбуджана крымiнальная справа.

Ну а «мiльянеру» неабходнае працяглае лячэнне, бо надта сур’ёзныя атрымаў траўмы. Аднак яшчэ больш балюча ад таго, што такая «халява» выпала, а ён не змог як след ёю пакарыстацца...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter