Вандроўкі з Уладзімірам Субатам. Прыазёрнае мястэчка Халопенічы

Халопенічы: уласны герб і незвычайныя сады

ВЯДОМЫ беларускі дзеяч культуры мінулага стагоддзя Адам Багдановіч, бацька слыннага аўтара класічнай “Зоркі Венеры” Максіма Багдановіча, займаўся тапанімікай населеных пунктаў. Па яго версіі, назва яго роднай вёскі Халопенічы паходзіць ад скіфскіх слоў “хола”, ці “гола”, — вада, возера, і “пея” — рака. Іншыя даследчыкі ў аснове назвы адзначаюць слова “халоп”, а таксама балцкі гідронім “Халапея” — возера, утворанае ракою.



Упершыню пісьмова паселішча ўзгадваецца ў 1451 годзе як уладанне Фёдара Даўгордавіча ў Аршанскім павеце Віцебскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У розныя часы Халопенічамі валодалі магнаты Радзівілы, Халецкія, Храптовічы. У мястэчку змуравалі касцёл і заснавалі пры ім кляштар кармелітаў. Чарговы гаспадар Марцыян Дамінік Халецкі на пачатку ХVIII стагоддзя пабудаваў у стылі барока кляштар дамініканцаў, які захаваўся да нашага часу як помнік архітэктуры. Побач са святыняй паўсталі драўляны касцёл, а потым і праваслаўная царква.

Пасля I падзелу Рэчы Паспалітай Халопенічы сталі цэнтрам часткі Аршанскага павета Расійскай імперыі. Тут збіраліся павятовыя соймікі, адкрылася трохкласная школа. Штогадова на цэнтральнай плошчы ладзіліся кірмашы.

Згодна з умовамі II падзелу Рэчы Паспалітай мястэчка атрымала статус цэнтра воласці Барысаўскага павета Расійскай імперыі.

У вайну 1812 года напалеонаўскія захопнікі зруйнавалі шмат сядзіб. Стараннямі жыхароў Халопенічы адбудаваліся. Пачалі дзейнічаць млын з паравой машынай, ільнопрадзільня. Адкрыліся народнае вучылішча, земская бальніца.



На пачатку дваццатых гадоў мінулага стагоддзя быў утвораны Халопеніцкі раён. У 1938-м мястэчка атрымала статус гарпасёлка. Выходзіла газета, адкрыліся сельскагаспадарчая, кравецкая і швацкая арцелі.

У час нямецка-фашысцкай акупацыі актыўна дзейнічаў партызанскі рух. З першых мірных дзён аднавіліся заняткі ў сярэдняй школе, сталі дзейнічаць торфазавод, хлебапякарня.

На пачатку 1960 года Халопеніцкі раён ліквідаваны і гарпасёлак адышоў да Крупскага раёна.

Старшыня сельвыканкама Андрэй ВАКУЛАЎ і кіраўнік справамі Святлана СЫЦІК.

ЗА паўтары гадзіны ад сталічнага вакзала хуткасны цягнік даімчаў да чыгуначнай станцыі Крупкі, адкуль мой шлях ляжаў да аддаленых амаль на трыццаць кіламетраў Халопеніч. Мясцовыя жыхары параілі прайсці некалькі кіламетраў да скрыжавання дарог і чакаць спадарожнага транспарту.

Кранутая першымі пярэстымі фарбамі восені лістота прыдарожных дрэў зіхацела ў яркіх сонечных промнях. Цішыня на прыбраных палях навявала сум. У празрыстым небе мільгалі чароды адлятаючых у вырай птушак. Доўга чакаць спадарожнага транспарту не давялося. Па шашы праракатаў старэнькі МТЗ, а за ім тут жа пад’ехаў і прыпыніўся легкавік.

Бюст Адама БАГДАНОВІЧА.

Па дарозе даведаўся, што за рулём галоўны інжынер ААТ “Халопенічы” Аляксандр Хадзевіч. Амаль сорак гадоў працуе спецыялістам у гаспадарках Крупскага раёна. З жонкаю Ганнай Аляксееўнай выхавалі дачку Тамару, сына Дзмітрыя і прынялі ў сям’ю чацвёра дзетак. Яны, як жартам адзначыў Аляксандр Іванавіч, не даюць душою старэць. Клопатаў хапае ў галоўнага спецыяліста. Пасля далучэння да халопеніцкай гаспадаркі СВК “Дуброўка” і эксперыментальнай базы “Эса” агульная плошча сельгасугоддзяў перавысіла пяць тысяч гектараў. Дзевяць камбайнаў убіралі збожжавыя. Цяпер тэхніка занята на сяўбе азімых. Галоўны інжынер ездзіў па запчасткі да сельгасмашын.

Убачыўшы на ўзбочыне дарогі жанчыну з падлеткам, Аляксандр Іванавіч спыніўся. Як высветлілася, з намі ехала маці маладога трактарыста Паўла Будзько з сынам Дзянісам. Чацвёра хлапчукоў у Любові Анатольеўны. Старэйшы Павел закончыў Смалявіцкае прафтэхвучылішча механізатараў і вярнуўся ў гаспадарку. Іван вучыцца ў Лепельскім сельгасліцэі, Віктар служыць у арміі. Самы меншы Дзяніс — школьнік. Бацька яе Анатоль Пазняк да выхаду на пенсію працаваў трактарыстам. Браты Сяргей, Аляксандр і Мікалай таксама механізатары.

Народны ўмелец Міхаіл МАКАРУШКА з маці Антанінай Філімонаўнай. 

З-за ўзгорка вынырнулі дахі халопеніцкіх дамоў, што патанаюць у садах. Долу сагнутыя, густа ўсыпаныя яблыкамі і грушамі галіны дрэў.

НА крутым узбярэжжы рачулкі Начы падобны на старажытны Калізей узвышаецца паўразбураны мураваны праваслаўны храм, перад якім казачнай выглядае мініяцюрная драўляная цэркаўка з пазалочанымі купаламі. Праз дарогу — падворак святара, дзе мы і сустрэліся. Айцец Аляксандр Жывіца паўтара дзесяцігоддзі таму памяняў сталіцу на правінцыяльныя Халопенічы. На пытанне, ці не прагне вярнуцца ў родны Мінск, кінуўшы позірк на храм, прыгожы краявід за ім і драўляную царкву, адзначыў, што пра гэта неяк і не думаў.

Ветэран працы Ніна ДЗЕРАВЯГА.

У пасляваенныя гады не было ў мястэчку праваслаўнага прыхода. Людзі звярнуліся з просьбай зарэгістраваць яго. Сабралі сродкі і купілі драўляны домік, перавезлі да сцен разбуранага храма і злажылі царкву Успення Божай Маці. Разам з айцом Аляксандрам завяршылі справу поўнай рэканструкцыяй будынка. Цудоўна было б аднавіць велічную святыню, за якою некалі пачынаўся панскі маёнтак.

Ад уладання засталіся векавыя дубы і ліпы. Рабочыя лясніцтва тут стварылі дэндрарый. Па драўляных прыступках узняўся ў сапраўдны храм прыроды. Побач з дрэвамі-веліканамі прагна цягнуцца да сонца кволыя дрэўцы. Каля кожнага з іх — таблічкі з назвамі парод. Набіраюць моцы маладзенькія ясені, вязы, востралістыя клёны, чырвоныя і чарэшчатыя дубы, маньчжурскі арэх, кусты глогу, сумах пушысты, сартавыя яблынькі і грушы.

Галоўны інжынер ААТ “Халопенічы” Аляксандр ХАДЗЕВІЧ і механізатар Генадзь САМСОНАЎ. 

З высокай тэрасы дэндрарыя прадстаюць як на далоні халопеніцкія сядзібы, сярод якіх красуюцца новыя катэджы. Вандроўку па чароўным куточку дапоўнілі цікавым расповедам галоўны ляснічы Уладзімір Герасіменка і яго памочнік Юрый Ганчарка. Тры дзясяткі працаўнікоў лясніцтва абслугоўваюць 13 тысяч гектараў лесу, абнаўляюць яго дубовымі і сасновымі пасадкамі. Высаджваюць дрэўцы ў гарпасёлку.

У скверы пад шатамі векавых дрэў захаваўся помнік, усталяваны паўтара стагоддзі таму ў гонар адмены прыгоннага права. Побач на пастаменце — бюст Адама Багдановіча, бацькі зоркі беларускай паэзіі Максіма Багдановіча. Адсюль іх карані. Імя паэта носяць сярэдняя школа і вуліца, на якой яна знаходзіцца.

Святар Аляксандр ЖЫВІЦА.

ПРАЗ дворык, усцелены пярэстым дываном кветак, завітаў у светлы школьны будынак, сустрэўся з педагогамі. Стэндамі, карцінамі, фотаздымкамі ўпрыгожаны на другім паверсе сцены ёмістага калідора. У прасторным фае — бюст Максіма Багдановіча. Узгадалася вандроўка ў Крым, дзе пашчасціла адведаць на ялцінскіх кладах Максімаву магілу. З высокага пастамента яго позірк скіраваны ў бок роднай Беларусі. Гранітным валошкавым вянком абвіта надмагілле. Праз дзесяцігоддзі пасля смерці энтузіясты адшукалі, дзе пакоіцца прах слыннага беларускага паэта. Скульптары бацька і сын Леў і Сяргей Гумілеўскія ўвекавечылі яго ў бронзе. Кранаюць сэрца выбітыя на граніце радкі Максіма Багдановіча:

Буду ў краі я далёкім нудзіцца,
У неба ўглядацца і зорку 
шукаць…

Спецыяльны стэнд на сцяне калідора прысвечаны знакамітым выхаванцам. Сярод іх — этнамузыказнаўца Зінаіда Мажэйка, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук, доктар фізіка-матэматычных навук Андрэй Ганчарэнка, заслужаны настаўнік Расіі Людміла Дзідур. Выпускнікі мацуюць славу школы. Сёлета медалістка Ірына Глінчык стала студэнткай БДАТУ.

Галоўны ляснічы Уладзімір ГЕРСІМЕНКА і яго памочнік Юрый ГАНЧАРКА.

Выхаванка школы Настасся Ануфрыева летась у складзе юніёрскай зборнай Беларусі заняла прызавое трэцяе месца на чэмпіянаце свету па летнім біятлоне ў расійскім горадзе Чайкоўскім. Удзельнічала юная спартсменка ў спрынтарскіх гонках на прэстыжных сусветных спаборніцтвах у нямецкім горадзе Аберцілаху, італьянскім Рыднау, румынскім Чэйле Градзістэі.

Намесніка дырэктара па вучэбнай працы Алену Семяннік радуе, што адноўлена прафнавучанне. Юнакі дзясятага класа пачынаюць засвойваць у міжшкольным вучэбным камбінаце прафесію муляра, а дзяўчаты па выбары — швачкі ці сакратара. Па суботах заняткі праводзяцца ў райцэнтры.

Выпускнікі школы пасля атрымання прафесійнай адукацыі вяртаюцца ў Халопенічы. Тут ім ёсць чым заняцца. Цудоўныя сыры вырабляюць на вытворчым участку ААТ “Здравушка-мілк”. Працуе некалькі прыватных прадпрыемстваў, дарожна-будаўнічае ўпраўленне, энергетычная, камунальна-бытавая службы.

Старшакласнікі сярэдняй школы Ягор РАБЕЦ, Раман ВАЛАСАЧ, Вераніка СЫЦІК, Злата БАРКОЎСКАЯ, Лера ПЛАСКОННАЯ, Лізавета ПЯТРЭНКА. 

МАЛАДЫЯ спецыялісты Дзяніс Кірыковіч, Павел Лапіцкі і Юрый Бонда папоўнілі калектыў сельгаспрадпрыемства. Юнакам прадастаўлена жыллё. Вальшчык лесу Сяргей Старадубец з жонкаю Наталляй самі будуюць дом. Выпускнік сталічнага педуніверсітэта Андрэй Вакулаў кіраваў дзіцячым садзікам, сярэдняй школай, дзе настаўнічае яго жонка Алеся Сяргееўна. Маладой сям’і, у якой двое дзетак, выдзелілі двухпавярховы катэдж. Восьмы год Андрэй Леанідавіч узначальвае сельвыканкам, на тэрыторыі якога амаль сорак населеных пунктаў і шмат дачных сядзіб. Асабліва гараджане аблюбавалі бераг возера Сялява.

Семдзесят гадоў таму ўпершыню ўбачыла азёрную прыгажосць і назаўсёды зачаравалася ёю юная выпускніца Гродзенскага кааператыўнага тэхнікума Ніна Дзеравяга, якую накіравалі бухгалтарам у Халопеніцкі райспажыўсаюз. Тут сустрэла будучага мужа. З Фёдарам Фамічом збудавалі дом, выхавалі сына і дачку. Амаль паўвека таму Ніна Рыгораўна аўдавела. Дзеці раз’ехаліся, маюць свае сем’і. Нячаста даводзіцца Уладзіміру, які жыве ў Рызе, адведваць маці. Дачка Ларыса кожныя выхадныя прыязджае з Жодзіна. З цікавасцю слухаў расповед Ніны Рыгораўны пра перажытае за 93 гады. На развітанне яна прапанавала пачаставацца яблыкамі са свайго саду.

Вінаградар Леанід КАМАНДЗІРЧЫК. 

Незвычайны сад у перасяленцаў з Гомельшчыны. Са старшынёй сельвыканкама Андрэем Вакулавым завіталі на падворак пенсіянераў Улляны і Леаніда Камандзірчыкаў, якія пасля чарнобыльскага выбуху перасяліліся з Брагінскага раёна ў Халопенічы і прывезлі з сабою жаданне займацца вінаградарствам. Уся сядзіба — суцэльны вінаграднік. Увішныя плеці спелых ягад зіхацяць пад яркімі промнямі сонца. Пляцістая лаза абвівае па перыметры сядзібу, роўнымі радкамі вінаград чарадуецца з градамі бульбы, гародніны.

Вандроўку абагаціла наведванне яшчэ аднаго незвычайнага саду, пасаджанага фермерамі Любоўю і Юрыем Аўдзіевічамі. Амаль на гектарнай плошчы растуць чарэшні. Для збору ўраджаю зладзілі люльку на трактары МТЗ-82. Ягады прадавалі ў Новалукомлі, Крупках, Барысаве. Па спецыяльнасці Аўдзіевічы аграномы. Акрамя садоўніцтва, у былым свінарніку, які выкупілі і рэканструявалі, перапрацоўваюць драў- ніну. Гаспадыня падзялілася планамі пашырыць фермерскія ўгоддзі да сотні гектараў і вырошчваць збожжавыя, рапс, кукурузу.

Фермер Любоў АЎДЗІЕВІЧ.

Фермерства паступова развіваецца ў населеных пунктах сельсавета. У вёсцы Якімаўка Уладзімір Трушко заняўся авечкагадоўляй. Жыхар вёскі Версанка Віктар Зуёнак на сваім кані збірае малако ў насельніцтва. У Халопенічах гэтым займаецца Алена Валасач, якой гаспадарка выдзеліла коніка.

З далёкага Казахстана, куды ў маладыя гады паклікала рамантыка, атабарылася ў Халопенічах сям’я палешукоў Вольгі і Міхаіла Макарушкаў. Прывабіла іх старажытнае мястэчка, акружанае багатымі на даніну барамі. Абжыліся тут і састарэлую маці Антаніну Філімонаўну перавезлі з палескай вёскі Нячатава. Сядзіба іх на ўскрайку гарпасёлка. Гаспадар у прасторным доме абсталяваў майстэрню для разьбы па дрэве.

Міхаілу Кірылавічу даручылі выразаць герб Халопеніч, які распрацаваны спецыялістамі. Ёсць і праект сцяга старажытных Халопеніч. Яны згодна з даручэннем Прэзідэнта ўвайшлі ў спіс населеных пунктаў, якія даручана на працягу пяці гадоў добраўпарадкаваць. Сельвыканкам распрацаваў план мерапрыемстваў па навядзенні парадку ў грамадскіх мясцінах гарпасёлка: на азёрным пляжы, базарнай плошчы, у парку. Створаны эскіз уязнога знака ў Халопенічы, які хутка будзе ўстаноўлены. 

СЁМЫ год запар збірае гасцей багатае на спевы, танцы, розныя забавы народнае гулянне “Халопеніцкі карагод”. Прыгожа і годна жывецца ў старажытным мястэчку.

Крупскі раён.

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter