Фотарэпартаж: у мiнскiм батанiчным саду скульптары ствараюць лядовыя шэдэўры

Халодная прыгажосць

На календары 3 сакавіка, а надвор’е паказвае, што на вясновае цяпло пакуль разлічваць не варта. Вось і лядовыя скульптуры ў Цэнтральным батанічным садзе НАН раставаць не збіраюцца і дазваляюць мінчанам і гасцям горада палюбавацца халоднай прыгажосцю зімовай пары. Карэспандэнт «Р» паглядзела, якія работы падрыхтавалі майстры сёлета, і даведалася, як ствараюцца такія кампазіцыі.

На рэгулярнай аснове лядовыя выставы ў нашай краіне арганізоўваюць толькі ў батанічным садзе.

Сёння жадаючых прагуляцца па батанічным садзе няшмат — Мінск накрыла завіруха. Эфектныя лядовыя скульптуры выглядаюць крыху адзінока. А яшчэ некалькі дзён таму, успамінае скульптар Цэнтральнага батанічнага сада Нацыянальнай акадэміі навук Вадзім Мацкевіч, наведвальнікі па чарзе тут фатаграфаваліся — цікавасць да такой зімовай творчасці ў людзей ёсць:

— Падобныя экспазіцыі ў нас нядаўна сталі з'яўляцца. У Расіі і Прыбалтыцы такая творчасць больш папулярная — зімой штогод праводзяцца фестывалі. На рэгулярнай аснове лядовыя выставы ў нашай краіне арганізоўваюць толькі ў батанічным садзе. Калі такіх ападкаў, як сёння, няма, тут мнагалюдна — прыходзяць сем’ямі фатаграфавацца. Увечары яшчэ прыгажэй: працуе падсвет. Дыёдныя стужкі знаходзяцца ўнутры кожнай кампазіцыі.

Скульптура, над якой працаваў Вадзім з напарнікам Сяргеем ЕРМАЛОВІЧАМ, называецца «Агонь».

У фестывалі ў гэтым годзе ўдзельнічалі 9 каманд. Ідэі на ледзяную паверхню пераносілі таленавітыя майстры з усёй краіны. Агульнай тэматыкай была Масленіца. Больш ні ў чым палёт фантазіі мастакоў не абмяжоўвалі. Пасля таго як эскізы былі намаляваныя, увасаблялі задумкі на глыбе лёду, расказвае Вадзім Мацкевіч:

— Раней мы заказвалі штучны лёд: ёсць фірмы, якія яго вырабляюць. Але ў гэты раз вырашылі выкарыстаць прыродны. Выразалі на Мінскім моры блокі даўжынёй 50 сантыметраў і таўшчынёй 20 сантыметраў. Не ведалі, праўда, ці атрымаецца правесці фестываль: вельмі залежым ад надвор'я, а ў першы дзень было нуль градусаў. Але рызыкнулі.

Вадзім вельмі спрытна спраўляецца з акумулятарнай пілой

Скульптура, над якой працаваў Вадзім з напарнікам Сяргеем Ермаловічам, называецца «Агонь». Цяжка ўявіць полымя з лёду, але ў майстроў атрымалася цікава ўвасобіць ідэю. Зараз скульптар трошкі карэкціруе свой твор з дапамогай акумулятарнай пілы: часам пасля фатаграфавання наведвальнікаў некаторыя дробныя дэталі адвальваюцца. Але нягледзячы на гэта, арганізатары не маюць намер ставіць агароджы, разумеючы, што людзям заўсёды хочацца дакрануцца да іх твораў, разгледзець іх як мага бліжэй. Вадзім вельмі спрытна спраўляецца з пілой. Кажа, што акумулятарная, у адрозненне ад звычайнай бензапілы, лёгкая, на выцягнутай руцэ можна працаваць практычна ўвесь дзень:

У фестывалі ў гэтым годзе ўдзельнічалі 9 каманд

— А для маленькіх дэталяў у ход ідуць ручныя прылады: сякеры, стамескі, закольнікі. Выкарыстоўваем у нашай працы і бытавыя прыборы: напрыклад прасы, каб надаць ледзяным граням гладкасць.

Сані, робат, дзяўчына з лёду і іншыя кампазіцыі будуць сустракаць наведвальнікаў Цэнтральнага батанічнага сада да плюсавой тэмпературы.

Часам пасля фатаграфавання наведвальнікаў некаторыя дробныя дэталі адвальваюцца, але арганізатары не маюць намер ставіць агароджы

Фота Яўгена КОЛЧАВА, Івана АРЦІМОВІЧА і БЕЛТА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter