«Хадзем да Яна!»

ТУТ ЖА ўзведзена прыгожая каплічка, купальня агароджана драўляным зрубам, радуюць вока новыя лавачкі. Месца, дзе б’е крынічны струмень, выкладзена каменнямі з дэкорам. Непадалёк зроблена альтанка, у якой можна пасядзець, калі раптам сыпане дождж…

Шмат гадоў 7 ліпеня ля крынічкі, якая працякае на мяжы Міёрскага і Глыбоцкага раёнаў, праводзіцца фэст у гонар Іаана Хрысціцеля.

ТУТ ЖА ўзведзена прыгожая каплічка, купальня агароджана драўляным зрубам, радуюць вока новыя лавачкі. Месца, дзе б’е крынічны струмень, выкладзена каменнямі з дэкорам. Непадалёк зроблена альтанка, у якой можна пасядзець, калі раптам сыпане дождж…

7 ліпеня ля крынічкі збіраюцца сотні і сотні людзей з навакольных вёсак, каб адзначыць свята Яна. У народзе так і прыжылося выказванне “Схадзіць да Яна”. Жыхары бліжэйшых гарадоў — Полацка, Наваполацка, Глыбокага — наймаюць аўтобусы, каб у гэты дзень пабыць ля крынічкі, папіць яе цудадзейнай вадзіцы, адчуць у купальні яе гаючую ледзяную прахалоду ўсім стомленым целам.

Фэст пачынаецца з набажэнства ў Чарневіцкай царкве. Адтуль хросны ход накіроўваецца да крынічкі праз лес —  гэта прыкладна тры кіламетры. У каплічцы адбываецца служба, людзі ставяць свечкі, тры з якіх размяшчаюць ля самай вады. Настаяцель Чарневіцкай царквы айцец Сергій, які вядзе службу, асвячае крынічку, што выбіваецца з-пад каранёў дрэў…

Дарога да яе, дарэчы, і зімой ажыўленая. Асабліва на Вадохрышча, 19 студзеня, і, вядома, на Іаана Хрысціцеля. Чаму ж гэта месца стала прыцягальным для людзей? Існуе некалькі паданняў. Паводле аднаго з іх, у даўнія часы, прыкладна 300 гадоў таму, тут праходзіў дрывасек. Стаміўся, выцягнуў з-за пояса сякеру і ўткнуў яе ў сасну. З дрэва палілася кроў. Дрывасек хуценька выхапіў сякеру з  дрэва, стаў чытаць малітву. Зразумеў, што гэта знак Божы, і месца гэта незвычайнае. Агледзеўшыся, убачыў, што з-пад карэнняў сасны прабіваецца крынічка. Пра гэта расказаў святару. А паколькі прыгода з дрывасекам здарылася ў дзень, калі вернікі ўшаноўваюць Яна Хрысціцеля, то з гэтага моманту і нарадзілася традыцыя прыходзіць сюды. Хаця месца аддаленае, у лесе, але сюды накіроўваюцца і праваслаўныя, і каталікі. Вера вядзе да аб’яднання людзей.

Пасля богаслужэння ля крынічкі хросны ход вяртаецца ў Чарневічы. А фэст працягваецца.

Хто ж падтрымлівае парадак і чысціню ля святога месца? Чые рукі нястомна працуюць і ў дождж, і ў спёку, каб своечасова штосьці паднавіць ля крынічкі, пасадзіць і даглядаць кветкі, ствараць прыгажосць? Ёсць такі чалавек-дабраахвотнік — Алег Вайцяховіч. Ён — жыхар міёрскай вёскі Язна, праваслаўны вернік і адукаваны чалавек. Дык вось яго можна часта сустрэць ля крынічкі. На сваім трактары і будматэрыялы даставіць, і смецце своечасова вывезе, і прыгледзіць за дарогай, што вядзе да крынічкі…

— Аднойчы прывёз да яе свайго сябра, прадпрымальніка з Масквы Васіля Лукашэвіча, — расказвае Алег Мікалаевіч. — Бацькі яго родам з Завуцця, суседняй з Язна вёскі. Месца гэта яму спадабалася, і, як прафесійны будаўнік, ён выказаў слушныя думкі па рэстаўрацыі. Да таго ж Васіль у Маскве мае некалькі будаўнічых фірмаў. Абяцаў дапамагчы паднавіць каплічку і купальню. Праз некаторы час слова сваё стрымаў…

Не застаюцца ўбаку, адгукаюцца на просьбы і кіраўнікі суседніх гаспадарак: дырэктар УП “Юбілейны” Ірына Попел, дырэктар ААТ “Чарневічы” Іван Пустыннікаў. А нядаўна, каб людзі не заблудзіліся, калі шукаюць паварот з шашы да крынічкі, Алег Вайцяховіч устанавіў з дарог двух раёнаў каля дзесяці дарожных знакаў-паказальнікаў. Паломнікам стала прасцей дабірацца. Да таго ж крынічка святога Яна ўключана ў турыстычны даведнік Міёрскага і Глыбоцкага раёнаў!

Тамара ЯЦКЕВІЧ

НА ЗДЫМКУ: добраахвотнік-мецэнат Алег ВАЙЦЯХОВІЧ.

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter