У мінулыя выхадныя на тэлеканале АНТ закончыўся паказ новага беларуска-расійскага серыяла «Ой, ма-мач-кі!»

Хада не па вярхах у пагонi за мастацтвам

У мінулыя выхадныя на тэлеканале АНТ закончыўся паказ новага беларуска-расійскага серыяла «Ой, ма-мач-кі!». Галоўную ролю ў ім — доктара акушэра-гінеколага Веры Міхайлаўны — сыграла Вера Палякова. З пытання пра новую працу пачалася наша гутарка з вядомай актрысай тэатра і кіно.

Сцэна са спектакля  «Сродак Макропуласа»
Сцэна са спектакля  «Сродак Макропуласа»

— Некаторыя артысты гавораць, што не любяць глядзець свае працы на экране. Вы серыял глядзелі?

— Ад першай серыі да апошняй. Глядзела, каб правесці работу над памылкамі. Я вельмі патрабавальны да сябе чалавек. І, калі шчыра, ёсць шэраг сцэн, якія сёння сыграла б інакш. Хаця галоўнае, чаго мы імкнуліся дамагчыся — зрабіць фільм максімальна набліжаным да рэальнага жыцця ўрачоў, здаецца, атрымалася. Многія ўрачы, хто глядзеў, адзначаюць яго пераканаўчасць. Значыць, працавалі мы недарма.

— У вашай гераіні ёсць рэальны прататып, у фільме нават захаваны яе імя і імя па бацьку. Кажуць, настаялі на гэтым менавіта вы.

— Сапраўды, Вера Міхайлаўна Русецкая — адна з выдатных спецыялістаў РНПЦ «Мацi i дзiця». Яна прымала ў мяне другія роды. Сваю ролю я прысвяціла ёй. Вядома, мая гераіня знешне не падобная на сапраўдную Веру Міхайлаўну, але я старалася перадаць некаторыя ўласцівыя ёй рысы, напрыклад, спакой, можа, нават аддаленасць у звычайным жыцці і неверагодную энергію, дакладнасць, прафесіяналізм, калі таго патрабуе экстранная складаная сітуацыя.



— Хатнім фільм спадабаўся?

— Муж наогул рэдка нешта гаворыць наконт маіх прац. Паглядзеў роўна адну серыю. Адзінае, што сказаў малодшаму сыну: не разумею, чаму наша мама чужому дзядзьку кажа «кахаю». А вось Арцём якраз глядзеў з задавальненнем, яшчэ і шыкаў на ўсіх, каб не шумелі і не перашкаджалі.

— Не крыўдна, што так доўга — тры гады — фільм ішоў на айчынны тэлеэкран, да прэм`еры тут яго паспелі паказаць ва Украіне, Расіі.

— Яшчэ як крыўдна! Я жартам і ўсур`ёз кажу на гэты конт: гэта ж колькі славы я за гэты час страціла! Не, сапраўды, заўважала і раней, што мяне пазнаюць на вуліцы, але цяпер проста рэальна пазнаюць. Нават пры тым, што па жыцці я без макіяжу, берагу сябе, бо ўвесь час у гэтай «тынкоўцы» — на сцэне, на здымках, на канцэртах.

— Можа, пасля гэтага серыяла прапановы здымацца пасыпаліся адусюль?

— Не, амаль год пасля яго прася-  дзела — і цішыня. Але за гэты час я шмат зрабіла ў тэатры. Я ўмею кампенсаваць адсутнасць здымак працай у тэатры і наадварот.

— Чула, што яшчэ і ў Акадэмію кіравання паступілі.

— Так, пайшла вучыцца, атрымліваю трэцюю вышэйшую адукацыю — эканамічную. Заканчваю першы курс. Між іншым, пакуль выдатніца.

— Ну, гэта зразумелая справа — вядомая актрыса, жонка кіраўніка Міністэрства знешніх зносін.

— Не, паверце, зусім не таму. Я сапраўды добра вучуся. Але быў, напрыклад, выпадак, калі мяне проста «завалілі» на экзамене. Не спадабалася я выкладчыцы, яна, напэўна, падумала, дурніца нейкая кучаравая з`явілася. А мяне са здымак у той дзень адпусцілі на экзамен. І я прыбегла пры прычосцы. Вось яе сямёрка стала першай у маёй залікоўцы. А так звычайна — васьмёркі і дзявяткі. Дзясяткі ў акадэміі не ставяць нікому і ніколі.

— Нядаўна вы зняліся ў расійскай карціне «Праца над памылкамі». Што за роля?

— Кінутая жонка. Але муж ад мяне ўсё ж не сышоў, яго вярнулі назад. Гэта — калі ў двух словах. Усё, вядома, там не так проста. Наогул, у апошнія гады, калі ўжо нешта зразумела ў прафесіі, я не іду па вярхах. Цяпер за мастацтвам ганюся. Грошы — грашыма. Іх заробіш і праясі, а ганьба на ўсё жыццё застанецца. Так што перабіраю прапановы. Няхай адна карціна ў год, але такая, каб не сорамна было. Дарэчы, здымаў гэты праект для тэлеканала РТР наш рэжысёр Сяргей Гіргель.

— Вы даўно выкладаеце ў акадэміі мастацтваў фехтаванне і сцэнічны бой, ліха водзіце аўтамабіль. Гэтыя ўменні на экране калі-небудзь спатрэбіліся?

— Фехтавання ў кіно пакуль не было. Але цяпер робім новы спектакль у маім тэатральным праекце «ТрыТфармаТ»— тры гады таму сабралася наша каманда ў Тэатры-студыі кінаакцёра. Ставім неверагодную камедыю «13-ы гузік Напалеона» паводле п`есы таго ж Сяргея Гіргеля. З выдатным пачуццём гумару п`еса, проста феерверк. Вось там мая гераіня фехтуе. Што тычыцца аўтамабіля, то даводзілася на здымках трукі рабіць. У карціне «Ваш гонар» я і чалавека збівала, а гэта ювелірная работа, спыніцца трэба вельмі дакладна, каб не скалечыць акцёра, і камеру надта дарагую вазіла на капоце з вялікай хуткасцю і крутымі разваротамі па снезе.

— Кіно, каля 15 спектакляў у месяц у тэатры, выкладанне, вучоба, канцэрты, нядаўна чула новую вашу песню на FM. Як пры такой нагрузцы ў мамачкі Веры атрымліваецца выкройваць час на дзвух сыноў?

— Вельмі проста. Вось учора да ночы збіралі са старэйшым сынам чамадан. Ён ад`язджаў на канікулы да сябра. Паднялася ў шэсць раніцы, нагатавала ежы ўсякай смачнай у дарогу. Напярэдадні паўдня займалася пошукам падручнікаў па горадзе, малодшы восенню ідзе ў 1-ы клас. Дарэчы, на днях мы выступалі з ім дуэтам на выпускным у садку. Цэлы месяц песню рэпеціравалі, займаліся. Для мяне дзеці, сям`я — гэта аснова, і яны заўсёды на першым месцы.

— Старэйшаму ўжо 16. Куды збіраецца паступаць?

— У медыцынскі. Рыхтаваўся,          удзельнічаў у алімпіядах. Вось адпусціла пагуляць крыху, наступны год у яго складаны. Вельмі хочацца, каб паступіў, каб займаўся тым, што яму падабаецца. Пра медыцынскі Дзмітрый марыць з 7-га класа.

— Самі куды адпачываць адправіцеся?

— Дзе там адпачываць — у мяне ў чэрвені сесія, абарона курсавой, потым тыдзень практыкі ў аддзеле кадраў на «Беларусьфільме». Ліпень увесь — репетыцыі ў тэатры, восенню прэм`ера, хаця б паспець. У жніўні, напэўна, да бацькоў на Браслаўскія азёры з`ездзім, у іх там хатка. Ну і, можа, у санаторый «Азёрны» на тыдзень вырвуся, вельмі люблю там бываць.

Ірына СВІРКО

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter