Дзве гадзіны на экзамен: карэспандэнт "Рэспублікі" назірала за стартам першага ЦТ

Хачу ўсё здаць

Першае цэнтралізаванае тэсціраванне — па беларускай мове — прайшло учора. 24 908 абітурыентау па усёй краіне з хваляваннем чакалі моманту, калі пусцяць у ход свае чорныя гелевыя ручкі. Ля дзвярэй устаноў адукацыі, якія былі вызначаны пунктамі правядзення тэсціравання, cваix дзяцей чакалі бацькі. Гэта толькі першы экзамен, наперадзе — іншыя тэсты. Карэспандэнт «Рэспублікі» назірала, як пачыналася новая старонка у жыцці маладых людзей.

Фота Віталя ПІВАВАРЧЫКА
Да дзвярэй Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі на вуліцы Гікала, 9, сцягваецца моладзь. Пакуль не на пары — на ЦТ. На ўваходзе строгі кантроль: «Пашпарт, пропуск для праходжання тэсціравання? Дзякуй, праходзьце». У аўдыторыі сесці, куды захочацца, не атрымаецца — у кожнага нумар са сваім месцам. Ну, а цяпер застаецца чакаць. Чаго? Калі з сейфа дастануць канверты з заданнямі, а потым іх адкрыюць. 

Прыехаў праверыць ход правядзення тэсціравання і, вядома ж, падтрымаць абітурыентаў намеснік Прэм'ер-міністра, старшыня дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам правядзення ўступных выпрабаванняў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Васіль Жарко. Перад пачаткам ЦТ у БДУІР ён прыйшоў у адну з аўдыторый. Сёння ў гэтай ВНУ беларускую мову здадуць 267 чалавек, але ўвогуле тут гатовыя прыняць да 2500 хлопчыкаў і дзяўчынак, запэўнівае рэктар БДУІР Вадзім Богуш. Максімальную колькасць абітурыентаў тут чакаюць на ЦТ па рускай мове, матэматыцы.

Васіль ЖАРКО пажадаў абітурыентам стаць студэнтамі тых ВНУ, у якія яны хочуць паступіць. 
Фота Віталя ПІВАВАРЧЫКА

Камісія яшчэ раз нагадвае: тэлефоны, сшыткі, кнігі, камп’ютары і іншае выкарыстоўваць нельга, як і перагаворвацца, мяняцца месцамі і іншае. Інакш — неадкладнае адхіленне ад удзелу ў ЦТ па дадзеным прадмеце. Пакуль ідзе пералік бланкаў, Васіль Жарко звяртаецца да хлопцаў і дзяўчат:

— Галоўнае — не спяшайцеся, не рабіце памылак, у вас часу хапае. Ніхто вас падганяць не будзе. Вы праходзілі рэпетыцыйнае тэсціраванне, ведаеце, як працаваць з тэстамі. Складанасцяў, калі вы добра вучыліся, няма. Удачы вам! Яшчэ раз: не спяшайцеся, усё атрымаецца. Жадаю вам стаць студэнтамі тых ВНУ, у якія хочаце паступіць!

Вось на першай парце сядзяць Таццяна Макаўчык і Мікіта Бортнік. Яна ўжо мае сярэднюю спецыяльную адукацыю і хоча ў БДУІР паступіць, каб атрымаць вышэйшую. Запісалася на 4 ЦТ — па беларускай, рускай мовам, фізіцы і матэматыцы. 19-гадовая дзяўчына запэўнівае, што не хвалюецца. 

Яе сусед Мікіта, які толькі-толькі скончыў школу, хоча таксама паступіць у БДУІР і працаваць са штучным інтэлектам. Шанцы ў яго нядрэнныя: школьныя балы — 94. Яшчэ тры ЦТ — і наперад у сучасныя тэхналогіі! 

— Буду глядзець, што лепш здам — беларускую або рускую. У цэлым не хвалююся, гатовы. Усё супер! — рэзюмуе хлопец. 

Так, пачалі бланкі раздаваць — паехалі! Праз дзве гадзіны ЦТ скончыцца. 

— Ва ўсіх аўдыторыях 41 навучальнай установы, дзе праходзяць ЦТ, ажыццяўляецца кантроль за ходам правядзення экзамена, — зазначыў Васіль Жарко. — Працуюць прыёмныя камісіі, ва ўсіх аўдыторыях ёсць прадстаўнікі дзяржаўнай камісіі. Усе тэсты адпавядаюць школьнай праграме. Тэсціраванне аб'ектыўнае і выключае ўсе маніпуляцыі з вынікамі. Гэта паказалі апошнія сем гадоў. Фактаў карупцыі няма, толькі аб'ектывізм.

Выходжу з ВНУ і гутару з Інай, якая чакае сваю дачку:

— Думала, пасяджу, пачакаю. Не магу: схадзіла, вось купіла часопіс сабе, каб не хвалявацца. Дачка ў мяне разумная, з матэматычным складам розуму. Будзе здаваць беларускую і рускую мовы, фізіку і матэматыку. Спадзяюся, ўсё будзе добра.

А як інакш? Хлопцы, дзяўчаты ды бацькі, усё будзе добра! Поспехаў!

kasel@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter