Хачу пазнаёміцца з ...бацькам

“Мой бацька Мікалай Пятровіч ЗМУШКА, 1936 года нараджэння, жыў у вёсцы Дудзічы Калінкавіцкага раёна. Ведаю, што напачатку 1950 года бацька, яго маці, брат Сяргей, сёстры Марыя, Тамара і Аня паехалі жыць у Калінінград. Затым ён пасяліўся ў горадзе Луганску, што ва Украіне. Там у яго была другая сям’я: жонка Ганна і двое дзяцей. Маці, брат і сёстры бацькі таксама праз нейкі час выехалі з Калінінграда. Я — сын Мікалая Пятровіча Змушкі ад першага шлюбу. Бацьку свайго не бачыў і зусім не ведаю. Вельмі хачу з ім пазнаёміцца, даведацца пра яго лёс. Буду рады, калі адгукнуцца і родныя па лініі бацькі. Мікалай Мікалаевіч Змушка, Верхнядзвінск”.

“Ад маці  я даведалася, што мой бацька па нацыянальнасці грузін. Калі пачалася Вялікая Айчынная, ён быў афіцэрам. Затым трапіў у фашысцкі палон, з якога ўцёк. Апынуўся ў сяле Пустынькі Свяцілавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Яго прытулілі бабуля Арына і дзед Змітрок. Мая маці Матрона Панкратаўна была іх нявесткай. У 1942 годзе яна атрымала паведамленне, што яе муж загінуў на фронце. Падумалі: вайна ёсць вайна, не ўсім суджана з яе вярнуцца, і маці пачала жыць з гэтым чалавекам. А ў сакавіку 1943-га нарадзілася я. Калі вызвалілі нашу вёску, бацька зноў пайшоў ваяваць. Нам пакінуў адрас, які напісаў на паперцы алоўкам, сказаў маме: “Схавай! Калі я не вярнуся, па гэтым адрасе знойдзеш маіх родных. Яны табе дапамогуць выхаваць дачку. А калі застануся жывым, я сам вас знайду”. Мы ўсё жыццё чакалі яго і не дачакаліся. Ішлі гады. Мама знайшла тую паперку з адрасам, але разабраць што-небудзь на ёй было цяжка. Прачыталі адно толькі слова “Сахадзе” — прозвішча майго бацькі. Маці гаварыла, што ён быў адукаваны, інтэлігентны, прыгожы. Расказваў, што ў яго ёсць маці, бацька, сястра Тамара — артыстка, муж у яе ваенны. Аднойчы, калі святкавалі 60-годдзе вызвалення Беларусі, я глядзела па тэлевізары перадачу. У ёй прымалі ўдзел ветэраны, выхадцы з розных краін, якія пасля вайны засталіся жыць у нашай рэспубліцы. І раптам адзін з іх кажа: “Я — грузін Сахадзе, ваяваў у Беларусі і пасля вайны жыву тут. Мне ўжо за 90. А гэта — мая жонка, медсястра. Я падумала: а ці не мой гэта бацька? Таму вырашыла шукаць. Таццяна Уладзіміраўна Дуброўская, Чачэрскі раён”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter