Источник: Знамя юности
Знамя юности

“Хачу ў парэчанскі лясок зайсці яшчэ, ну, хоць разок”

“Парэчча – слаўная мясціна”. Па слядах Якуба Коласа

Якуб Колас 95 гадоў назад напісаў «энцыклапедыю жыцця беларускага сялянства» – аўтабіяграфічную паэму «Новая зямля». Галоўныя героі – родныя паэта, месца дзеяння – хутар Альбуць. Мы прайшліся па мясцінах дзяцінства класіка, якія ён уславіў у сваім знакамітым творы.

Якуб Колас
«Цякла тут з лесу невялічка травой заросшая крынічка...»

Соф’я Міцкевіч 40 гадоў праводзіць экскурсіі ў філіяле «Мікалаеўшчына» дзяр­жаўнага літаратурна-мема­ры­яльнага музея Якуба Коласа ў Стоўбцах. Яна цікава распавядае пра жыццё знакамітага земляка, аздаб­ляе аповед радкамі з вершаў паэта. Я ні хвіліны не сумнявалася, што мяне чакае неверагоднае падарожжа па Альбуці – хутары, дзе сям’я Коласа пражыла 12 год.

Сядзіба знаходзіцца за пяць кіламетраў ад раённа-га цэнтра. Аўтамабіль паварочвае і едзе па лясной сцяжынцы, прыпыняецца, і далей мы ідзём пешшу. Праз некалькі метраў шлях замінае невялікая крынічка, праз якую раскінуўся драўляны мост. Пакуль крочым да хутара, Соф’я Пятроўна расказвае, адкуль пайшла яго назва:

– У князёў Радзівілаў пачаў абрывацца род: на­раджаліся дзеці, але не дажывалі да 13 гадоў. Каго толькі нi за­прашалі – ніхто не мог устанавіць прычыну. Радзі­вілы сябравалі з французскімі каралямі, таму Людовік XIV адправіў у Нясвіж свайго доктара Альбу. Прыехаў ён у горад, пачаў вывучаць метрычныя запісы і даведаўся з іх, што ў адным пакаленні князі жаніліся са сваімі стрыечнымі сёстрамі, каб не губляць багацці. У выніку дзеці нараджаліся з паслабленым імунітэтам ды паміралі. Як жа лекар дапамог? Яму вельмі падабалася дзяўчына-пакаёўка. Параіў Радзівілу прыгледзецца да прыгажуні. І выратаваў князь свой род – нарадзіўся ў яго хлопчык. А ў знак удзячнасці назваў мясціну ў гонар доктара.

Хата, у якой сям'я Якуба Коласа пражыла 12 гадоў

Вось мы і падышлі да знакамітай Альбуці, дзе маленькі Кастусь Міцкевіч (сапраў­днае імя Якуба Коласа. – Прым. «ЗН») навучыўся чытаць, напісаў свой першы верш. Па лясной дарожцы хадзіў у народнае вучылішча ў вёску Мікалаеўшчына. У «Новай зямлі» паэт называе Альбуць Парэччам: 

Парэчча – слаўная мясціна, 

Куток прыгожы і вясёлы:

Як мора – лес, як неба – долы,

Зіхціць у кветках лугавіна...

«Ды йзноў бяда: праз год вясною згарэла хата з варыўнёю…»

У прасторным двары, абгароджаным парканам, знаходзяцца хата, вялікі хлеў, гумно. Ляснік Міхал Міцкевіч з жонкай і дзецьмі прыехаў у Альбуць з Ластка. Аднак праз год пасля пераезду сям’ю напаткала гора, расказвае Соф’я Пятроўна:

– На сядзібе адбыўся пажар, які знішчыў усё датла. Засталіся без хаты, хлеба ды адзення. Пакуль бу­давалі новы дом, Міцкеві­чы жылі ў зямлянцы, а пасля выкарыстоўвалі яе ў якасці пограба.

У музеі адкрыта экспазіцыя «Дзедаў човен»

Зараз не засталося напамінку аб той страшнай падзеі. Перад уваходам у хату раскінуліся зялёнай аркай вербы, побач расце ліпа, якую вельмі хораша апісаў Якуб Колас у паэме:

Садок быў, праўда, невялічкі:

Дзве верабіны ды тры дзічкі

Ды між верб ліпка маладая,

Бы іх унучка дарагая.

Ля печы ўвіхалася маці паэта

– Вось яна, – паказвае на дрэўца экскурсавод. – На жаль, стогадовую ліпу зніш­чыў ураган, які прайшоў­ся па Стаўбцоўшчыне ў 1997 годзе. Аднак корань застаўся жывы і даў новыя парасткі. 

Заходзім у хату. Здаецца, што гаспадары ненадоўга яе пакінулі і ў хуткім часе пакоі напоўняцца галасамі і смехам дзяцей, маці Ганна будзе ўвіхацца ля печы, на падворку пачне працаваць дзядзька Антось. Соф’я Пятроўна паказвае фотаздымкі родных класіка, якія сталі прататыпамі галоўных герояў «Новай зямлі»:

– Старэйшыя браты паэта – Уладзімір і Алесь. Пасля Кастуся нараджаліся ў Міцкевічаў дзяўчынкі, але яны паміралі. Знахарка сказала назваць нованарод­жаную мужчынскім іменем. Так у сям’і Міхала і Ганны з’явілася Міхаліна, ці скарочана Міша. На гэтым здымку Яська Базылёў – «дарэктар з вузел ростам». Хлопец вучыў дзяцей грамаце. 

У святліцы захаваўся вялікі стол, які змайстраваў Антось. У куце – печ, на якой праляжаў свае апошнія дні бацька Якуба Коласа, распавядае Соф’я Міцкевіч:

– Пасля пажару ён пачаў моцна хварэць – балеў страўнік. Памёр ад язвы, калі Кастусь выпускаўся з Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. За пад’ёмныя грошы сын купіў родным падарункі, аднак бацька сваім (брытвай) так і не паспеў пакарыстацца. Усе клопаты ляглі на плечы малодшага брата Міхала – дзядзькі Антося. Ён дагля­даў гаспадарку, займаўся з пляменнікамі. 

«Эх, зараслі вы, пуцявіны...»

Дзе калісьці былі гумно і хлеў, зараз размясціліся музейныя экспазіцыі. Першая выклікае інтарэс у дзяцей, бо знаёміць іх з флорай і фаўнай, праводзіць экскурс Соф’я Пятроўна:

– Якуб Колас быў заядлым грыбніком, любіў прайсціся па сваіх мясцінах, калі прыязжаў дадому. Умеў ён таксама распазнаваць на снезе сляды звяроў. Ёсць у нас і хатка знахаркі. Маці паэта добра разбіралася ў лекавых раслінах і дачок сваіх вучыла. Дзеці часта хварэлі, таму Ганна Юр’еўна пастаянна варыла мазі і рабіла настойкі.

Дзядзька Антось многія рэчы ў хаце рабіў сваімі рукамі

Па раздзелу «Новай зямлі» «Дзедаў човен» у гумне адкрыта экспазіцыя па бортніцтву, рыбалоўству і сельскай гаспадарцы. Дзядзька Антось быў на ўсе рукі майс­тар, адзначае экскурсавод:

– Разводзіў пчол. Ставіў рамы з сотамі ў борці, закрываў даўжнічком, а зверху ставіў сноп збажыны або трыснёгу. Спачатку вуллі размяшчаліся высока на дрэвах, што было нязручна, пасля іх сталі ставіць на зямлю. Быў Антось і добрым рыбаком, але вуду не любіў, бо, як ён казаў, гэта панская маруда, таму лавіў рыбу сеткамі, сачком. 

Гаспадарка ў Міцкевічаў была вялікая: жарабец, бык Мікіта, які «на ўсіх глядзеў сярдзіта», карова, дзве цялушкі. Каб усіх жывёл пракарміць, набылі сячкарню, з дапамогай якой здрабнялі салому на сечку. 

...Шмат гадоў у Альбуці ніхто не жыве. Змяльчэла крынічка, што сустракае гасцей, якія наведваюцца на хутар, пусціла новыя парасткі векавая ліпа, не гучаць галасы ў старой хаце. Толькі старонкі «Новай зямлі» захоўваюць Парэчча, дзе прайшло дзяцінства знака­мітага класіка. 

tochickaya@sb.by,

фота аўтара


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...