102-й Новый год встречает ветеран войны и труда Владимир Карак из слуцкой деревни Исерно

«Хачу дачакацца яшчэ адной вясны»

Амаль паўтысячы доўгажыхароў Беларусі ў соты раз сустракаюць Новы год. Пераважная большасць з іх — вясковыя жанчыны. За апошнія дзесяцігоддзі працягласць жыцця ў нас вырасла. Пабольшыла састарэлых. Класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч пісаў, што ёсць такія вёскі, дзе спакон вякоў сяляне жывуць па 100 і болей гадоў. У сталічным рэгіёне найбольшая колькасць такіх людзей у Слуцкім раёне. 

Доўгі век падараваны лёсам ветэрану вайны і працы з аграгарадка Ісерна Уладзіміру КаракУ. Нарадзіўся ён у 1918 годзе ў сялянскай сям’і. Закончыў педтэхнікум і завочна вучыўся ў Белдзяржуніверсітэце. У час службы ў арміі пачалася вайна. Уладзімір Карака прайшоў франтавымі дарогамі. Пасля цяжкага ранення лячыўся ў ваенным шпіталі. Святочны пінжак яго ўпрыгожваюць ордэн Айчыннай вайны II ступені, медалі «За ўзяцце Будапешта», «За ўзяцце Вены», «За перамогу над фашысцкай Германіяй». 

На родную Случчыну ён вярнуўся інвалідам. Займеў сям’ю. Амаль паўвека настаўнічаў. Многія выхаванцы вясковага педагога працягваюць справу бацькоў-хлебаробаў.

Уладзімір Ціханавіч з жонкай Евай Кузьмінічнай, таксама педагогам, выхавалі дачку Галіну, сыноў Міхаіла і Валерыя. У навагодняе свята шаноўнага ветэрана вайны і працы віншуюць сваякі, аднавяскоўцы, выхаванцы. 


— Уладзімір Ціханавіч, за ваш доўгі век які Новы год самы памятны?

— Калі па-сапраўднаму верыў у цуды, побач былі маладыя бацькі. Маю слуцкую вёску Ісерна ў той неспакойны час па чарзе захоплівалі то кайзераўскія войскі, то белапалякі. Калі ўсталявалася савецкая ўлада, аднавіліся заняткі ў пачатковай школе. Зімы былі снежныя, з маразамі. Да школьнага будынка ад нашай хаты недалёка. Вясковыя сем’і былі вялікія. У мяне быў старэйшы брат Іван і мала­дзейшыя за мяне Міхаіл і Мікалай. Было яшчэ два брацікі. Яны рана памерлі. І сястра Роза. Яна ў Слуцку закончыла сярэднюю школу і пасля вайны паступіла вучыцца ў Пінскі гідрамеліярацыйны тэхнікум. Працавала ў Бабруйскім абкаме партыі. Потым вярнулася ў родную вёску і зараз там жыве. Дачка забірае яе на зіму ў горад.

Сённяшнія зімы не параўнаць з тымі. У Піліпаўку снегам замятала вёску. З раніцы бацькі пратоптвалі сцежку да школы. Малодшыя браты пазней пайшлі вучыцца. У школу яны хадзілі ўжо ў чаравіках. А я ў лапцях праз сумёты бегаў на заняткі. Маці спрытна пляла іх з лазы. Дзецям з бедных сем’яў у школе бясплатна выдавалі чаравікі. Пасля ўрокаў да лапцяў прывязваў драўляныя канькі з абітым тоўстым дротам і ляцеў на лёд. А як вясною з’яўляліся першыя прагаліны, басанож хадзілі ў школу. З раніцы да абеду вучоба, а потым падмяняў брата Івана ля статка. Мы пасвілі паўтара дзясятка сялянскіх кароў.

Аднойчы прабіў на цвік нагу, стала нарываць. Мне было гадоў дзесяць. Маці да раны прыклала забітую жабу і абматала анучкай. Дапамагла сесці на каня, і я паскакаў. Раніцай вярнуўся, разматаў павязку — і быццам раны не было. 

Зімою вучыліся. Настаўніца не давала расслабіцца. Да навагодняга ранішніка ўсім класам рыхтавалі сцэнкі пра звяроў і птушак. Мне выпала быць буслам. Пасля заняткаў рэпеціравалі. Перад сябрамі, бацькамі выступалі. З лесу ў школу прынеслі елачку і ўпрыгожылі папяровымі ланцужкамі, гірляндамі з саломкі. Забаўна і весела было. Такім запомнілася далёкае навагодняе свята дзяцінства. 

— А як адзначалі Каляды?

— Па вёсцы хадзілі калядоўшчыкі. Звычайна яны міналі наш дом: ведалі нораў гаспадара. Бацька Ціхан Цярэнцьевіч пры царскай уладзе закончыў пачатковую школу. Пасля рэвалюцыі ўступіў у партыю. Кіраваў калгасам у суседняй вёсцы Рудня. Пазней узначальваў МТС у мястэчку Покрышава. Яго выбіралі сакратаром Грэскага райкама партыі. Служыў і камісарам Слуцкага раёна. Памятаю, як загадаў маці, каб паздымала з покуці абразы. Яна іх употайкі схавала.

— А ў студэнцкія гады як сустракалі Новы год?

— Маё студэнцтва пачалося ў 1934 го­дзе, калі пасля заканчэння сямігодкі вучыўся ў Слуцкім педвучылішчы. Пад гармонік ладзілі вечарынкі. Так адзначалі наступаючы 1935 год. Зіма лютавала. Трашчалі маразы. Закончыў вучобу ў педвучылішчы ў 1937 годзе. Завочна вучыўся на гістарычным факультэце Белдзяржуніверсітэта і настаўнічаў у пачатковай школе слуцкай вёскі Буркі. Вучняў было больш за дваццаць. Я адзін у ролі настаўніка і дырэктара. 

— Усё, як у літаратурнага героя Якуба Коласа Лабановіча з аповесці «На ростанях».

— Як і коласаўскі герой, харчаваўся ў вясковых гаспадароў. Плаціў ім 20 рублёў штомесячна. За такія грошы можна было купіць абутак. Перад Новым годам у школу прыслалі яшчэ аднаго педагога. Разам з вучнямі сустракалі 1938 год. Упрыгожылі ялінку. Зладзілі ранішнік. Дзецям весела было, і нам цікава. 

Потым настаўнічаў у сямігодцы. Там на навагодняе свята нанялі музыкаў з-за Грэска. Яны прыехалі з меднымі трубамі, бубнам. Іграла скрыпка. У навагоднюю ноч 1939 года да раніцы гулялі сельскія настаўнікі. Увосень мяне прызвалі на службу ў Чырвоную Армію.

— 1940 год вы сустрэлі ў салдацкім шынялі?

— Радаваўся, што ў навагоднюю ноч не адправілі ў нарад. У салдацкай сталоўцы пад Барысавам кухары наладзілі святочную вячэру. На сталах былі белы хлеб, духмяны кампот з сушанай садавіны, талеркі поўніліся мясам. Панаваў узнёслы настрой. Камандзір павіншаваў нас з надыходам 1940 года. І наступны Новы год сустрэў салдатам. А летам грымнула вайна. Наша танкавая часць стаяла на ўскрайку Гомеля. Памятаю, як ноччу схапіліся ад гулу самалётаў і бамбёжкі. Не было і пяці гадзін раніцы. Гітлераўскія самалёты першымі бамбілі афіцэрскія казармы. Узнялася паніка. Мы не ведалі, куды кідацца. Праз нейкі час па радыё паведамілі пра вераломны напад гітлераўскіх войскаў. 

Паступіў загад грузіцца на чыгуначныя платформы. Танкі пакінулі, таму што не было паліва. Па чыгунцы нас даставілі ў Тамбоў і адтуль на Паўночны фронт. Спыніліся ў Волагдзе. Зіма выдалася суровая. Узнікла праблема з харчамі. Мы збіралі бярозавыя шышкі і варылі іх. У навагоднюю ноч 1942 года паабяцалі ўзмоцнены харчовы паёк. Але так не атрымалася. Па-армейску сустракаў 1943 і 1944 гады.

Пасля таго як нас перакінулі ў Казань, мяне прызначылі камандзірам паркавага ўзвода. У саставе 3-га Украінскага фронту мы прымалі ўдзел у вызваленні ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў паўднёвай часткі Украіны, Бесарабіі, Венгрыі, Аўстрыі.

— Надыходзіў студзень апошняга года вайны. Як вас прымалі народы Еўропы? 

— 1945 год мы сустрэлі на ўзбярэжжы возе­ра Балатон. Паркавы ўзвод, якім я кіраваў, прымаў удзел у чарговай ваеннай аперацыі. Венгры нас частавалі вінаградным віном. Мы жылі адзінай думкай пра заканчэнне вайны. Я не ведаў, што ў баі з ворагам на Каўказе ў 1942 годзе загінуў старэйшы брат Іван. Потым, калі вярнуўся дамоў, ад бацькоў пачуў сумную навіну. Наша сям’я ўсю вайну правяла ў бежанцах. 

— Калі вы ўбачыліся з роднымі?

— Пасля пераможнага мая 1945 года наш узвод пакінулі ў Аўстрыі. За тыдзень да надыходу 1946-га ў баі з бандфарміраваннямі мяне цяжка параніла. Новы год сустракаў на шпітальным ложку ў Харкаве. Дамоў вярнуўся з кавенькаю ў руках увосень 1946 года. Сем гадоў не бачыў родных. 

Ева і Уладзімір КАРАКІ з дзецьмі, 1953 год.
Фота аўтара.
На вясковым вяселлі кінулася ў вочы маладзенькая дзяўчына. Запрасіў яе на вальс. Адкінуў кавеньку, і закружылі ў танцы. Правёў дамоў. Ева на дзесяць гадоў маладзейшая за мяне. Пажаніліся. Яна таксама закончыла Слуцкі педтэхнікум. Разам настаўнічалі ў вясковых школах. 

На навагодняе свята заўжды ў нас ззяла ўбранствам ялінка. Цяпер унук Валодзя гаспадарыць на падворку. Нарадзіўся і вырас ён у сталіцы. На канікулы дачка Галіна прывозіла яго да нас. Хлопчык дапамагаў упраўляцца па гаспадарцы. Восьмы год як не стала маёй жонкі Евы Кузьмінічны. Аднаму самотна. Дачка Галіна ў халодны час года забірае да сябе ў Мінск. 

Радасцю для нас стала, калі Валодзя прывёў у дом Марыну. Яна доіць кароў на малочна-таварным комплексе «Гуляева». Уладзімір таксама жывёлавод. Цудоўна гаспадараць яны дома. Усе чатыры мае ўнукі не забываюць шлях да дзедавага парога. Падрастае чацвёра праўнукаў. Старэйшы Алёша Чэрашнеў на днях адзначыў дваццацігоддзе. Ён служыць у Віцебску. Род працягваецца. 

— Уладзімір Ціханавіч, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, вы пакарылі стогадовы рубеж і крочыце далей па жыцці. Вучоныя сцвярджаюць: на здароўе і даўгалецце ўплываюць генетычныя асаблівасці — 25 працэнтаў, астатнія 75 працэнтаў залежаць ад кожнага з нас і навакольнага асяроддзя. А як вы лічыце?

— Так, пэўна, яно і будзе. Двое меншых маіх братоў малымі памерлі ад хвароб. Старэйшы брат Іван маладым загінуў на фронце. Мікалай і Міхаіл пражылі крыху болей за 70 гадоў. Сястра Роза размяняла дзясяты дзясятак. А я ад жніўня адлічваю 102-і год. Жыў так, як набягала. Здзіўляюся, як людзі лёгка мяняюць прафесіі. Я ўдзячны лёсу, што да выхаду на пенсію займаўся любімым настаўніцтвам. 

— У навагоднюю ноч звычайна загадваюць мары. А ў вас яны якія?

— Дачакацца яшчэ адной вясны — маёй любімай пары года, калі ўсё навокал ажывае. Выйдзеш на ганак — усё красуе, і ты быццам не век пражыў, а гадоў сорак.

— З Новым 2020 годам вас, шаноўны Уладзімір Ціханавіч! Няхай доўжыцца ваш век!

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter